Ён падышоў да тэлевізара, націснуў на кнопку і, калі засвяціўся экран, загадаў мітусліваму чалавеку з вусікамі:
— Паветраны аўтамабіль!
Праз некалькі хвілін Уолтэр сядзеў сярод нахабных малойчыкаў. Гэта былі заправілы злачыннага сіндыката, якія трымалі ў паслухмянасці многіх магнатаў. Уолтэру было вядома, што шчупальцы гэтага сіндыката дасягнулі нават Белага Дома.
Раздзел трэці
Наташа прынікла вачыма да знаёмых, напісаных смелай размашыстай рукой радкоў. Дзяўчыне зрабілася аж горача, калі яна прачытала: «Ты далёка ад мяне. Але нішто нас не разлучыць — ні час, ні адлегласць. Я нікога не заўважаю вакол сябе. Здаецца, іду з табой, усюды толькі з табою...»
Радкі пісьма былі дробненька напісаны. Наташа яшчэ i яшчэ перачытвала ix.
— Віктар!—прашапталі вусны. — Ты прышоў мне на дапамогу. Дзякую табе. Мне дяжка, горка, крыўдна. I ты сэрцам адчуў... Не, не дарэмна я палічыла цябе сваім братам...
Наташа падышла да акна, прыціснулася ілбом да халоднага шкла. Павольна падалі сняжынкі. Там, недзе далёка-далёка, за заслонай чернай ночы, гараць агні падмаскоўнага гарадка. Што робіць цяпер Віктар? У пісьме ён ні словам не ўспамінае пра сваю работу. Ці скора будзе падрыхтавана касмічная ракета на Месяц? У час сустрэч Віктар пра гэта шмат гаварыў.
Каб ён ведаў, як ёй цяжка. Фёдараў зволіць яе з работы, а можа нават паспрабуе наладзіць суд...
Толькі не! Яна будзе змагацца, яна не дасць сябе ў крыўду. Не ведала дагэтуль Наташа, што ёсць на свеце такія хцівыя людзі! Яна дакажа Фёдараву, што праўда мацней за хлусню і подласць. Праляцеў шар, пажарам знішчан цэх. Але гэта не яе віна...
У пярэдняй зазвінеў званок. У яе пакой зайшлі госці.
— Хаваешся ад нас, Наташа? Забілася ў клетку, як сініца. Хоць-бы зайшла да каго,— з вясёлым дакорам прамовіў Юзік Хлябцэвіч.
Ён быў сакратаром комсамольскай арганізацыі радыёцэнтра. Вясёлы,таварыскі, Юзік часта прыходзіў да аператараў, радыстаў, дапамагаў у працы, быў першым завадатарам на вечарынках.
Разам з ім прышла нізенькая, з чорнымі вялізнымі вачыма, дзяўчынка.
Наташй, убачыўшы гасцей, спачатку разгубілася. Іх прыход для яе быў нечаканасцю. Адклаўшы пісьмо ўбок, яна замітусілася:
— Сядайце, калі ласка, сядайце!
Юзік і дзяўчына прынеслі ў пакой марозную свежасць ночы.
— Ты нас не чакала, Наташа? — заіпытаўся Юзік.— А мы да цябе з навіной.
Наташа запытальна зірнула на яго.
— Прышоў пакет з Масквы. Просяць цябе ў Галактыку, — адказаў Юзік і зірнуў у твар дзяўчыны, як-бы жадаючы ўбачыць, якое ўражанне на яе зробіць гэтае паведамленне. Потым весела дадаў: — Я чуў, быццам хутка адправіцца ў першы рэйс касмічная ракета. Вось i цябе выклікаюць...
Наташа ўздыхнула з палёгкай.
Юзік адкінуў рукой навісшую над віском пасмачку ільняных валасоў, губы яго строга сціснуліся.
— Мы таксама радуемся за цябе, Наташа. Але ведаеш, Фёдараў будзе пярэчыць. Вылічэнні паказваюць, што быццам шар ляцеў праз твой участак назірання.
— Юзік! — крыкнула ў адчаі Наташа і кранула яго за плячо.— I ты мне не верыш? Скажы праўду — не верыш? Так?
У яе вачах гарэў ліхаманкавы аганёк трывогі.
— Ты маўчыш, Юзік? Цяпер я разумею: не верыш...
— Веру, Наташа! — адказаў ён і ўстаў з-за стала.
Яны нейкі момант стаялі адзін супраць аднаго, маўчалі. Толькі позіркі іх гаварылі лепш усіх слоў: яны верылі адно аднаму.
Раздзел чацвёрты
Толькі ўвечары сенатар Уолтэр вярнуўся з Сэн-Крытона ў галоўны горад Штатаў. Запылены, успацелы, ён змяніў смокінг на піжаму і пайшоў у ванную. Мыўся доўга, старанна. Потым слуга — малады высокі негр — рабіў масаж. Кроў у жылах запульсавала. Калі ён выйшаў з ваннай, нельга было паверыць, што гэты чалавек правёў увесь дзень у клопатах, быў у ад’ездзе.
У гасцінай на шырокай тахце яго дачка разглядала кніжку з яркай вакладкай. Як толькі ўбачыла бацьку, адклала ўбок кніжку, пайшла насустрач.
— Нарэшце! —прамовіла яна радасна.— Па-а, дзе так доўга бадзяўся? Ледзьве дачакалася...
— Хто хоча жыць пад сонцам, той менш павінен бываць пад дахам сваёй вілы,— сказаў сенатар. I, пацалаваўшы дачку ў лоб, запытаў: — Што ты хацела, мая дзяўчынка?
— О, у мяне незвычайная размова... Па-а, гэты вечар будзе нашым святам.
Сенатар зацікаўлена прыўзняў галаву.
— Добра, пойдзем, усё мне раскажаш.
Яны ўвайшлі ў сталовую. Гэта была прасторная, высокая зала з двума радамі мармуровых калон. Вокны французскія, да самай падлогі.
Пасярод залы стаяў круглы стол з некалькімі крэсламі ў чахлах. Тут збіралася чатыры разы ў дзень сям’я сенатара.
Пажылы слуга з сярэбраным ланцужком на грудзях прынёс вячэру і паклаў церад сенатарам картку з пералікам французскіх він.
— Якое загадаеце падаць?
Уолтэр прабег вачыма картку, тыцнуў пальцам у першы радок.
Слуга пачціва сагнуўся і выйшаў са сталовай.
Сенатар быў у настроі. Справы ішлі, як не трэба лепш. Усе надзелы Месяца былі распраданы. Поўным ходам будаваліся касмічныя ракеты. Слава Уолтэра расла з кожным днём. Ён пачаў упэўніваць сябе, што хутка Штаты яго імем будуць дыктаваць сваю волю Зямлі i Небу.
Выпіўшы бургундскага віна, Уолтэр яшчэ больш павесялеў. Ён зірнуў на прыціхшую дачку: