Знайшоў мяне мой былы вучань зь вiленскай гiмназii Фр. П-вiч.
Яго, таксама як мяне, спакусiла "савецкае будаўнiцтва". Прыехаў у Менск з Прагi, дзе вучыўся на мэдыцынскiм факультэце. Яму далi мала. Толькi тры гады концлягеру, якiя праседзеў ужо на Салоўках.
Цяпер перавялi яго ў нашую карантынную роту, дзе чакаў на пастанову маскоўскае калегii датычна далейшае свае долi.
Сядзеў у другiм бараку. Даведаўшыся, шо й я тут, прыйшоў да мяне пагутарыць. Яму, як чалавеку, якi адбыў ужо сваю кару, можна было вольна хадзiць з бараку ў барак.
- Было мне не найгорш,- казаў.- Дзякуючы маёй праскай мэдыцыне, удалося мне ўладзiцца за лекпома...
- Што гэта?
- Памагаты лекара - фэльчар. Дзякуючы гэтаму не давялося працаваць на лясных работах. Цяпер сяджу тут пяты ўжо месяц - усё чакаю, што далей. Думаю, што пашлюць мяне на пару год у Сiбiр. 3 высылкi ўцяку...
- Цiшэй! He кажэце гэтак!
- Дык-жа нiхто ня чуе. Уцяку. Буду ў Вiльнi. Даю вам слова, што буду ў Вiльнi! Там раскажу аб вас. 3 Саловак уцячы ня было нiякае магчымасьцi. Прабавалi iншыя - не ўдалося нiкому. Зь Сiбiру ўцяку! Калi трэба будзе камусьцi лоб расшчапiць - расшчаплю, а ўцяку!
- Цiшэй, калi ласка!
- Нiчога. Нiхто ня чуе...
П-вiчу ўдалося выстарацца для мяне перавод у ягоны барак. Там было шмат вальней. Нам удалося разьмясьцiцца на верхнiх нарах. Каля самых нараў цягнулася зялезная труба ад печкi. Тут, на гэтай трубе, П-вiч пёк для мяне "ляпёшкi". Хаця сам жыў толькi на казённым пайку, нiзашто не хацеў узяць ад мяне нi "ляпёшкi", нi кусочка сала.
- Вы павiнны ашчаджаць свае сiлы й грошы... Нiзашто не вазьму! Вас чакае яшчэ шмат гадоў цяжкiх перажываньняў, а я ўжо скончыў... Я ўжо аднэй нагой на волi...
- Ну, на волi!..
- Але! Кажу вам! Як толькi выбяруся з лягера, зараз пачну думаць, як уцякаць загранiцу... I ўцяку!..
П-вiч быу маiм апякуном. Для мяне, чалавека новага ў лягеры, апека П-вiча як зь неба звалiлася. Ён ня толькi думаў аб тым, каб палепшыць мае фiзычнае палажэньне, але, што галоўнае, заражаў мяне сваiм аптымiзмам, надаваў мне надзеi на вызваленьне.
* * *
Нядоўга трывала нашае супольнае жыцьцё на нарах у карантыннай роце.
Аднойчы, калi паклiкалi ўсiх на работу, П-вiч не паслухаўся.
- Не пайду! Я ўжо скончыў свой тэрмiн! Ня маеце права браць мяне на работу!
- П-вiч! Што вы робiце! Не пратэстуйце, гэта нiчога не паможа... - стараўся я пераканаць яго.
- Не пайду! Хай робяць, што хочуць... Ня маюць права. Я не пайду!
П-вiча зачынiлi ў iзалятар. Больш я ў концлягеры яго ня бачыў.
Сустрэлiся мы шмат гадоў пасьля ў Вiльнi...
Далейшае падарожжа
Прамiнулi два тыднi гэткага "карантыну" ў бараках iз блышыцамi й вошамi.
Прыйшлi нейкiя людзi й пачалi выклiкаць вязьняў. Прачыталi колькi дзесяткаў прозьвiшчаў. У гэтым лiку быў i я.
Павялi нас у лазьню. Пры дзьверах сеў "днявальны" (стораж), пiльнуючы, каб хто ня выйшаў вонкi.
Падлога й тапчаны былi шчэ мокрыя пасьля апошняй "банi". Hi сесьцi, нi легчы. Часiны несупакою й няпэўнасьцi. Што будзе далей?
Увечары "днявальны" гукнуў:
- Аляхновiч! Хадзi сюды! Тут да цябе нейкiя прыйшлi!
Гэта былi прыяцелi-беларусы з Менску. У цёмных сенцах адзiн зь iх падаў мне нейкi пакецiк.
- Што гэта?
- Гэта соль. Трэба гэтым нацерцiся пад пахамi. Ад гэтага падвышаецца тэмпэратура. Дамагайцеся, каб вас павялi да доктара, што вы хворы... што ня можаце ехаць...
- Куды мяне павязуць?
- На востраў Мяч... на лясныя работы. Гэта горш за Салоўкi... Калi вам удасца астацца ад гэтага этапу, уладзiм вас у канцылярыi... Цяпер трэба рабiць, што мага... Дагэтуль не ўдалося. Ну, тымчасам бывайце здаровы!.. Трэба ўжо йсьцi... Даўжэй нельга... Нацiрайцеся!
Я сеў на мокрым тапчане, разгарнуў торбачку з соляй i зрабiў тое, што мне раiлi прыяцелi.
Пасьля заявiў днявальнаму:
- Таварыш днявальны! Вядзеце мяне да доктара.
- А чаго там? - нехаця спытаўся вартаўнiк.
- Я хворы... Трасца... Тэмпэратура падвышаная... Я думаю, што гэта тыфус...
- Добра. Зараз заяўлю.
Праз мамэнт мяне павялi. Вялi нейкiмi сьцежкамi, памiж кучамi дошчак. Iшлi паўз нейкiя баракi. Дарогу асьвятляў толькi месяц.
У нейкiм драўляным памешканьнi было сьвятло ў адным вакне. Гэта была больнiца. Павадыр мой пастукаўся.
- А там хто?
- Прывёў хворага, таварыш доктар!
- Давай яго сюды!
3 тапчана падняўся чалавек са змораным тварам. Вiдаць, што нядаўна скончыў сваю работу й злаваўся, што яму не даюць супакою.
На падлозе валялiся кавалкi ваты, брудныя бандажы. На столiку з простых сасновых дошчак стаялi бутэлечкi зь лекамi. На сьценцы вiсела малая шафачка з мэдыкамэнтамi.