— Даруй, Кірыла, — пранікліва сказаў ён, — я і праўда ненармальны. Але я ведаю, што хачу. Скажы мне сваю думку пра фільм. Толькі, калі можаш, шчыра.
Кірыла нечага даволі доўга маўчаў. Богша нават падумаў, што той адгаворыцца пустымі фразамі.
— Ты ж ведаеш маю пазіцыю. Я выказаў яе на мастацкім савеце, — сказаў Кірыла іншым і як бы афіцыйным тонам. — Я і не разумею, навошта патрэбны гэты фільм? Што зацікавіць у ім гледача? Князі? Іх міжусобіцы? Бітва на Нямізе, адна з дзесяткаў падобных ёй сваёй ганебнасцю бітваў? Эпоха, у якой не было колькі-небудзь выдатнай асобы? Святая Ефрасіння, якая не можа пераадолець інерцыю свайго к ласа? Ці, можа, ты спадзяваўся, што цябе вывезе аўтар "Слова аб палку Ігаравым"? Але ён асоба больш чым міфічная, якая, бадай, і не існавала. Кажуць, што і аўтара і яго "Слова" прыдумалі ў васемнаццатым стагоддзі. А калі ты з міфічнай асобы робіш героя, дык ці не выглядае гэта тэндэнцыйнай спробай адарвацца наогул ад рэальнасці і ў той жа час паказаць яе ў ідэальным выглядзе? Іначай навошта было б гарадзіць загароду. Адчуваю, ты спытаеш зараз, а хіба нельга здымаць фільмы на гістарычныя тэмы? Чаму ж, калі з гісторыі бяруцца нейкія важныя падзеі або сапраўды вялікія людзі, чые справы заслугоўваюць увагі нашых сучаснікаў. Я не стаў бы выступаць супраць. Але нейкія дробныя князькі... Князькі, якія чортведама чаму ваююць паміж сабой. Я бачу тут...
— Не, не, — перапыніў яго Богша, — у нас няма небяспекі зрабіцца князямі. Але мы з табой можам ператварыцца ў князькоў. Во ў чым сэнс...
— Ну, выбачай, пераканаў, але якраз у адваротным.
— Я зразумеў цябе, Кірыла. Ты памыляешся, калі думаеш, што гісторыя маралі не мае працягу і вытокаў, што мараль кожны раз зноў стваралі пануючыя класы па свайму вобразу і падабенству. Не, Кірыла, адтуль, з далёкіх глыбінь старажытнасці, да нас дайшлі не толькі фаліянты мёртвых летапісаў, адтуль прыйшлі людскія страсці: і подласць, і вернасць, і крывадушнасць, і вера ў будучыню, і вернае каханне, і смерць. I мяне захапілі ў сцэнарыі не знешнія прыкметы таго часу, хоць я стараўся перадаць іх не проста добрасумленна, а як найбольш верагодна, мяне захапілі напружанне думкі, жывое трапятанне часу і, як крык душы чалавечай, — "Слова аб палку Ігаравым". Не трэба, Кірыла, ператвараць у міф тое, што існуе рэальна. I не проста існуе. Яно прымушае думаць. Тады, у дванаццатым стагоддзі, невядомы чалавек, пісьменнік, кажучы словамі сённяшняга слоўніка, ідзе насуперак даўняй традыцыі апяваць княжацкія паходы і падымаецца — заўваж, Кірыла, падымаецца над родавай псіхалогіяй, над удзельнымі інтарэсамі. Смеласць аднаго ці адзнака эпохі? I тое і другое. Але ж павінна была і саспець такая думка. I спела яна ў манастырах, дзе можна было схавацца, каб падумаць пра час і пра сябе. I спела яна ў княжацкіх ды баярскіх дварах, дзе была магчымасць набірацца кніжнага розуму. Народ жа, Кірыла, быў тады непісьменны. Хоць і ён даваў смелых мысліцеляў, якія гатовы былі загінуць, абы сказаць князю праўду. Такія, як Даніла Заточнік...
— I ўсё роўна я не пагаджуся з табой, — сказаў Кірыла. — Мне зусім нецікава слухаць людзей, што адышлі ў нябыт, як і іхнія погляды. Яны нічаму не могуць мяне навучыць...
— Так некалі думаў і я. Пачне, бывала, раіць мне нешта маці, я слухаю яе з маладым іранічным нахабствам: ну, што яна, старая, разумее? А яна разумела, і заўсёды выходзіла не па-мойму. Чаму мы адмаўляем мінуламу права на ўрокі? Толькі таму, што ў сваёй гардыні спадзяёмся, што дадумаліся да таго, да чаго нашы адсталыя продкі ніколі б не дадумаліся. Мы і не ўяўляем пра чацвёртае вымярэнне, якім з’яўляецца час. А я пабыў у ім. Раю і табе, Кірыла, некалі заглянуць туды.
— Мяне ніхто не адарве ад сучаснасці, — з катэгарычнай цвёрдасцю сказаў Кірыла.
— Я не хачу адрываць цябе. Я не разумею іншага, чаму ты не хочаш, каб я бываў там.
— Няўжо ты не можаш знайсці тэмы ў нашым імклівым, дынамічным часе? Чаму ты ўцякаеш у мінулае, Богша?
— Падазраеш? А я, Кірыла, ваяваў, паспытаў нямецкіх лагераў, у той час як ты знаходзіўся ў далёкім тыле, пры бацьках. Не трэба мяне падазраваць у тым, чаго ў мяне нават не было ў думках.
— Ты таму і разбудзіў мяне, каб абражаць?
— Я разбудзіў, каб ты не спаў у поўнай упэўненасці, што праўда заўсёды на тваім баку.
— Хочаш, каб я быў яшчэ і ўдзячны?
— Я падазраю, што ты развучыўся ўжо разумець сэнс звычайных слоў. Ты, Кірыла, абкружыў сябе бяздарнасцямі, якія пяюць табе гімны, як пелі песні князям, каб праславіць іхнія бяздарныя паходы. Ты прагнеш выглядаць волатам, але забываеш, што спачатку паклапаціўся, каб побач з табой былі карлікі. Ах, Кірыла, Кірыла!
— Ты дзеля гэтага і разбудзіў мяне?
— А хіба не варта?
— Твайму свінству і хамству няма ні межаў, ні назвы. Але я дарую табе...
— Якое высакародства!..
Яны абодва амаль разам паклалі трубкі, каб не чуць абразлівых тэлефонных гудкоў.