Сонца бліснула ў рэшку. Малявы ад Ірыны не было. У С. з малалеткамі непанятка. Менскі шчыблет i полацкі хуліган залажылі яго Галцы-сматрашчай. Галка адпісала Стусу, што за малалетак яго спытаюць, маўляў, самі мянты яго выдадуць.
Зайшла „Народная газета”. Ці не з падачы Маёра? Здаў кроў. Чалавек з медперсаналу распавёў, што судзьдзя Даўлюд газэце „Віцебск! кур’ер” даў інтэрв’ю, што да маёй справы. Здаецца, на волі палітычнае жыцьцё бушуе. Шарэцкі канчаткова разышоўся з прэзідэнтам.
Перад абедам зайшоў баландзёр з прапарам са шмон-брыгады. Баландзёр устаўляў нам шкло ў рэшку. Вечарам адбыліся разборкі, прыйшла атаварка (цыгарэты „Астра”, „Бонд”, чай, насоўка, пачак масла, капэрты). Выдавала тая самая кабыла, якую я назіраў у рабоце, заязджаючы на „малалетку”. „Заткнись, ососок, мордой к стене, не то как ёбну, что до камеры не доползёшь!” – такімі фразамі яна ўсталёўвала кантакты з малалетнімі абалдуямі.
18 верасьня, серада
Пішамся мала-памалу з Валянцінай-Ірынай. Пачынае гуляць „за любоў”. Новы пацан заехаў, паганяла - „Троль”. Быў у вышуку, гадоў 18 яму.
П’ём малачко, што вытаргавалі за цывільняк. Раніцай адправіў пісьмо генпракурору.
19 версьня
Прынесьлі прыватны пратэст выконваючага абавязкі аблпракурора. Яшчэ сама меней на месяц прыпыняецца рух справы. Зайшоў выхавальнік Керзаў, прынёс нам корань валяр’яны. Настойваем i п’ём.
20 верасьня
Зайшлі газэты: „Знамя юности”, „Советская Белоруссия” i „Народная газета”. Зайшоў выхавальнік Уладзімір Віктаравіч Шульцаў i псіхолаг Бібікаў. Забралі ў адзіночку для размовы, якая i адбылася пад партрэтам Дзяржынскага.
Зрабілі прышчэпку ад дыфтэрыі (альбо проста прафілактычны ўкол, чорт яго ведае?)
Заехаў дванаццаты па ліку малалетка з Талачына, Андрэй Казлоў. У галаве знайшлі ў яго вошы, ужо пастрыгаюць над парашай. Мойкі (лёзы) не выдаюць, шмон-брыгада пазабірала запальнічкі, патапталася па маіх паперах.
22 верасьня, нядзеля
З камеры 58 загналі тэлевізар, глядзелі фільм „Невінаваты” - пра міліцыю. Д. Кар-ч зьдзекуецца з Рыбкіна. Учора кантралёры хацелі вярнуць нам нашага маленькага Чосіка, зусім дзіцянё саплівае. Упіраўся адчайна, бо назад яму нельга: біць будуць за тое, што сядзеў у так званай камеры-абіжанцы, у якую ідуць самыя бяспраўныя ў турме (підары рабочыя і нерабочыя, крысы, казлы, чарты).
Восень халодная (-4 °С). Паліцайка ня піша за любоў. Калі суд? Няўжо не асуджуся да рэферэндуму? Прырэзаць бы якую суку!..
24 верасьня 1996 году
Рэдкая гарохавая каша. Сутычка з вывадным у санчасьці, хоць я не даваў ніякіх падставаў. Аператыўнік Лазуркін закінуў да нас сматрашчага па корпусе Астапа, які нам разганяў рамсы на прадмет узаемадачыненьняў з малалеткамі.
Медагляд паказаў, што ў нас „востры гастрыт”. Абяцаюць паставщь на дыетпаёк. Буду піць дэ-нол, лекі ад гастрыту.
26 верасьня, чацьвер
Ноччу малыя інтэнсіўна працавалі на дарогах. Потым злавілі ў цэлафанавы пакет мыш, пагуляліся зь ей ды адпусьцілі. Любяць малалеткі жывое - акрамя сабе падобных.
На наступны дзень
Стаматолаг запламбаваў мне зубік. Кажа, што нехта зь яму знаёмых цікавіцца маім лесам. Круглая ў дантыста мордачка, маладзенькая i, здаецца, нахабная. Усё выклікаў на размову, а калі я загаварыў па-беларуску, то запатрабаваў гаварыць да яго па-расейску. Ox, i карцела ж мне засадзіць у доктарскія бельмы сталёвы маніпулятар бормашыны!
Вечарам заехаў новенькі, 201-ы артыкул. Здаровы, загарэлы, забралі проста з поля, на якім бульбу капаў разам з бацькамі. А Дзіму-баксёра нагналі – адпусьцілі дамоў.
П’ю дэ-нол, але ня лепшае. Цывільныя прадукты скончыліся. Няўжо, блін, засудзяць? Няўжо выгарыць падонку чарговы рэферэндум?
28 верасьня, субота
Позна вечарам заехаў малалетка Алег Туронак. Рухавы. Бываў у Друі, што нагадала мне Галіну, ейную сакавітую чорт ведае як назваць штучку. Ноччу быў кіпеж: з камеры 58 пацан ламаўся з крыкам „Адпусьціце мяне дамоў!” Урэшце закінулі яго ў рэзінку, дзе ён спачатку крычаў немым крыкам, а потым заціх, зьбіты. I стала так сумна-сумна...
Холадна. Баландзёрскім чаем вымываем з кашы тэхнічны тлушч, зь якога ніякага толку, бо не засвойваецца. Ад гэтага клятага тлушчу пякотка страўнік рэжа без нажа.
30 верасьня 1996 году
Як абрыд гэты зьвярынец! Маскалёва прыдушыў бы, макрыцу!..
Да абеду заходзіў сяржант сьпецчасткі i ўручыў для азнаямленьня паперу, у якой паведамлялася, што калегія Вярхоўнага Суду будзе разглядаць прыватны пратэст аблпракурора. На прагулцы сёньня дождж са сьнегам, вецер. Тэрмінова трэба дастаць ватоўку й шапку. Ізноў Сьветка дзяжурыла - грудзі на кармушку-кармілку.
4 кастрычніка (пятніца)
Позны вечар. Прыгнобленасьць, злосьць, нянавісьць. Сёньня роўна 6 месяцаў з дня майго ўвязьненьня. Паўгоду за кратамі! За сваё, дзякуй богу, за Бацькаўшчыну, не за ліхое.