Ашаломлены ўсiм убачаным, я накiраваўся к Прымроз-Хiлу. Удалечынi праз дрэвы я ўбачыў другога марсiянiна, такога ж нерухомага, як i першы; ён моўчкi стаяў у парку блiз Заалагiчнага сада. Далей за развалiнамi, што акружылi паламаную мнагарукую машыну, я зноў убачыў чырвоную траву; увесь Рыджэнт-канал зарос губчатай цёмна-чырвонай раслiннасцю.
Калi я пераходзiў мост, няспыннае выццё "улла... улла... улла... улла..." раптам абарвалася. Здавалася, нехта яго перапынiў. Нечаканая цiшыня ўразiла так, як грамавы ўдар.
З усiх бакоў мяне абступалi высокiя, цёмныя, пустыя дамы; дрэвы блiжэй да парка станавiлiся больш чорныя. Сярод развалiн расла чырвоная трава; яе парасткi быццам падпаўзлi да мяне. Надыходзiла ноч, мацi страху i тайны. Пакуль гучаў гэты голас, я неяк мог пераносiць адзiноту, яна была яшчэ цярпiмаю; Лондан здаваўся мне яшчэ жывым, i я бадзёрыўся. I раптам гэта перамена! Нешта адбылося - я не ведаў што, - i настала амаль адчувальная цiшыня. Мёртвы спакой.
Лондан глядзеў на мяне, як прывiд. Вокны ў пустых дамах былi падобныя на вочныя ўпадзiны чэрапа. Мне здавалася, што ка мне падкрадваюцца тысячы ворагаў. Мяне ахапiў жах, я спалохаўся сваёй дзёрзкасцi. Вулiца наперадзе стала чорная, як быццам яе вымазалi дзёгцем, i я заўважыў якiсьцi сутаргава скрыўлены цень упоперак дарогi. Я не мог прымусiць сябе iсцi далей. Звярнуўшы на Сент-Вуд-роўд, пабег к Кiлберну, ратуючыся ад гэтага невыноснага маўчання. Я схаваўся ад ночы i цiшынi ў рамiзнiцкай будцы на Хароў-роўд. Я прасядзеў там амаль усю ноч. На досвiтку я крыху падбадзёрыўся i пад мiгатлiвымi зорамi пайшоў к Рыджэнт-парку. Я заблудзiўся i раптам убачыў у канцы доўгай вулiцы ў перадранiшнiх прыцемках мудрагелiстыя абрысы Прымроз-Хiла. На вяршынi, падымаючыся высока насустрач мiгатлiвым зоркам, стаяў трэцi марсiянiн, гэткi ж прамы i нерухомы, як i астатнiя.
Я рашыўся на рызыкоўны ўчынак. Лепш памерцi i пакончыць з усiм. Тады мне не давядзецца забiваць сямога сябе. I я рашуча накiраваўся к тытану. Падышоўшы блiжэй, я ўбачыў у перадранiшнiм святле зграi чорных птушак, якiя кружылi вакол каўпака марсiянiна. Сэрца маё забiлася, i я пабег унiз па дарозе.
Я трапiў у зараснiк чырвонай травы, якая пакрыла Сент-Эдмундтэрас, па грудзi ў вадзе перайшоў уброд паток, што сцякаў каля вадаправода к Альберт-роўд, выбраўся адтуль яшчэ да ўсходу сонца. Вялiзныя кучы зямлi былi насыпаны на вяршынi пагорка, быццам для агромнiстага рэдута, - гэта было апошняе i самае вялiкае ўмацаванне, пабудаванае марсiянамi, i адтуль падымаўся ў неба лёгкi дымок. Прабег сабака i знiк. Я адчуў, што мая здагадка павiнна пацвердзiцца. Ужо без усякага страху, дрыжучы ад хвалявання, я ўзбег уверх па пагорку да нерухомага страшыдлы. З-пад каўпака звiсалi друзлыя бурыя камякi; iх клявалi i рвалi галодныя птушкi.
Яшчэ праз хвiлiну я ўзабраўся па насыпе i стаяў на грэбенi вала унутраная пляцоўка рэдута была ўнiзе, пада мною. Яна была даволi абшырная, з гiганцкiмi машынамi, гарою матэрыялаў i дзiўнымi збудаваннямi. I сярод гэтага хаосу на перакуленых трыножках, на нерухомых мнагарукiх машынах i прама на зямлi ляжалi марсiяне, здубянелыя i маўклiвыя, - мёртвыя! знiшчаныя нейкай заразнай бактэрыяй, да барацьбы з якою iх арганiзм не быў прыстасаваны, знiшчаныя гэтаксама, як была пасля знiшчана чырвоная трава. Пасля таго, як усе сродкi абароны чалавецтва былi вычарпаны, прышэльцы былi вынiшчаны самымi нiкчэмнымi стварэннямi, якiмi прамудры госпад насялiў Зямлю.
Усё адбылося так, як i я, i многiя людзi маглi б прадбачыць, калi б страх i панiка не азмрочвалi наш розум. Гэтыя зародкi хвароб ужо ўзялi сваю данiну з чалавецтва яшчэ ў дагiстарычныя часы, узялi данiну з нашых продкаў-жывёлiн яшчэ тады, калi жыццё на Зямлi толькi што пачыналася. Дзякуючы натуральнаму адбору мы развiлi ў сабе здольнасць супрацiўляцца; мы не ўступаем нiводнай бактэрыi без упартай барацьбы, а для многiх з iх, як, напрыклад, для бактэрыяў, што спараджаюць гнiенне мёртвага цела, наш арганiзм зусiм непрыступны. На Марсе, вiдаць, няма бактэрыяў, i як толькi заяўленыя на Зямлю прышэльцы пачалi харчавацца, нашы мiкраскапiчныя саюзнiкi прынялiся за работу, рыхтуючы iм згубу. Калi я ўпершыню ўбачыў марсiянаў, яны ўжо былi асуджаны на смерць, яны ўжо паступова вымiралi i гнiлi на хаду. Гэта было непазбежна. Заплацiўшы мiльёнамi жыццяў, чалавек купiў сабе права жыць на Зямлi, i гэта права належыць яму насуперак усiм прышэльцам. Яно належала б яму нават i тады, калi б марсiяне i ў дзесяць разоў пераўзыходзiлi чалавека. Бо чалавек жыве i памiрае не дарэмна.
Усiх марсiянаў было каля пяцiдзесяцi; яны валялiся ў сваёй вялiзнай яме, падкошаныя смерцю, якая павiнна была здавацца iм загадкаваю. I для мяне ў той час iх смерць была загадкаю. Я зразумеў толькi, што гэтыя пачвары, якiя наводзiлi на людзей страх, мёртвыя. На момант мне здалося, што зноў паўтарылася паражэнне Сенахерыба, што госпад пашкадаваў нас, i анёл смерцi загубiў iх за адну ноч.