— Ох, гэтыя мужчыны!.. — Сказала і паківала пальцам з пярсцёнкам, на якім зіхотка пераліваўся вялікі александрыт. — Не паспее каторы ад жонкі адвярнуцца, а ўжо знаёмствы заводзіць.
Вусны яе ўсміхаліся, а вочы за шклом акуляраў былі як снежныя камякі — празрыста-шэрыя і халодныя. «Цяпер і яна іншым галасам загаварыла, паджартоўвае. Канечне, выспаўшыся, можна і пажартаваць», — саркастычна падумаў Корчык.
— Дык чаму ж, Валянціна Іванаўна, я з вашае ласкі на рыпучым крэсле паўночы гібеў? — зноў павярнуў ён на сваё. — Дайце мне, калі ласка, кнігу скаргаў.
На падфарбаваных вуснах па-ранейшаму іграла ўсмешка, толькі ў глыбіні зрэнкаў успыхнуў і прытаіўся жорсткі бляск.
— Вы чаго, грамадзянін, чэпіцеся? Будзеце прыставаць — я напішу. Уварваўся п’яны сярод ночы ў гасцініцу, а цяпер яшчэ чэпіцца!
— Я п’яны быў?! Ды вас жа за паклёп — да адказнасці! Пад суд!
Валянціна Іванаўна зларадна ўсміхнулася.
— А што на судзе сведка скажа — швейцар? Хто прыставаў да яго, каб канапу шукаў? Ад каго перагарам несла?
Корчык як стаяў, апусіцўшы рукі, так і знерухомеў. Толькі лыпаў вачамі, як ачмурэлы. Уміг яго быццам варам абдало. Але ж сапраўды... Учора ў вагоне ён сапраўды выпіў бутэльку піва. Горача было, смага мучыла — дык ён і выпіў за ўсё лета ўпершыню. I собіла ж якраз! Швейцар пацвердзіць, і даказвай потым…
Валянціна Іванаўна яшчэ нешта гаварыла, але Корчык ужо не прыслухоўваўся да яе слоў. Бездапаможна зірнуўшы на жанчыну, ён павярнуўся і — шмыгнуў за дзверы.
На вуліцы, заспакойваючы сябе, падумаў: «Ат, ліха з ёю. Інтэлігентны чалавек павінен умець узняцца над асабістай крыўдаю». I адчуў — узбагаціўся.
БОЦІКІ «КАЗАЧОК»
I трэба ж здарыцца так! Зінаіда Панцялееўна, стоячы ў чарзе за вельветавымі джынсамі, упусціла з рукі дваццацікапеечную манету. Пачала шукаць, ды замест яе знайшла пяцёрку — нейкая разява згубіла.
Назаўтра яна зноў завітала ў магазін, сама не ведаючы, а дакладней, не прызнаючыся сабе, — чаго. Пераступіла парог і ахнула: давалі боцікі фасона «казачок». Жаночая чарга гула ўзбуджаным рознагалоссем. Боцікі — цуд; каблук прамы, нос востры, халявы гармонікам! Але ж, прыкінула Зінаіда Панцялееўна, калі станавіцца ў хвост, не меней як гадзіну прастаіш, ды ці не разбяруць яшчэ, пакуль твая чарга дойдзе!.. I яна прыняла рашэнне: папрацаваць локцямі. Хіба гэтая размаляваная пісклявая драбяза ўстаіць супраць, як кажа муж, танканага націску!
Яна рушыла. Тая ўправа адлятала ад яе, тая ўлева… Усчаўся вэрхал, гвалт: нахабства, вераломства! Аднак Зінаіда Панцялееўна хутка ўсіх супакоіла.
— Чаго заекаталі? Я маю права без чаргі! — грымнула яна так, што бліжніх аж ударыла паветранай хваляй, як ад выбуху.
— Чаму, на якой падставе?
— Што, можа дакументы паказаць? От людзі пасталі!.. Ды і не вашы ж я вазьму! Мне саракавы памер трэба. А ну сціхніце!
Запанавала такая цішыня, што чуваць было, як, разгублена і вінавата міргаючы, зашамацелі панаклейваныя вейкі.
Калі Зінаіда Панцялееўна, прымераўшы боты, збіралася ісці ў касу, каб выбіць чэк, яе раптам асяніла: не можа быць, каб у такой таўкатні хто-небудзь з гэтага варання грошы не згубіў! Рашэнне прыйшло само сабою: важкая манета шлёпнулася каля яе ног.
— Бабанькі, капітал выпаў. Не штурхайцеся так, я пашукаю, — з паблажлівай жартаўлівасцю, разлічанай на прымірэнчы эфект, праракатала яна.
Жанчыны крыху расступіліся, але, занятыя сваім клопатам, не звярталі на Зінаіду Панцялееўну ўвагі. Яна таропка шнырыла рукамі з залатымі пярсцёнкамі на пальцах па падлозе, ды ні скамечанай купюры, ні сваёй манеты так і не знайшла. Пальцы раптам намацалі шчыліну ў падлозе, і яна ўсё зразумела. У душу кіпенем хлынулі роспач і злосць.
Плацячы грошы за боцікі, Зінаіда Панцялееўна аж калацілася ўся. Медзякі, калі адлічвала іх, дробненька бразгаталі ў яе руках. Можа, яна і супакоілася б неўзабаве, каб яе не абурыла яшчэ адна ганебная акалічнасць. Вярнуўшыся ў аддзел, яна пачула, як прадаўшчыца, чарнявая дзяўчына з белай ружай у валасах, кінула маладой пакупніцы:
— Не падабаецца — можаце не купляць, ніхто вам іх не навязвае.
— Гэта вы так з пакупнікамі размаўляеце? — выдыхнула Зінаіда Панцяяееўна тонам, які не прадказваў прадаўшчыцы нічога добрага. — Такой культураю вы прывячаеце нашага брата? Кнігу скаргаў мне!
— Дык я ж... Даруйце, калі ласка, — узмалілася белая ружа.
— Вам даруй, дык вы на галаву сядзеце! Бач, расперазаліся! Хто для каго: мы для вас ці вы для нас? Ну, каму сказала — кнігу схаргаў! I самапіску!
— Але ж у нас кніга не «скаргаў», а «прапаноў». Скаргаў на нас не бывае.
— Усё роўна давай! Зараз я вам прапанову дык прапанову напішу!
Праз мінуту, адышоўшы да акна, Зінаіда Панцялееўна ў кнізе нрапавоў запісала: «У магазіне няма элементарнага парадку…»
— Падыдзіце заўтра, я вам знайду яшчэ пару югаслаўскіх,— шапарнула ёй пад вуха белая ружа.