Макс злёгку адпіхнуўся нагамі і вылецеў у чорную бездань сусветнай прасторы. Тут-жа азірнуўся: карабель стаяў нерухома на адным месцы. Бось дзіва! I ён сам нікуды не падае, не ляціць, хоць унізе, пад нагамі, жахлівае бяздонне, усыпанае безліччу зорак.
Чакайце, дзе-ж тут ніз, верх, бакі? Яны зніклі. Існуе толькі чорная маўклівая глыбіня, якая праглынула ўсё — і Месяц, і Зямлю, і Сонца, і карабель...
Няўжо ракета стаіць на месцы? Не! Яна ляціць, і вельмі хутка. Яе спакой з’яўляецца ўяўным, адносным.
Што-ж здарылася з ёю? Макс уключыў рэактыўны маторчык і касцюмны ліхтар. Наблізіўшыся да срабрыстай сталёвай грамады, ён накіраваў прамень ліхтарыка на антэну.
Антэны не было. Бяда не толькі ў тым, што нехапіла паліва — цяпер няма ніякай магчымасці паслаць у эфір сігналы аварыі, прасіць з Зямлі дапамогу.
Макс пільна агледзеў месца злучэння антэны з бартом карабля. Над сталёвай абшыўкай тырчэў тоўсты медны шпянёк, на якім быў выразна відаць злом. Не засталося на ракеце і тэлевізійнай антэны.
Усё стала зразумела: ад вібрацыі ў часе тармажэння яны не вытрымалі. Аграмадны сусвет замкнуўся ў адной кропцы. Цяпер яны былі адарваны ад Зямлі i ад жыцця. Iх карабель ператварыўся ў металічную труну.
— Макс? — пытаўся па радыётэлефону Поль. — Чаго маўчыш? Мы чакаем тваіх вестак. Што з антэнай?
— Бяда, містэр Поль, вялікая бяда, — цяжка ўздыхнуў штурман.— Мы загінулі, — і ён падрабязна расказаў аб сваім абследаванні.
— Праверце ўсё вакол ракеты, пашукайце ix — i хутка назад.
— Будзе зроблена, капітан!
Макс уключыў маторчык і паімчаўся за карму ракеты. Свой шлях ён не асвятляў. Калі-б антэны па інерцыі ляцелі ўслед за ракетай і знаходзіліся недалёка, яны былі-б добра бачны.
I раптам — што гэта? Уперадзе з’явілася круглая бліскучая зорка, яна з кожнай хвілінай павялічвалася, рабілася ярчэйшай.
Толькі цяпер здагадаўся Макс: гэта-ж совецкая аўтаматычная ракета! Якраз на вышыні 800 км праходзіць яе арбіта. У грудзях Макса затрапятала сэрца. Думка, дзёрзкая, смелая, авалодала ўсёй яго істотай. Цуда! Ці не бог хоча дапамагчы ім. Калі ракета наблізіцца, ёсць магчымасць прычапіцца да яе, забрацца ў яе каюту i даць на Зямлю сігнал аб няшчасці на караблі «Анаконда».
Нядоўга думаючы, Макс на ўсю магутнасць уключыў касцюмны маторчык і памчаўся наперарэз совецкай ракеце. Адначасова ён перадаваў па радыё:
— Містэр Поль! Незвычайная навіна: за намі следам ляціць совецкая ракета «Алмаз». Я хачу перасесці на яе, каб выратаваць вас. Не губляйце духу, сэр. Пакуль!
«Алмаз» рухаўся між зор даволі прыкметна. Макс, не зводзячы вачэй, сачыў за ім. Вось ужо бачны не кружок, а прадаўгаватая сігара.
Хутчэй! Хутчэй! Непадалёку лінія траекторыі яго палёту, Чорная пустэча анямела, толькі Макс ды тры зіхатлівыя кругі — сонечны, зямны i месячны — імчацца па ёй у далеч.
Набліжалася незвычайная сустрэча. Макс напружыўся, падрыхтаваўшыся да смяротнага скачка. Ён ляцеў не наперарэз ракеце, а ўперадзе яе. Адлегласць з кожнай секундай скарачалася. I вось над яго галавой прасунулася верацёнападобнае цела сталёвага карабля. Макс раскінуў рукі i, падштурхнуты выбухам газаў партатыўнага рухавіка, ударыўся ў металічную абшыўку «Алмаза». Рукі каўзанулі па металу.
Што гэта? Няўдача? Ды не! Ён за нешта трымаецца. Макс падняў галаву і шчасліва ўсміхнуўся. Пагоня ўдалася. Разлік быў правільны, рукі моцна сціскалі металічную сетку накіравальнай антэны.
— Анаконда! Анаконда! Містэр Арноль! Дакладваю: аперацыя ўдалася. Хутка буду ў каюце «Алмаза». Вы чуеце мяне? Чуеце?
Адказу не было. I зразумела: іх раздзяляла вялікая адлегласць. Радыётэлефон, што быў у кожнага падарожніка пры касцюме, дазваляў весці размовы толькі на адлегласці 100—200 кілометраў.
Макс журботна паглядзеў назад. «Анаконда» была ледзь-ледзь відаць. Хутка блеклы рухомы агеньчык згубіўся між яркіх пунцовых зорак.
— Да пабачэння, Роб! — прашаптаў Макс, і слёзы навярнуліся на яго вачах. — Не губляй надзеі, дружа. Мы яшчэ спаткаемся. Чуёш?
Эфір маўчаў.
Макс цяпер без рызыкі мог адарвацца ад «Алмаза», абляцець яго з усіх бакоў, пашукаць уваход у ракету: ён набыў тую-ж хуткасць палёту, якую меў совецкі спадарожнік Месяца.
***
Сенатар ляжаў на мяккай тахце, праглядаў газеты. Штаты жылі небывалай сенсацыяй. Уся прэса на розныя лады каменціравала загадкавую аварыю на касмічным караблі «Анаконда». Давалі сваё інтэрв’ю самыя буйныя вучоныя Штатаў. Большасць з іх прытрымлівалася думкі, што ракета з’явілася ахвярай сутыкнення з метэарытам. У пацверджанне гэтага яны спасылаліся на раптоўную страту радыётэлесувязі з экіпажам.
У газетах былі змешчаны партрэты Поля, Макса і Роба ў чорных жалобных рамках. «Яны загінулі першымі ў космасе. Іх доўга будуць помніць людзі. Цудоўная, прыгожая смерць. Ім зайздросціць усё маладое пакаленне мужчын Штатаў»,— крычалі чорныя тлустыя загалоўкі на першых палосах.
Зусім іншым быў тон прагрэсіўных газет. Іх каментатары абвінавачвалі арганізатараў касмічнага рэйса ў паспешлівасці, давалі падрабязнае апісанне перад пасадкай на Месяц і прыходзілі да вываду, што ракета мела канструктыўныя памылкі, недаробкі.