А назаўтрае - спатканьне з прыяцелямi на вагзале ў Вiльнi.
Цяпер - да новага жыцьця, да новае працы.
Кашмар мiнуў.
I вось часiну вялiкага шчасьця давялося мне шчэ раз у жыцьцi перажыць.
Калi, як загнаны зьвер, хаваючыся, каб ня трапiць iзноў у бальшавiцкiя рукi, пасьля году гэткага жудаснага жыцьця я нарэшце пачуў грукат нямецкiх бомбаў i пабачыў, як уцякалi бальшавiкi,- я перажыў часiну радасьцi, якая ў сваёй эмацыянальнасьцi ня саступала перад тэй, ад 6 верасьня 1933 г.
Эпiлёг
I вось я на волi. Цешуся, п'янею ад волi. Месца сабе не знаходжу. He сядзiцца на адным месцы. Вось пайду яшчэ сюды, загляну туды, пабачуся з гэтым, трэба шчэ наведаць таго. I як дзiўна. Нiхто за мной ня йдзе, ня трэба нiякага пропуску, куды хачу, туды йду.
Дзе-ж гэтыя, што памiраюць з голаду, беспрацоўныя, аб якiх я гэтулькi чытаў i чуў там, у Саветах? На гасподу майго прыяцеля, у якога я жыву, часта звоняць нейкiя людзi: мужчыны, бабы... "Паночку! Калi ласка, беднаму галоднаму беспрацоўнаму, сяньня шчэ ня еўшы... Дайце, што ласка..." Гаспадыня дае галоднаму кавалак белай булкi з маслам, з сырам... У ваччу "галоднага" расчараваньне...
Варочаюся дахаты... Што гэта на клямцы? Прыглядаюся... На клямцы ўбiта булка з маслам i сырам... Скуль гэта булка? А! Гэта быў беспрацоўны... Галодны... не дастаўшы грошай, у злосьцi ўбiў булку на клямку... "Падавецеся вы сваёй булкаю!"...
Я бачу, што ў буржуазных краёх людзi не памiраюць з голаду, як аб гэтым на працягу 6 гадоў i 8 месяцаў я бязупынна чуў i чытаў у бальшавiцкiх газэтках...
Сяджу ў кавярнi... Грае аркестра... Усе людзi чыстыя, сытыя, вясёлыя, ветлiвыя... I ўспамiнаюцца мне цяпер лягерныя блышыцы й вошы, гукi факстроту, якiя прыносяць радыёвыя хвалi з далёкiх старонак...
Няўжо-ж усё гэта я запраўды перажыў? Няўжо-ж гэта ня сон, як тады - на вастрожных нарах?..
Хочацца гаварыць, а шчэ больш хочацца пiсаць. Хочацца расплюшчваць людзям вочы. А людзi кажуць:
"Ну, няма дзiва, што вы гэтак настроены... Салоўкi. Блiзу 7 гадоў... Гм... Гэта ня жартачкi... Дык вы ня можаце глянуць на справу бесстаронна, вы на ўсё глядзiце аднабока... Але за што-ж вас у рэшце рэштаў пасадзiлi?.. Мусiць, нешта было"...
Iдыятычнае пытаньне!.. За што? Таксама iдыятычна. Бядуля аднойчы, спаткаўшыся на вулiцы ў Менску з маiм сваяком (пасьля майго вызваленьня), сказаў:
- А што! Бачыце! Вымянялi! Значыцца, не здарма! Значыцца, нешта было...
Хочацца пiсаць. Пайшоў у "Крынiцу". Разводзяць рукамi. Няма месца. Газэта бiтма набiтая матар'ялам... Можа, з часам... можа, калiсь...
Разумею...
А пiсаць хочацца...
Рэдакцыя польскае газэты "Słowo" прапануе мне, каб я надрукаваў у iх свае ўспамiны. Ахвоча згаджаюся. Пiшу. Пiшу праўду. Прытрымваюся прынцыпу: ня згушчаць хварбаў. Толькi праўду. Калi што блага - пiшы, што блага, калi што добра - пахвалi! Але людзi ня вераць. Не! Гэты Аляхновiч махлюе. Гэта ня так...
А тым часам ГПУ ня сьпiць. Шчупнi палiпавы растуць, выцягваюцца, працягваюцца ажно да Вiльнi... Трэба неяк паралiжаваць Аляхновiчаву работу...
У габiнэце галоўнага рэдактара "Slowa" С. Мацкевiча (Cat) зьвiнiць тэлефон.
- Хто гаворыць?
- Заступнiк начальнiка 2-га аддзелу, Ш. Што вы робiце? Нашто вы друкуеце гэтага Аляхновiча? Вы нiчога ня ведаеце! Гэта вельмi цёмны тып! Што? Кажаце: быў на Салоўках... Ну, гэта шчэ пытаньне, цi ён там быў,.. Наагул - ня верце яму й будзьце асьцярожныя. Мы маем дадзеныя, што ён - агент ГПУ!..
Вось гэта здорава прыдумана! Як, якiм парадкам ГПУ здолела сугераваць гэтую чутку польскай Дэфэнзыве,- гэтага ня ведаю. Гэта застаецца таямнiцай iхнай: ГПУ й Дэфэнзывы.
Ну, ведама, у рэдакцыi думалi, разглядалi, кумекалi - i прыйшлi да выснаваў, што п.Ш мае благiя iнфармацыi... Што-як-што, але каб Аляхновiч супрацоўнiчаў з ГПУ,- ну, гэта ў галаве ня месьцiцца...
I вось я пiсаў далей. Паслаў свой рукапiс у расейскай мове ў газэту "Возрожденiе" ў Парыж. Надрукавалi. Прыслалi грошы. Тады я сваiм коштам выпусьцiў свае ўспамiны кнiжкай у польскай мове. Зарабiў. Кнiжка разыйшлася. Знайшоўся выдавец на другое выданьне. Зьвярнулася да мяне фiрма "G. Nerbini" з Фiрэнцэ. Выдрукавалi па-iтальянску "La verita sulla Russia Bolscevica". Атрымаў прапановы з Рыо дэ Жанэйро. Зьявiлася "Sete annos nas garras sovieticas" па-партугальску. Друкавала мяне ўкраiнскае "Дiло", а пасьля выпусьцiла асобнай кнiжкай "7 лiт на Соловках".
Крыху, можа, нязручна аўтару казаць аб сваiх удачах, але мушу гэта зрабiць як уступ да новае штукi, выкiнутае ГПУ у дачыненьнi да мяне.
Як ужо я сказаў вышэй, "Крынiца" адмовiлася друкаваць мае ўспамiны (нават без ганарару!). Я ведаў, што беларускае выданьне кнiжкi слаба разыйдзецца. Але мне надта хацелася, каб кнiжка мая зьявiлася i ў маёй роднай мове...
I вось, у канцы 1937 г. зьявiлася "У капцюрох ГПУ".
Я сам займаўся кальпартажам кнiжкi. Пасылаў знаёмым праз пошту. Некаторыя прысылалi грошы, iншыя толькi дзякавалi. Раздаў па колькi экзэмпляраў у вiленскiя кнiгарнi.
I вось, як я аднойчы зайшоўся ў вадну iз гэткiх кнiгарняў, каб даведацца, як разыходзiцца кнiжка, памiж мною i гаспадаром быў гэткi больш-менш дыялёг: