Читаем Толькі не гавары маёй маме полностью

Абавязкова скажу пра ногi. Чамусьцi напры­канцы стагоддзя большасць чалавецтва лi­чыць, нiбыта прыгажосць дзяўчыны вымяраец­ца даўжынёй яе нiжнiх канечнасцей. А пра кiтай­скую частку чалавецтва лепш i не згадваць, бо iспанская iнквiзiцыя з яе знакамiтымi ботамi не вырабляла таго з нагамi дзяўчат, што рабiлi з iмi вузкавокiя шанавальнiкi Канфуцыя. Ну i густы! Ну i ўмоўнасцi! Мне сорамна за чалавечы род. Таму, не саромеючыся, напiшу: у Агi былi крываватыя голенi, шырокiя сцёгны i танюткiя шчыкалаткi. А яе ступакi былi вузкiя, з доўгiмi пальчыкамi, на якiх ружавелi дагледжаныя пазногцi; вось iх лёгка i хутка засмоктваў вiльготны i прахалодны пясок. Каб маю мадзьярку не праглынуў Фiнскi залiў, давялося сабраць у кулак усю сваю мужнасць i паўстаць з плыткай вады. О!.. Вылецела з Агi здзiўленне. Перакананы, я не спалохаў яе, бо не вызначаюся нi шырынёю, нi даўжынёю, нi таўшчынёю ў тых самых месцах, што да пэўных iмгненняў мужчыны прыхоўваюць ад жанчын. Я ўсё ж вырашыў, што iмгненне раскрыцца не надышло, i ўзяў Агi на рукi. З Агi на руках я падумаў, што сапраўдную адзiноту можа адчуць толькi аголены чалавек.

* * *

Прывiтанне, Адам.

Даўно не атрымлiвала тваiх лiстоў, дый сама даўно не пiсала. Лiставанне згасае. Сумна. Раней ты пiсаў мне штодня, я вымала са скрынi па тры-чатыры лiсты.

Я перачытвала iх, я плакала...

У мяне шмат-шмат розных спраў, бо лепшая мая сяброўка, Эржэбэт, выходзiць замуж. Заўтра вяселле. А я нi на хвiлiну не магу яе ўявiць як сапраўдную сур’ёзную жонку. Яна невысокая (148 сантыметраў), а выглядае i зусiм як дзяўчо. Яе муж таксама зусiм-зусiм маленечкi. Атрымалася лялечная пара...

Даруй, Адаме, але нi ўчора, нi пазаўчора я не змагла скончыць лiст. Пазаўчора мяне паклiкалi дапамагчы пячы вясельны торт, i я правалэндалася з iм ледзь не да самае ранiцы.

Мая сяброўка Эржэбэт была непараўнальна прыгожая ў белай вясельнай сукенцы. На жаль, iшоў дождж, i ёй давялося цэлы дзень праседзець цi ў машыне, цi ў доме.

Гасцей прыйшло мноства, i ўсе былi сапраў­ды вясёлыя, нягледзячы на холад i вецер. Нас добра падвясельвалi прыстойны ансамбль i чырво­нае вiно.

Самое вяселле гулялася ў Культурным доме. У вялiкай зале а 8-й вечара пачалася ўрачыстая вячэра, пасля якой мы танчылi. А ў гадзiну ночы за грошы танцавала новая жонка. Я таксама выклала сто форынтаў. Пад ранiцу, калi ўжо развiднела, мае бацькi паехалi на аўтобусе дамоў, а я з братам засталася. Чалавек дваццаць пяць разам з ансамблем праводзiлi маладых. Каля дома новай жонкi мы танчылi i пiлi палiнку. Маладыя танцавалi на стале. Яны былi такiя акуратныя, што нагадвалi завадныя лялькi, асаблiва новы муж у чорным круглым капялюшыку з вузенькiмi палямi. I ў гэты момант, на адно iмгненне, мне зрабiлася сумна. З дома новай жонкi Эржэбэт мы пайшлi да дома новага мужа, Ласла, дзе зноў пiлася палiнка i ладзiлiся скокi на стале, але не вельмi акуратныя, а таму i не сумныя.

Калi вярталася з вяселля, подумала, што чалавек вельмi адзiнокi ў сваёй сутнасцi. Толькi зрэдку знаходзiцца цi, хутчэй, сустракаецца нехта iншы, хто не раздражняе i здаецца разумнейшым за цябе. Падобнае адбываецца ў творчасцi. Ты доўга шукаеш гармонiю i толькi аднойчы адчуваеш: твая iстота знаходзiцца ў суладдзi са светам, гармонiя склалася. Ты ледзь-ледзь паспяваеш усвядомiць зачараванне вялiкага суладдзя, як заўважаеш — усё зноў змянiлася, i суладдзе расцерушылася ў пыл, у нiшто, бясконцае i сцюдзёнае, як лiстападаўскiя вятры.

Ты меў рацыю, калi сказаў там, каля Фiнскага залiва... Толькi дзiця адчувае сябе добра, бо яно знаходзiцца ў гармонii з сусветам; самотнае «я» не выкрышталiзавалася.

Я доўга-доўга не магла заснуць, было кепска ад палiнкi, ад вiна, ад торта, ад танчання, а ўвач­чу круцiлася i скакала на стале цацачная паўра маладых.

Падумалася... Я змагла б з табою гаварыць, гуляць у смарагдавых парках i мацiцовых скверах, на­ведваць самыя незвычайныя музеi, накшталт Кунст­камеры, з яе заспiртаванымi зародкамi ды вырад­камi; але для цябе я была i засталася як проста чарговая, выпадковая, вымушаная знiкнуць дзяўчына.

Чаму так трагiчна? Пазнаёмiлiся, нешта ўтва­рылася мiж намi, а потым адносiны складаюцца так, быццам бы нiчога не здарылася.

З-за стомы я панапiсвала глупства. Даруй.

Татахоза. 1976. Жнiвень. 26.

* * *

Перейти на страницу:

Похожие книги