Лазару хацелася абарваць Кірылу якім-небудзь каварным пытаннем: а дзе ты быў у вайну і чаму не захацеў сам паспытаць рамантыкі? Такое пытанне было непрыемна Богшу сваёй дробязнасцю. Ён ведаў, дзе пражыў усю вайну Кірыла Лыкавязаў і чаму не трапіў у армію і на фронт. Ведаў, праўда, са слоў самога Кірылы, які ўмеў маляваць сваё жыццё ў таежным пасёлку ў камічных фарбах.
— А ці не зблытаў ты рыцарскія турніры з сучаснымі войнамі, а опернае адбыванне палону князем Ігарам у Канчака з фашысцкімі лагерамі смерці? — спытаўся Богша ў Лыкавязава.
— Не, не зблытаў, — вельмі паспешліва адказаў Кірыла. — Я не давёў сваю думку да канца, і ты можаш абвінаваціць мяне ў нелагічным мысленні. Смерць Каці... Рызыка ў кіно... Праўда мастацтва... Жахі вайны... Выраджэнне сытым жыццём... Ці не праўда, бяссэнсіца вар’ята. Не, мой мілы, усё абумоўлена і моцна звязана. Аднойчы напалоханы абывацель будзе напалоханы на ўсё жыццё. I ўжо сам стане палохаць другіх...
Кірыла біў бязлітасна, без аглядкі. Нібы навечна рваў з Богшам не толькі дружбу, але і звычайныя чалавечыя адносіны, як ірвуць іх з пракажоным. Яму хацелася выйграць.
— Ты здурэў! — абурыўся Богша.
Кірыла яго не пачуў, ён прадаўжаў гаварыць як апантаны:
— А калі мастак, які палохае, ды яшчэ таленавіты, нават геніяльны? Тады ён з такой дакладнасцю, з такім напалам страсцей распіша жахі, што хоць кладзіся і памірай. I ўсё ў імя праўды мастацтва. Дык ці не таму табе спатрэбілася смерць Цюкі? Ты і праўда спаліў яе ў імя тваёй фальшывай праўды. Я ўсё рабіў, каб у фільме хоць на імгненне прамільгнуў агеньчык аптымізму. Усё рабіў.. Але прадухіліць трагедыю не мог. Ты разбэсціў Цюку, зачараваў яе сваёй выдуманай праўдай мастацтва. Яна і запатрабавала, каб я хоць у гэтым эпізодзе не адступіў ад твайго рэжысёрскага сцэнарыя. Я не адступіў, і яна згарэла. Цяпер я сказаў, што хацеў...
Богша разгублена маўчаў. Раптам Кірыла вылез з-за стала, пайшоў у спальню, паваліўся на палаці. Богша няўцямна глянуў на Зою.
— Што гэта? Маналог у стылі сярэдневяковай трагедыі? Героя якраз хапае на тое, каб выказацца і памерці? Ці прытворства?..
— 3 ім бывае, — адказала Зоя. — Не зважайце. Заўтра ён не зможа ўспомніць ніводнага слова...
Так яно і было.
Перад Богшам пранеслася ягонае і Цюкіна жыццё, як вогненны шар маланкі. Кірыла ўсё стаяў на месцы. Здалося, пранесліся гады, а ён не саступіў і на крок. Стаіць і глядзіць на яго...
Эпізод чацвёрты (працяг першага): дыскусія на адвольныя тэмы
— Нарэшце, — сказаў Кірыла Лыкавязаў, зрабіўшы тры баксёрскія крокі насустрач Лазару Богшу. Ягоная правая рука, здавалася, нанясе ўдар знізу, але, напаткаўшы па дарозе Богшаву, толькі моцна паціснула яе. — Кажуць, што ты ўчора ўрэзаў?.. Час бы і спыніцца...
— Хто кажа?.. Якое глупства! — Богша адказаў з той праўдзівасцю ў голасе, што бывае ў грэшніка, які хоча забыцца пра зямныя грахі.
Па шчырасці дык яму было брыдка хлусіць, ды і не было на тое важкіх прычын, але яшчэ больш брыдка было прызнацца ў свінстве, няхай і невялікім, але якому іншага вызначэння і не выбераш у багатай матчынай мове.
Кірыла ўзяў Богшу пад руку, з нечаканай таямнічасцю спытаў, быццам адкрываў найвялікшую тайну:
— Ці чуў ты, што прыехала Рыма Сяргееўна Громава?
— А чаго? Па ахвяры?..
— Я мяркую, не дзеля таго, каб пляскаць табе ў ладкі, — сказаў Кірыла і зарагатаў са свайго жарту.
"Я недзе ўжо чуў гэта", — раптам падумаў Богша, і ў ягонай галаве балюча заварушыліся ўспаміны.
— Ты ніколі не падарожнічаў на той свет? — спытаўся ён у Кірылы.
— Не, — весела адказаў той, падумаўшы, што Богша жартуе. — Не падарожнічаў і хачу як мага надалей аднесці гэтае прыемнае падарожжа.
— А я падарожнічаў, — што-кольвечы прыгадваючы з начных трызненняў, сказаў Богша.
— Відаць, не дужа спадабалася, калі так хутка вярнуўся назад.
— Мне адсеклі там галаву, — сказаў Богша з той сур’ёзнасцю, што дае падставу пачуць у ёй адмысловы жарт.
— Спадзяюся, аперацыя была не дужа цяжкай і пад агульным наркозам?
— Уяві, без наркозу...
— Жахліва... Яны, мабыць, не здагадваліся, якія думкі раяцца пад яе чарапком, а то схапілі б яе і насілі б з сабой, як самы дарагі палон, — пажартаваў Кірыла таксама з сур’ёзным выразам на твары.
— Не, Кірыла, яны якраз здагадваліся, — вельмі сур’ёзна адказаў Богша. — Таму баяліся маёй галавы. Яна магла адкрыць ім вочы, пасеяць сумненні ў душах, задумацца над сабой і сваім ханам, над яго парадкамі. Уяві сабе, дзесяткі тысяч мангольскіх воінаў, якія звязаны адзінай мэтай, спосабам жыцця, памкненнямі і намерамі, а значыць, і адной думай і верай у праўду іхняй агульнай справы. У іх ніякіх сумненняў наконт заваёвы чужых зямель, забойства тысяч людзей, ніякіх разважанняў наконт дабра і зла. Ды ім і непатрэбна думаць. За іх думае хан. А тут раптам галава са шматвяковым гістарычным вопытам. Ад такой станеш уцякаць...
— Гэта што? Прытча?.. Не сказаў бы, каб вельмі арыгінальная, — Кірыла быў разгублены, а таму лішне катэгарычны.