— Грамадзянін Зайчык, раскажыце, калі ласка, як гэта вы праявілі такое «геройства», як адабралі ў дзяўчыны сумачку,— строга спыталася суддзя.
Падсудны пераступіў з нагі на нагу, азірнуўся на Маргарыту Івашкевіч.
— Яна ўсё сказала,— адказаў абыякава.
— Дык вы прызнаеце сваю віну?
Зайчык памаўчаў, абвёў вачыма сцены, глянуў на столь, сказаў неахвотна:
— Ну, прызнаю...
— Пацярпеўшая заявіла, што вы былі не адзін, што падышлі да яе ў парку ўдвух,— сказала суддзя.— Хто быў з вамі?
— Я быў адзін, у яе ў вачах дваілася,— адказаў падсудны.
Нехта ў залі коратка хіхікнуў, і суддзя застукала алоўкам па стале.
— Кіньце вашы ўхмылачкі, падсудны,— сказала строга.— Тут вам не цырк! Адказвайце на пытанне, хто быў з вамі ў парку сёмага лютага ў дзесяць гадзін вечара?
Зайчык апусціў галаву, маўчаў, не адказваў, але ўхмыляцца перастаў.
— Майце на ўвазе, вы ўпіраецеся не на карысць сабе. Каб вы расказалі ўсё, як было, назвалі таго, хто быў з вамі, каб мы бачылі, што вы каецеся, што вам сорамна за ваш учынак, суд знайшоў бы магчымасць зменшыць вам меру пакарання. Але вам, здаецца, не сорамна, што вы, малады дужы мужчына, замест таго, каб абараніць жанчыну, грабіце яе, вы пакрываеце саўдзельніка ды яшчэ ўхмыляецеея, быццам не перад судом стаіце, а недзе ў цырку!
Суддзя памаўчала, мусіць, супакойваючы хваляванне, на яе шчоках і на шыі выступілі ружовыя плямы, яна гартала дакументы, што ляжалі перад ёю ў папцы, спынілася на адным, трымаючы яго за ражок двума пальцамі.
— Вы працавалі на заводзе падсобным рабочым, мелі зарплату восемдзесят рублёў, жылі ў інтэрнаце... На аднаго чалавека, без сям’і, восемдзесят рублёў не так і мала, ды нават каб і мала было, хіба гэта значыць, што трэба ісці на вуліцу і рабаваць людзей?
Падсудны маўчаў, не гаварыў нічога.
— Вось у мяне характарыстыка з вашай работы,— апусціла суддзя лісток, які трымала ў руках, пастукала па ім пальцам.— Тут вельмі мала харошага пішуць пра вас. «За час работы на заводзе Віктар Паўлавіч Зайчык паказаў сябе недысцыплінаваным, часта грубіў, прыходзіў на работу п’яны...»,— прачытала суддзя.— Вам што, на гарэлку былі патрэбны грошы, і вы адабралі іх у дзяўчыны?..
Падсудкы памаўчаў, потым адказаў, як бы неахвотна:
— Я быў п’яны... Не помню, што рабіў.
Суддзя ўважліва на яго паглядзела.
— Тое, што вы былі п’яны, не апраўданне для вас. Сп’яну людзі часта робяць злачынствы. Колькі вы ў той вечар выпілі?
Падсудны падумаў, быццам успамінаючы.
— Два паўлітры... I піва яшчэ... не помню...
— Два паўлітры і піва на дваіх?
Зайчык схамянуўся, як апамятаўся.
— Не на дваіх... Я адзін піў... Можа, адно паўлітра, не помню, колькі ўжо, не помню.
— Пакрываеце саўдзельніка! — строга сказала суддзя.
Выклікалі сведкаў, спачатку хлопца ў сіняй куртцы, і ён расказаў, як сёмага лютага ў дзесяць гадзін вечара, ідучы цераз парк з работы дадому, пачуў крык дзяўчыны, потым убачыў чалавека, які ўцякаў, пабег за тым чалавекам і даў яму падножку.
Міліцыянер расказаў, што, несучы дзяжурства ў парку, ён убачыў двух мужчын, якія біліся, і адзін з іх крычаў, зваў міліцыю. Калі міліцыянер падбег да мужчын, то зразумеў, што адзін з іх хоча ўцячы, а другі трымае. Той, што хацеў уцячы, і быў грамадзянін Зайчык, які схапіў сумачку ў грамадзянкі Івашкевіч Маргарыты Яфімаўны.
Як ні дабівалася суддзя, каб падсудны назваў імя таго, хто быў з ім у парку, хто разам з ім падышоў да грамадзянкі Івашкевіч, Зайчык так і не назваў яго.
Выступаў пракурор. Ён гнеўна абвінавачваў падсуднага і патрабаваў яму суровай кары — пяць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў калоніі строгага рэжыму.
Адвакат прасіла суд звярнуць увагу на тое, што грамадзянін Зайчык судзіцца ўпершыню, пераконвала суд, што калі не цяпер, то пазней падсудны зразумее, які ганебны быў гэты яго ўчынак, і прасіла зменшыць тэрмін пакарання.
Павел Іванавіч сядзеў за судзейскім сталом на ўзвышэнні, у крэсле з высокаю спінкаю, з правага боку ад суддзі. 3 залі на яго глядзелі проста апранутыя людзі, сцішаныя, поўныя ўвагі да таго, што тут адбываецца, поўныя павагі да людзей, якія тварылі суд,— служылі праўдзе, дабру.
Сярод тых, што сядзелі ў залі, была маладая жанчына ў шэрай хустцы і зялёным зімовым паліто. На каленях у яе стаяла вялікая чорная сумка, такая, з якою гаспадыні ходзяць па магазінах. Жанчына сядзела ззаду за падсудным, крыху збоку, і ўсё паглядала на яго голую шыю, на стрыжаную галаву. Часам яна вымала са сваёй сумкі насоўку, выцірала вочы, паціху смаркалася ў яе і зноў клала насоўку ў сумку. «Хто яна падсуднаму? — падумаў Павел Іванавіч.— Сястра? Жонка? Проста знаёмая?»
Суддзя аб’явіла, што суд пакідае залю для вынясення прыгавору. Усе ўсталі, і падсудны ўстаў, зноў быццам нехаця, бокам, хаваючы рукі за спіну.
*