Читаем Трава і камень полностью

Што вынырнулі з морскай глыбіні,

Каб хоць нядоўга сонцам любавацца,

Што выбралі сабе Зямлю,

Але няма за гэта дзякаваць каму.

1967

***

Снягі там цяпер — пад стрэхі,

з якіх капяжы — як свечкі.

Бацька з палонкі свежай

поіць карову з авечкай.

Пасля ён рукой беражлівай

кладзе ім у яслі сена.

I маці з даёнкай ля вымя

апусціцца на калені.

Мне трэба той край праведаць,

пяшчотна цяля пагладзіць

і бачыць, як скупа, ды светла

жыццё плыве ў згодзе і ладзе.

Мне трэба, мне дужа трэба

сесці за стол бацькоўскі

і лустаю чорнага хлеба

прычасце зрабіць да спакою.

1966

БРАТ

Лепей давай памаўчым,

можа, абодва ўбачым:

п’юць ля калодзежа коні,

пысы ўзнімаюць —

                    падае з вуснаў вада.

А на высокім схіле

іх велізарныя цені.

Гэтак заходзіць сонца.

Бусел на даху.

Як дзень прамінулы.

Стаіць і глядзіць.

Адчынены насцеж вароты —

вяртайцеся ўсе дадому.

Крокі — як дождж —

усмакталіся ў глебу глыбока

і непрыкметнымі жыламі

ў студню прыбеглі.

Вады зачарпні для мяне.

Проста з вядра буду піць —

дзень быў нялёгкі.

Явар у цемры — як палец,

пагрозліва ўзняты.

Не бойся:

нам толькі здаецца,

што вечныя мы.

1967

СТАРАЯ АЗБУКА

Так робяць люльку,

Хлеб расчыняюць.

А так на хату

Лес высякаюць.

А так малоцяць.

Так круцяць жорны.

Так гасяць вапну.

Так паляць горны.

А так смяюцца.

А так галосяць.

Так ткуць палотны.

Так пояс носяць.

Так ладзяць сохі,

Гартуюць зброю.

I на вайну так

Ідуць гурбою.

Так, хто шчаслівы,

З вайны вяртае,

Так над магілай

Сасна ўздыхае.

1967

РЭХА

Яшчэ калі-небудзь

Выйду у лес пагукаць.

А-у!

Сам з сабою накрычуся

і насваруся:

А-у!

Бярозы і елкі

рознымі імёнамі назаву:

А-у!

Дамоў вярнуся

добры, такі, нібыта з царквы.

I ўзляціць на плячо маё

голуб ласкавы.

У руцэ прынясу я

кавалак калючага дроту.

Ці не ён гэта

прывязаў мяне да жыцця?

А-у!

1967

ВЕЧАР: АТАМНЫ СТРАХ

Дакладна не ведаю,

Колькі трацілу цяпер прыпадае

На кожнага з нас.

Хоць добра вядома, што столькі,

Колькі яго назапасілі недзе,

З лішкам хопіць

На кожнага з нас.

Я дома адзін.

Я сяджу.

I куру.

Вечарэе.

Не рана.

Час святло запаліць.

Невысока, каб зручна было,

Пры дзвярах невялічкая чорная кнопка.

Можа, смешна,

А я вось баюся, што выбухне раптам...

Смешна, бадай, сапраўды.

А што, калі выбухне?

Лепш пачакаю.

Хутка вернецца жонка.

Хутка прыйдзе са школы дачка.

I я, вярнуўшыся ў матрыярхат,

Магчыма, здалею хоць некалькі

                              тысячагоддзяў пражыць.

1967

УСМЕШКА НА ВУЛІЦЫ

Я доўга сачыў за адным чалавекам:

ён стаяў на рагу і ўсміхаўся.

Па вуліцы ехалі, людзі ішлі,

а ён, адзінокі, стаяў і ўсміхаўся.

Скажыце, ці ж гэта не дзіўна?

Стаяць сярод белага дня

і самому сабе усміхацца...

