Раніца. Слухаю гурт „Вялікае Княства” Уладзіміра Давыдоўскага. Усе ў камеры сьпяць. Тэмпература нулявая. Хутка па сьмецьце з камеры прыедзе „камаз” - металічны бак у суправаджэньні двох зэкаў. Хочацца зімы, сьнегу, марозу... Усю ноч вертухаі просяць чаю, ды яшчэ з цукрам. Камень камеры смокча з нас сокі жыцьця, забірае здароўе. Лётаюць мошкі, поўзаюць макрыцы-сараканожкі, шастаюць мышы й пацукі. Працягваецца пост (адвэнт). З радыё - „Адваротны бок месяца” групы „Пінк Флойд”. „Аўсяны бунт” Івана Мяло i надпic на гэтае кнізе: „1721 г. Менск”. Хто аўтар гэтых крамзоляў? I ці не прысьніўся мне гэты год i гэты горад?
Ужо сьнежань, а, здаецца, толькі ўчора залятаў у 9-ю камеру „амерыканкі” чмель, i я выпускаў яго. Здаецца, толькі ўчора нicaў свой першы турэмны верш. Да суда застаецца сем дзён. „Песьняры” ipвуць душу Багдановічавай „Веранікай”.
9 сьнежня - дзень нараджэньня Максіма Кніжніка. У Доме літаратара з гэтае прычыны павінна адбыцца мемарыяльная імпрэза. Геша цягае дарогі, камендант Оршы курыць цыгаркі, а расеец, судаком глушаны, праглынуў тры таблеткі рададорму й нарэшце зьвіўся. Я - пiшу, памятаючы, што насупраць нашае шэсьць чатыры - тры камеры сухотнікаў (63, 62, 61). Заўтра ў ДЛ зьбяруцца нашы й „нашы”, экзальтаваныя дамы бальзакаўскага ўзросту, мужычкі з пэйсамі i ў заношаных пінжачках...
10 сьнежня (аўторак)
Ноч. Ледзь жывы - прастуда, грып. Ломіць косьці, баліць галава. Падыхаю ні за панюх табакі. „Каханьне пад акупацыяй” толькі i грэе. Расеец-пcix, блін, дастаў. Заняткі цяжкімі відамі спорту глушанулі яго канкрэтна. Жарэ эленіюм i чапляецца з рознымі пытаньнямі.
З агентам на свабодзе наладжана цесная сувязь. Інфармацыі пабольшала, стала весялей. Мыш, уяві сабе, точыць каменную сьцяну. Тыдзень цягнецца ой як марудна. Вачэй усю ноч ня сплюшчыў. У санчастку не выклікаюць, а чую, што тэмпература i ціск, баляць грудзі. Нават чэляс не ўстае. Знайшоў занятак - вычытваю „верш” палкоўніка да жонкі.
11 сьнежня, серада
Амаль дванаццаць гадзін праспаў. А ўчора - ты чуеш? - быў сусьветны дзень абароны правоў чалавека. Учора й сёньня залятаў начальнік оперчасткі Гуцалюк, ад якога я даведаўся, што Алесь Аркуш пiшa пра мяне ў „Віцебскім кур’еры”.
Падрыхтаваў да суда „Новы Запавет” у перакладзе на беларускую (у пераплёт уклеіў іголку зь ніткай, якой зьбіраюся зашыцца). Наш пcix ноччу соп, дубінушка, як калгасны бык. Характэрныя прыкметы дэбільнасьці: адрыжка, выпусканьне газаў горлам.
Галоўны аператыўнік пужае, што раскідае нашу „бабровую хатку”. Эх, вінца выпіць бы з крышталёвага келіху!
12 сьнежня (чацьвер)
Не да віна - ледзь жывы. Ціск на вочы, нават пісаць не магу. Днём шманалі, відаць, хутка камеру растусуюць...
СШЫТАК № 2
Працягваю запісваць. 16 сьнежня, панядзелак
Трэцяе пасяджэньне Віцебскага абласнога суда па крымінальнай справе № 182.
Прывезьлі, сяджу ў боксіку. Чытаю на сьцяне: „Гурко - казёл”. Гурко - гэта той, які мяне судзіць...
I вось зала суда. Казань кажа пракурор. Разглядаюць хадайніцтва майго падзельніка Плешчанкі, які адмаўляецца ад адваката. А яму, як i Xaмайду, адмаўляюць у хадайніцтве. У сувязі са скаргамі Плешчанкі, Хамайды i маёй судзьдзя абяцае праверыць работу Віцебскага цэнтралу. Прыклалі да справы газэты з публікацыямі i кнігу вершаў. Пракурор не падтрымаў хадайніцтва маіх таварышаў Віктара Корзуна i Сяргея Харэўскага пра азмену меры стрыманьня ў выглядзе арышту на падпіску. Выказаў недавер суду i адвакат Паганяйла. Суд выйшаў параіцца, што адказаць на адвод Паганяйлы. Мянты здыхаюць ад духаты. Пракурорчык i перакладчык (ці то асістэнт, ці то асьпірант) сядзяць у зале. Ня бачу ніводнага літаратара з СП. Дзе гэтыя „народныя мудрацы”? Дзе гэты „мозг нацыі”?
Трэцяя гадзіна дня. Па абедзе. У залу зайшлі ня ўсе, хто быў да паўдня. Дык перад кім, для каго рот зашываць?
А што ж я пра маці, пра маці маўчу, якая глядзіць i глядзіць на мяне? Чаму мне так цяжка нават пра сябе сказаць ей: „Мама, ма-ма!..” Ці будзе ў мяне хоць некалі такая жанчына, якая так глядзела б на маю дачку?
Судзьдзя чытае літаратурнае заключэньне прафесара Алега Лойкі на гэты самы „Верш”. Пракурор Чэчка падтрымлівае хадайніцтва Хамайды пра запрашэньне ў суд сьпецыялістаў-літаратуразнаўцаў.
17 сьнежня (аўторак)
Другі дзень працэсу на гэтым тыдні. У боксе. Назіраю дзедаўшчыну ў рэжыме максімальнай рэальнасьці. Радавы Сердзюкоў прымае „упор лёжа”, але хутка вяртаецца ў зыходнае - вертыкальнае - становішча: мяне выклікаюць у залу суда. Гэтым разам - у зусім невялічкую. Пачатак працэсу зацягваецца – перакладчык спазьняецца. Пакуль яго няма, зьвернем увагу на народных засядальнікаў. Вось Ляхава, жанчына гадоў трыццаці пяці - сарака, ёмкая, крамяная, такую i палюбіў бы. А што? Ахвяраваў бы для яе некалькі cвaix ночак бяссонных, а то й некалькі месяцаў. А як міла яна чаўпе, спрабуючы гаварыць па-беларуску: „даў дзяку” замест „даў дзягу”, „на беларускую мытню” замест „на беларускую мытню”...