Гаспадар: - Што гэта вы нарабiлi ў Цехацiнку?
Я: - Дзе? У Цехацiнку, кажаце? Дык гэта было ўжо так даўно... Мусiць, каля 15 гадоў... Ну, бывае... Грахi маладосьцi... Рамантычная гiсторыя...
Гаспадар: - He. He 15 гадоў, але зусiм нядаўна...
Я: - Нядаўна? Я нiкуды не выяжджаў зь Вiльнi...
Гаспадар: - Кажуць, што нейкiя польскiя ксяндзы запрасiлi вас на "одчыт", вы зьявiлiся зусiм п'яны й пачалi там нешта плесьцi аб тым, як вас выслала ў Менск польская дэфэнзыва i г.д.
Я: - Што?.. Хто гэта казаў?
Гаспадар спачатку не хацеў выявiць прозьвiшча iнфарматара. Але ў рэшце рэштаў сказаў: гэта быў Б., бязглузды чалавечак, бацька паршывенькага вiленскага камунiсьцiка...
Гэты чалавечак усю гэтую гiсторыю аб Цехацiнку расказаў таксама й кс. В.Г. Каму шчэ - ня ведаю.
Вось якiя штукi прыдумвалi! He ўдалося зрабiць з Аляхновiча агента ГПУ, дык папрабуем зрабiць яго агентам дэфэнзывы! Трэба яго неяк апаганiць, запэцкаць, каб страцiў у грамадзянства ўсялякi давер...
Пару дзён пасьля я спаткаўся на вулiцы з гэтым Б.
- Што-ж гэта вы выдумалi пра нейкi Цехацiнак? - спытаўся я, расказаўшы пачутае ад гаспадара кнiгарнi апавяданьне.
- Я? Крый Божа! - адпiраўся ён.- Нiчога падобнага! He Цехацiнак, а Цеханавiчы. Я быў у Цеханавiчах. Там начаваў у ваднэй гасподзе. Гаспадар мне кажа, што быў тут зь Вiльнi нейкi журналiсты, выпiў з хурманом лiтар гарэлкi й расказваў аб Салоўках... Дык я думаў, што гэта вы.
- Ну, дык памятайце: адбрахаць тое, што набрахалi.
Вось як бальшавiцкая погань атручвала мне жыцьцё нават у Вiльнi!
Канчаю. Я чуў, кажуць, што я за шмат добрага напiсаў аб Саветах. Што-ж зрабiць! Я пiсаў праўду. А што пры ГПУ крыху лягчэй было, як пры НКВД - гэта не мая вiна.
У капцюры НКВД я ня трапiў. Пашанцавала. Калi-б трапiў, ужо ня пiсаў-бы гэтых радкоў. I, мабыць, ужо ня траплю.