Неспакойны кантынгент у турме - малалеткі. Вось Сярожа-гарадзкі ловіць утрапёнымі вочкамі маладога шакала мае позіркі. Хутка стукне яму 18, i тады ён падымецца на ўзрасьляк - пяройдзе ў дарослую камеру. Маладому i нябрыдкаму з твару, яму ўжо цяжка жыць у нармальным грамадстве. Першыя дні два па маім заезьдзе ўся „хата” гартала „Свабоду” й „НН”. Даў прачытаць свой матэрыял пра расейскіх фашыкаў. Выйшла, што Сярожа ведае пра РНА. Філія гэтай расейскай арганізацыі дзейнічае i ў Віцебску: займаецца прапагандай антыбеларускіх поглядаў у школах, ПТВ, ВНУ... Сярожа малюе па памяці эмблему РНА - мадэрнізаваную свастыку.
Малалеткі сядзяць за згвалтаваньні, крадзяжы, разбоі, хуліганку. Сядзяць па другім, а то й па трэцім разе. На першы раз ім звычайна даюць умоўны тэрмін, альбо з адтэрміноўкай выкананьня прысуду. Вядома, гэта ў выпадку, калі злачынства не зьяўляецца цяжкім, напрыклад, за хуліганку.
Калі я заехаў у шэсьць нуль, тут ужо сядзелі чацьвёра, сярод ix літовец Вадзімас Лашчэўскіс i нехта Віктар Віктаравіч, маёр міліцыі з валасата слановымі, як у ППРБ, рукамі. Маёра адпусьцілі, i мы дагэтуль чакаем прадуктовай перадачкі, якую ён нам абяцаў.
Ноч. Малюпасенькія чырвоныя мурашы хаатычна перамяшчаюцца па абшчаку. Турма варушыцца, стогне, крычыць, харкае, крэкча на дальняку, прымае з волі ў свае абдымкі і ня хоча адпускаць назад. Яна жыве днём і ноччу, зьвіваецца й выпростваецца камернымі кіпежамі, вужачыцца й сыкае языкамі-заточкамі. Можна жыць па законах турмы, можна паводле сваіх (і тады ты бязьмежнік-беспрэдзельшчык), але нельга здавацца на міласьць турмы. Тут ня дзейнічае мараль свабоднага супольніцтва. Тут кажуць: памры ты сёньня, а я заўтра. I калі з суседняй камеры табе да дня нараджэньня зайшоў падарунак – зьвязаныя жанчынай ваўняныя шкарпэткі - гэта зусім не азначае, што пры выпадку аўтар падарунка ня здолее перарэзаць табе глотку.
Ноч. Поўня. Малалетка Рыбкін ківаецца ў сьне. Вертухай правщь службу, сука. У суседняй шэсьць адзін, дзе сухотнікі, кагосьці б’е кашаль. Сухотнікам даюць дыетпаёк: малако, тварог, яйкі, масла, мяса. Гэтыя прадукты мы выменьваем у баландзёраў на чай i цыгарэты з фільтрам. Нам трэба выйсьці на волю здаровымі.
Ня вер! Ня бойся! Не прасі! Гэта правіла арыштанцкай братвы. Сёньня яно актуальнае i на свабодзе.
Ня вер ніводнаму слову вертыкальнай прастытуткі - рэжымнаму чыноўніку.
Ня бойся ўлады - яна, брутальная, сама баіцца цябе.
Не прасі ніколі i нічога ў гэтай улады. Западло прымаць зь яе валасатых лапаў хоць штонебудзь, няхай гэта нават медаль Францішка Скарыны.
ЖАНЧЫНЫ
Ноч. Жанчыны заслалі файную плексігласавую асадку. Пацаны адпісалі дзяўчатам пра мяне.
Складана пісаць пра жанчын-арыштантак. Яшчэ цяжэй чуць іхныя галасы днём i ноччу, ix любоўныя сьпевы. Невыносна ведаць, што ў „хаце” пяць дзевяць шконка рыпіць пад 33-гадовай Ірынай-душагубкай. Як i ты, яна сыходзіць жаданьнем, яна прагне хоць крышку любові i пяшчоты. З Іркай-паліцайкай мы крыху пішамся-абменьваемся малявамі. З Наташкай з пяць сем перагаворваемся на прагулцы праз кабуру. Галасок у Наташкі, што хоць памры. I шыюць ёй 91-ю. У пяць адзін сядзіць яе бацька i кожны дзень яны перагаворваюцца-перакрыкваюцца праз рэшку-вакно. У гэты момант наша малалетка зацісае i ўслухоўваецца ў голас Наты. Я думаю, чаму гэта ня голас маёй дачкі там, на волі.
10 верасьня, аўторак
Што за хуйня, ніякага руху? Падлы, колькі яшчэ чакаць? I гэты дождж. I Сьветка-вертухайка дзяжурыць на прадоле. У маім, сука, гусьце. Грубіць на кожным кроку. I не знайшлося ж ёй на волі работы.
Сёньня заслалі да нас чарговага пакрыўджанага. Малалеткі ўжо абселі яго, дзяўбуць, як крукі падлу.
11 верасьня, серада
Набліжаюцца халады. Чую пра гомельскую школу кілераў (забойства міліцыянераў), пра бабруйскую групоўку, якая робіць наезды на маскоўскія рынкі. Ноччу Геша з шэсьць чатыры заклікаў братву навесьці ў турме закон: каб абшчак i дарогі не прабіваліся пэрсаналам, каб у Беларусі братвой кіравалі свае, а не маскоўскія. Крычаў праз рэшку на ўсю турму. Раніцай далі рэдкую пшонку бяз чаю. Чакаем пракурорскай праверкі, якая, што праўда, нічога ня дасьць. Толькі свабода! Беларусь альбо сьмерць - вось наша паэзія!
12 верасьня
Толькі што сваё сінюшнае рыла ўсунуў у камеру пракурор па наглядзе, зь ім начальнік турмы і маладая бабенцыя ў форме.
Вечар. Рыбкіна сплаўляюць у іншую „хату”. Яму на зьмену заехаў новы, нейкі Юра зь Віцебску. Пакуль дарослыя хадзілі на прагулку, малалеткі разьвялі гэтага Юру на фуфайку. Стус загадаў адцаць.
13 верасьня, пятніца
Прыйшла пастанова распарадчай калегіі аблсуду. Справу адправілі на дасьледаваньне. Апошняе слова за генпракурорам. Медычнай дапамогі - ніякай. Радыё няма, а газэты толькі афіцыйныя.
14 верасьня
Ранща. Дождж. Зьелі па яблычку. Сьніўся сон вельмі парнаграфічны.
17 верасьня, аўторак
У яснае паветра вытаргнулі Яўгена Стуса. Вертухай жартуе: на расстрэл. За гэткія „жарты” трэба мачыць сьвінчаткай па фізіяноміі.