— Нічога не разумею. Што вас непакоіць?
— Мора Дажджоў. Сёлета чырвоныя пасылаюць на Месяц экспедыцыю. Яны хочуць пабудаваць навуковы гарадок на Моры Дажджоў... Гэта дакладныя весткі, сэр.
Сенатар заплюшчыў вочы і, адкінуўшыся на высокую спінку крэсла, нейкі момант маўчаў. Здавалася, што ён анямеў.
На стале, у прыгожай з рубінавых каменняў аправе, стаяў атамны гадзіннік. Фрэнк не без задавальнення разглядаў кляймо сваёй фірмы. Што ні кажы, яго гадзіннікамі вымяраецца час жыцця Уолтэра і ўсёй планеты.
I вось сенатар заварушыўся, прыўзняў ацёкшыя павекі. Вочы глядзелі спакойна, разважліва.
— Пакіньце хвалявацца, старына, — сказаў ён ціха. — Мы знойдзем спосаб апярэдзіць рускіх.
— Якім-жа чынам?
— Праз тры месяцы пашлем ракету.
— Чакайце, сэр. Наколькі мне вядома, нашы ракеты яшчэ недасканалыя?
— Так,— ажывіўся сенатар,— вы правільна інфармаваны. Яны могуць даляцець толькі да Месяца i то з цяжкасцю. На зваротны шлях нам не ўдаецца забяспечыць іх палівам.
— Што-ж вы думаеце рабіць? — зацікаўлена ўставіўся ў твар сенатара Уэст.
— У кожнай гульні выгадвае той, хто рызыкуе. Прайграць нам нельга. Мы, — прамовіў ён цвёрда і рашуча, — абвесцім набор добраахвотнікаў на першы касмічны рэйс. Нашы хлопцы даставяць на Месяц флаг Штатаў, перададуць адтуль першае радыёпаведамленне для ўсяго свету.
Фрэнк Уэст пацёр ад задавальнення рукі.
— Слова гонару, вы ўмееце, сэр, лавіць свой лёс за хвост,— сказаў ён з усмешкай.— I проста, i нядорага...
— Вы-ж маеце справу не з кім-небудзь, а з сенатарам Уолтэрам. Запомніце гэта,— прамовіў ён паважна.— Мы хутка прымусім плаціць долары ўсіх, хто будзе карыстацца нават святлом Месяца... Хе-хе-хе!
Твар сенатара быў добрадушны. Размашыстым жэстам ён паказаў зямнога спадарожніка на карце, што вісела на сцяне ля канапы, і дадаў:
— Заўтра мы набярэм для яго першых жыхароў.
— Сэр, не жыхароў, а смяротнікаў,— паправіў свайго калегу Уэст.
Уолтэр усміхнуўся.
— Уэст, навошта такі цынізм?! Iх жыццё акупіцца бяссмерцем...
Позна ўвечары Фрэнк Уэст вярнуўся дадому. Ён быў задаволены візітам да сенатара.
Раздзел пяты
Наташа прачнулася ў сем гадзін. За вокнамі стаяў густы, непраглядны змрок. Недзе далёка-далёка, аж за небакраем, няцяжка было прыкмеціць ледзь улоўнае трапятанне святла.
Адхінуўшы фіранку. Наташа доўга ўглядалася ў цемру. Мігцелі, пераліваліся зоркі. I самая прыгожая, самая буйная сярод іх — Венера. Глядзіш на яе — і здаецца: нехта прымацаваў на небасхіле буйны з блакітна-бэзавым ззяннем алмаз.
За вокнамі нараджаўся новы дзень...
Новы дзень нараджаецца кожны раз па-новаму. Ён узнімае на наш небасхіл не толькі сонца, — ён ксціць да берага жыцця, як хвалі, новыя клопаты, абавязкі, загадвае чалавеку: рабі, стварай, змагайся!
Учора зыходзілі з канвеераў заводаў аўтамашыны, трактары, камбайны. Людзі з задавальненнем думалі: не дарэмна патрачаны час, іх праца дала свае вынікі. Яны ганарыліся гэтым, і ў іх узнікалі новыя мары.
Народзіцца новы дзень — людзі ператвораць гэтыя мары ў жыццё. Ён пашле іх будаваць гарады, асвойваць новыя землі, вырошчваць сады...
Учора на ватманскай паперы канструктары закончылі праекты складаных машын, станкоў, архітэктары — праекты палацаў, стадыёнаў, заводскіх цэхаў, вучоныя на магутных сінхрацыклатронах разгадалі будову драбнейшай часцінкі матэрыі,— цікавыя, незвычайныя здзейснены справы. Але якім-бы ўчарашні дзень ні быў цудоўным і прыгожым, людзі з нецярпеннем, з пачуццем радаснага чакання і хвалявання сустракаюць дзень новы.
Многага чакала ад гэтага дня і Наташа. Пры гэтым разважанні да яе вярнуўся спакойны настрой. Новы дзень быў жаданым i радасным не толькі таму, што яна імкнулася як мага хутчэй сесці за пульт радыёлакатара. Наташа нецярпліва чакала сустрэчы з сябрамі. I толькі недзе там, у глыбіні душы, балюча варушылася ўчарашняя крыўда.
Зайшоўшы ў тралейбус, Наташа села на канапку i задуменна пачала разглядаць горад праз размаляваную марозам шыбіну. Дзесяць хвілiн язды — i вось ён, радыёлакацыйны цэнтр. Дом, у якім ён знаходзіцца, стаяў у глыбіні двара. Тут расло многа дрэў. Густыя ёлкі, абсыпаныя зіхатлівым інеем, здаваліся як-бы намаляванымі нейкім мастаком.
Ля табельнай дошкі Наташа спынілася і здзіўлена паціснула плячыма. Яе нумарок быў зняты. Няўжо гэта — выпадковасць? Дзяўчына разгублена паглядзела па баках.
У канцы калідора пачуліся крокі. Наташа павярнулася і ўбачыла дзяжурнага па ўчастку.
— Таварыш Гоман, пазнаёмцеся з загадам, — сказаў ён ціха, як-бы неахвотна, і працягнуў паперку.
Перад вачыма дзяўчыны заскакалі нейкія кругі, твар яе балюча перасмыкнуўся. Каб стрымаць сябе, яна прыкусіла ніжнюю губу і ўзяла паперку. .
Значыць, усё? Яна ўжо не працуе? Як гэта крыўдна і горка!
Думкі і разважанні дзяўчыны парушыў знаёмы голас.
— Наташка! Пойдзем да Фёдарава. Там у яго сакратар партбюро...
Дзяўчына павярнулася і з удзячнасцю глянула ў твар Юзіка. Хлопец адчуваў сябе ніякавата. Відаць, загад начальніка быў для яго не меншай нечаканасцю, чым для Наташы.
— Нікуды я не пайду, — адказала ціха дзяўчына. — Мне цяжка гаварыць з гэтым чалавекам.
Юзік схапіў яе за руку.