Я прынёс дамоў чурбанчык. Ішоў гародамі, каб ніхто не бачыў. Я паставіў чурбанчык перад маткай на стале, адзеў на яго каптур і сказаў:
— Во, маеш замест маёй галавы. Трэба заплаціць столяру пяць капеек.
Маці глядзела і дзівілася.
— Уй, як добра! Ты нават не разумееш, як гэта добра…
Я пакрыўдзіўся:
— Каб не разумеў, дык не прасіў бы Янку зрабіць.
З таго часу я вызваліўся ад прыкрага абавязку.
На Пятра ў нас адбываўся кірмаш. Сялянкі красаваліся ў матчыных каптурах. У вялікім натоўпе вызначаліся знаёмыя каптуры на галовах сялянак.
Навакол Пасадца жылі ў старых хатках некалькі бедных удоў. Хлеба ў іх ніколі не бывала. Падрослых хлопчыкаў яны аддавалі ў пастушкі. Дачок — багачам у служанкі.
Аднаго разу прыйшла да нас удава Марта.
Ногі яе пасля хадзьбы на гарачых цэглах яшчэ былі хворыя, абверчаныя анучамі. Яна ступала да таго асцярожна, што яе крокаў не чуваць было. Нібы хадзіла над рэчкай па вузенькай кладцы. Марта сарамліва звярнулася да маці:
— Хаіміха, золатца, родненькая… Сымонка мой захварэў. Агнём гарыць хлопчык. Божанька, што мне рабіць? Чаборам паіла — Еўка старая дала. Да Карпухі схадзіла, вадой замоўленай паіла — не памагае. Трэба схадзіць да Мунькі-татарына, каб на хлеб нашаптаў.
Жанчына ламала рукі.
— Пазыч, Хаіміха, на лякарства кавалак хлеба… Татарын свайго хлеба не дае, тады не паможа, кажа… Купіла б, дык у мяне ўсяго залатоўка для татарына.
Маці моўчкі адрэзала акрайчык хлеба. Марта падзякавала.
Маці адвярнулася да сцяны і кончыкам новага каптура, над якім працавала, выцерла вочы. Потым накінула па галаву вялікую хустку, якая акрывала яе да ног, узяла кош, кінула ў яго некалькі палатняных падшывак ад каптуроў у выглядзе торбачак і пайшла ў мястэчка, абышла крамы, корчмы, хаты. Потым яна прынесла ў хату ўдавы Марты цукру, хлеба, крупы, мукі і жменьку дробязі.
Разбойнік Ціхан
Бабуля, стоячы ля прыпечка, апавядала мне розныя гісторыі з мінулых часоў: аб жыдоўскім пагроме ў гэтай ваколіцы, аб страшных учынках разбойніка Ціхана і канакрада Шлёмкі, аб тым, як цыганы мядзведзяў вадзілі тут на паказ, і аб прыгоне, які яна добра памятала.
Вось адно з яе апавяданняў.
З суседняга маёнтка пана Чапкоўскага ўцёк прыгонны. На начлезе воўк зарэзаў каня, і пан збіраўся за гэта строга пакараць прыгоннага конюха. Конюх, уцякаўшы, зайшоў у хату да бацькоў бабулі. Бабуля была тады маладой дзяўчынай. Бяглец папрасіў у яе кавалак хлеба на дарогу. Яна дала яму паўбулкі хлеба. Ён пайшоў у пушчу да разбойніка Ціхана. Калі за маладога бегляца пакаралі бізунамі яго бацьку, Ціхан падпаліў панскую абору. Згарэла шмат жывёлы. Нейкім чынам пан Чапкоўскі даведаўся, што бабуля дала бегляцу хлеба. Прыйшоў з двара цівун і забраў спалоханую бабулю ў панскі двор. Яе там пакаралі бізунамі, потым надзелі ёй на ногі калодкі і пасадзілі на суткі ў цёмны падвал панскага палаца. Бабуля ад сораму хацела тапіцца. І вось аднаго разу ўночы прыходзіць да бацькоў бабулі той самы панскі бяглец, а з ім разбойнік Ціхан і Шлёмка-канакрад. Бабуля ім паскардзілася на пана Чапкоўскага.
— Мы за гэта пану Чапкоўскаму адплоцім! — сказаў Ціхан.
Праз некалькі дзён згарэла панскае гумно.
— І зноў прыйшоў да нас разбойнік Ціхан — вясёлы прыгажун, чарнавусы, а твар — кроў з малаком, — апавядала бабуля.
— Адплаціў я пану Чапкоўскаму і за тваю крыўду, дзеўка! — сказаў мне Ціхан, абняў і пацалаваў у галаву.
— Дзякую, дарагі… — шапнула я Ціхану на вуха. — Маці паставіла гасцям гарэлку, шабасовую рыбу, халу. Усе нашыя былі рады за такую адплату пану. А я была да таго шчаслівая, аж не ведала, што рабіць. Смяялася, скакала, спявала. Разбойнік Ціхан глядзеў на мяне, гладзіў доўгія вусы ды ўсміхаўся.
— А ты не баішся мяне, разбойніка? — запытаўся Ціхан.
— Не… — адказала я, паглядзела на яго і апусціла вочы. Ён такі быў прыгожы, аж мне сорамна было глядзець яму ў вочы… Ціхан абняў мяне адной рукой ды сказаў:
— Не бойся мяне. Добрых людзей я ніколі не крыўджу.
Бабуля на хвіліну спыніла апавяданне, задумалася.
— Маладая я была. Годы мае рэчкай паплылі. Эх, Божа мой! А такія людзі, як разбойнік Ціхан, служаць у руках Усявышняга кіем для пакарання злых людзей! — растлумачыла мне бабуля ўчынак Ціхана.
Яе чорныя вочы, акружаныя густымі сеткамі зморшчынак, весела і молада засвяціліся.
Пра разбойніка Ціхана бабуля часта ўспамінала. Яна апавядала, што ён бедных людзей ніколі не чапаў. Наадварот — даваў ім грошы. А яго сябар, канакрад Шлёмка, краў коней толькі ў багатых.
Улетку жылі яны ў зямлянцы ў пушчы. І колькі паліцыя і салдаты ні шукалі гэтай зямлянкі — знайсці не маглі. Узімку яны, пераапранутыя купцамі, выязджалі ў другую губерню.
У кірмашовыя дні яны разгульвалі па вакольных мястэчках. Нікога не баяліся. Іх баяліся ўсе.
Ціхан даставаў для сваіх малайцоў гарэлку ў аднаго карчмара за дзесяць вёрст ад Пасадца. Там спыняліся і цыганы, што забіралі крадзеных коней у Шлёмкі. Зорах зваўся той карчмар. Ён меў ад Ціхана і сваю долю ва ўсіх гэтых справах.
За галаву Ціхана менскі губернатар абяцаў тады вялікія грошы.