Вогненныя факелы газавых патокаў успыхнулі ўперадзе ракеты. Яна ўся задрыжала, як-бы напружылася.
— Зніжаемся! — усклікнуў Макс, павярнуўшы галаву да ілюмінатара.
Хоць пры тармажэнні ўзнікае не такая ўжо вялікая перагрузка, але падарожнікі не сядзелі, а ляжалі. Толькі Поль Арноль стаяў перад экранам тэлевізара і ўсё нешта гаварыў, перадаваў на Зямлю.
Макс радаваўся ў душы: нарэшце заканчваецца першы этап поўнага нечаканасцей падарожжа. Хутка яны вернуцца на Зямлю. Вядома, ён ажэніцца з Эдзіт, абзавядзецца гаспадаркай. У яго абавязкова будзе каменны домік, аўтамашына. З’явяцца дзеці. Зацвіце садзік ля дома. Кожны дзень яго будуць сустракаць з работы жонка, дзеці. Ён — гаспадар! Яго будуць паважаць, пры сустрэчы кланяцца, паціскаць моцна рукі. I, вядома, стануць жартаваць: «Ну, як, містэр Макс, дапамог вам Месяц?» А ён паблажліва ўсміхнецца, адкажа: «Так, сэр».
У каюце нешта гудзела, сапло. Над галавой вентылятары падавалі свежае халаднаватае паветра. Хоць грудзі сціснуліся ад перагрузкі, Макс не заўважаў удушша. Крыху адчувалася, што адліла ад галавы кроў. Невялікая, малапрыкметная пакута: хутка міне хвіліна — i яны адчуюць здзіўляючую лёгкасць у целе i амаль не будуць важыць...
Нечакана ля пульта кіравання нешта грукнула. Макс i Роб падхапіліся з канапак. На падлозе нерухома, як мёртвы, ляжаў іх капітан. Макс падбег першы, зірнуў на Поля і ўсё зразумеў.
Трэба-ж было стаяць ля тэлевізара! 3 носа i рота капітана цякла кроў. Вочы былі закрытыя, твар, як ў мерцвяка. Поль страціў прытомнасць.
— Роб, лякарствы! — папрасіў Макс. 3 цяжкасцю перастаўляючы ногі, той падышоў да светлай пластмасавай скрынкі. У гэты-ж час Макс адчуў, што з цела нібы зваліўся вялікі цяжар.
— Слава ўсявышняму! — сказаў ён.— Маторы выключаны. Ляцім па інерцыі.
Рыбак асцярожна падняў з падлогі Поля, паклаў яго на мяккую губчатую канапку і замацаваў спецыяльнымі раменьчыкамі. Роб прынёс лякарствы. Капітану далі панюхаць нашатырны спірт. Ён паварушыўся, але вачэй не адкрыў.
— Містэр Поль! Прачніцеся! — клікаў Макс.— Вы нас бачыце?
Роб прыклаў да грудзей Арноля вуха, прыслухаўся.
— Дыханне неглыбокае, перарывістае,— сказаў ён.— Трэба даць кісларод...
Адпіхнуўшыся ад сцяны, ён узняўся ў паветра і, як самы віртуозны акрабат, адразу апынуўся ў другім канцы каюты. У санітарнай шуфлядзе Роб знайшоў балончык з кіслародам. I сам здзівіўся: як добра паклападіліся аб іх, нават самыя дробязі ўлічаны.
Глынуўшы кісларода, Поль адразу адкрыў вочы і здзіўлена паглядзеў вакол.
— Дзе я? Што са мною? — спалохана спытаў ён і прыўзняўся на канапцы.
— Усё ў парадку! Не трывожцеея, містэр...
— Мы зніжаемся?
— Так, маторы ўжо выключаны.
Поль Арноль адвязаўся ад канапкі, наблізіўся да пульта кіравання і паглядзеў на высотамер.
— 800 кілометраў...— прамовіў Поль іціха, насцярожана.— Чаму мы рухаемся, чорт пабяры? Калі-ж пачнецца пасадка?
— Не ведаю,—разгублена паціснуў плячыма Макс.— Кіруюць пасадкай з Зямлі...
Поль націснуў на кнопку тэлевізара. Успыхнуў экран. Але што за ліха? Ён маўчаў. Што здарылася? Аварыя? Позірк адшукаў бліскучы цыферблат паказчыка гаручага ракеты. Стрэлка стаяла на нулі.
— О, божа! Мы загінулі!—зняможана сказаў Поль і апусціўся ў крэсла штурмана. Вочы яго ліхаманкава бегалі па прыладах, як-бы шукаючы ратунку. Потым ён усхапіўся, рэзка павярнуўся ў бок Макса.
— Якога д’ябла ты глядзеў? Як усё здарылася?— загрымеў ён на ўсю каюту.— Адказвай!
— Капітан, палёт праходзіў правільна,— прамовіў штурман.— Вось мае запісы. Потым вы страцілі прытомнасць, i я з Робам ратавалі вас. На маю думку, мала працавалі маторы. Вось мы і ляцім па кругавой арбіце вакол Месяца.
— А чаму не дзейнічае радыё, тэлевізар? — запытаў капітан і тут-жа ўскрыкнуў:— Адбылася аварыя. Клянуся небам, гэта так! Куды ты глядзеў, Макс? — наступаў на штурмана Арноль.— Ты павінен быў прадухіліць аварыю! Павінен! Што паказвалі лакатары?
Макс выцягнуў з апарата плёнку, пракруціў яе праз павелічальны светлавы фільтр. На плёнцы быў адзначаны след двух невялікіх метэораў, якія пранесліся ў 50 кілометрах ад карабля.
— Як бачыце, містэр, — прамовіў Макс.— Метэоры тут ні пры чым.
— Аслы! Ідыёты! Адказвайце, што здарылася!— нерваваўся Поль, размахваючы сціснутымі ў бяссільнай злосці кулакамі.— Ты памрэш, Макс! Ты нас падвёў.
— Містэр Поль, я не прашу літасці, але я не вінаваты...
Арноль стау ля пульта кіравання, круціў рычажкі, націскаў кнопкі. Кантрольныя і вымяральныя прылады былі ў спраўнасці. Тады ён уключыў рэактар і загадаў спецыяльным машынам падаць вадкі вадарод. Яны запрацавалі, але дарэмна: у рэактар не трапляла ніводнай кроплі паліва.
— Містэр Поль, мы дарэмна трацім час, — прамовіў Макс. — Па майму падліку, наша ракета не можа стаць спадарожнікам Месяца. Дазвольце праверыць антэну. Нам трэба звязацца з Зямлёй.
— Ідзіце!
Макс з дапамогай Роба хутка апрануў касмічны касцюм, напоўніў балон паветрам і ўвайшоў у шлюзавую камеру. Роб уключыў вакуумныя помпы, потым адчыніў знешнюю дзверцу ракеты.