Я сачыў за паглядам ягоным.

Здаецца, нічога у ім не было.

У аблічча ўглядаўся,—

на стомлены

і непаголены твар.

Скажыце, ці ж гэта не дзіўна?

Стаяць сярод белага дня

і самому сабе усміхацца?

Міжвольна і я усміхацца пачаў.

Хоць дзіўна!

А ну, паспрабуйце і вы

спыніцца на вуліцы

і без прычыны

ўсміхацца самому сабе.

Як добра,

як добра ўсё ж!

Пасля да яго падышоў я паціху:

— Прабачце...

Вы б мне адказаць не змаглі,

чаго вам так смешна?

Чаго?

А ён на мяне паглядзеў

і здзівіўся,

усмешка прапала адразу:

— Няўжо усміхаюся я?

Вам гэта здалося...

А зрэшты,

што вам да таго?

Пайшоў ён,

а я на тым месцы спыніўся,

ды толькі ўжо не ўсміхаліся болей

ні ён і ні я.

1964

ПАЧАТАК ЭПАСУ

Нечакана выспела слова

і слязой застрала ў горле.

Аплачам сябе, аплачам.

Камень.

На камені — агонь.

Над агнём — ястраб і голуб.

Вечны агонь.

Вечныя ястраб і голуб.

Не вечны толькі камень —

яму на змену прыйшлі бронза і жалеза.

Азёры яшчэ былі безыменныя.

Усе рэкі называліся «дунаямі».

А дзеці гулялі з вужамі

і — як сёння — пахлі малаком.

Мужчыны выпальвалі прасекі ў лесе.

Вечарамі яны напружана думалі

пра ўсё, што бачылі ўдзень,

імкнуліся знайсці прычыны і мэты.

................................

Сёлета раскапалі курган

і ўсё, што знайшлі,

другі раз пахавалі ў музеі.

Калі ніхто не бачыў,

я па старой звычцы

аплакаў іх — другі раз.

1967

***

Ты, што міма праходзіш,

я чую і бачу цябе,

адчуваю твой страх, тваю стому,

бо дарога крутая твая

праз сэрца маё пралягае.

Калі-небудзь,

пры захадзе сонца,

я хацеў бы паслухаць расказ твой — аб тым,

якія пустыні, цясніны і горы,

якія лугі, цаліну і пасевы,

якія гарады ці іх руіны

табе давялося прайсці.

Магчыма, усё, што ты бачыў,

было выбітае, спустошанае поле

мінулых жорсткіх баёў...

1967

ПАКУЛЬ СПЯЦЬ ДЗЕЦІ

Кажу:

пакуль яшчэ дзеці спяць,

расці нам спяшацца трэба

і з дзён, нібы з цацак, складаць

казачныя палацы,

дрэвамі іх абсадзіць

з пладамі важкімі ведаў

і, як карабель касмічны,

буслянку на дах узняць.

Пакуль яшчэ спяць дзеці,

мы павінны спяшацца,

каб прыручыць птушак —

мары дзяцей, іх душы,

усе расчыніць вароты

і задушыць гадзюку,

пакуль яе дзеці не бачаць.

Пакуль спяць.

1966

ДЗВЕ ЖАНЧЫНЫ

Дзве жанчыны мне гаварылі праўду:

«Любы... Дарагі... Адзіны!»

Дзве жанчыны мяне лаялі з любоўю.

Дзве жанчыны моўчкі мяне папракалі.

Дзве жанчыны мне ўсё даравалі.

Дзве жанчыны мною ганарыліся.

Адна з іх была мая маці.

Другая — маці маіх дзяцей.

1967

НА ЗОЛКУ

Золкам зляцелі дзве птушкі.

За ноч падцягнуліся травы.

Абдымі мяне і трымай.

Белыя рэкі і рукі

цякуць праз мяне лагодна.

На золку ў дзіцячай калысцы

доўгае дрэмле жыццё.

I ценяў няма.

Зямля прылятае

Перейти на страницу:

Похожие книги