Читаем Ведзьміна тоня полностью

Маўчалі. Раптам падалося, што іх спадзяванне адшукаць магілу на гэтым востраве — марнае. Што нічога не атрымаецца з іх плана. І што ўвогуле няма ніякай магілы тут, і не было таго дакументу ў Інтэрнэце. І што будзе ім сорамна вяртацца ў вёску. А потым — гэта ж абавязкова! — прыедзе той атрад «Пошук». У іх, няйначай, і металашукальнік ёсць…

— Чорт, нам бы металашукальнік, — са шкадаваннем працягнуў Віталь. — У пяць хвілін бы ўсё знайшлі.

— Знойдзем і так, — накінулася раптам на Віталя Жэнька. — Бач, падавай яму ўсё, каб не выходзячы з палаткі ўсё адшукаць. Мы і сотую частку яшчэ не агледзелі, а ўжо плакаць.

— А я што? Я нічога… — стаў апраўдвацца Віталь.

У гэты момант Нэла саскочыла з каленяў Жэнькі, падышла да Віталя і, гледзячы прама ў яго твар, нечакана строга загадала:

— Не пач!

— Правільна, Нэла! Малайчына!

Сяргей схапіў Нэлу на рукі, высока падкінуў, прыціснуў да сябе:

— Не плач, Віталь, адшукаем! Праўда ж, Нэла?

— Паўда!

Усе зразумелі, што адбылося — Нэла не проста паўтарыла словы ці гук — яна сказала тое, што сама збіралася сказаць. І гэта раптоўна зменшыла іх агульную няўдачу. І на самай справе — чаго плакаць?

— Разбівай наступны сектар! — усхапіўся Віцька. — Сяргей, ставім вешкі! Бягом!

Ці не подбегам сталі разбіваць наступны ўчастак іх пошукаў.

…Грудку камянёў пабачылі, лічы, ўсе разам — у неглыбокай яміне.

І — застылі перад імі моўчкі, без слоў зразумеўшы, што гэтая яміна — некалішні ўзгорак.

А літаральна ў трох кроках ад гэтых камянёў ляжалі рэшткі адзення, бялелі раскіданыя косткі.

Маўчанне парушыў дзед Васіль.

— Ну, вось і сябры мае… Вось і наш чацвёрты… — паказаў дзед на бялеючыя косткі.

— Гэта… Што гэта? — шэптам спытала Жэнька.

Дзед азірнуўся ў пошуках нечага, пабачыў недалёка паваленую ветрам асіну.

— Хадзем, сядзем. Пакурым, памазгуем…

Маўчалі, пакуль дзед круціў сваю самакрутку, распальваў.

— Не зразумелі, што за косці побач?

— Гэта той Пітэр!? — выгукнуў Віцька.

Ніхто не здзівіўся яго словам — здавалася, што Віцька толькі агучыў іх агульную думку, якая без слоў перадалася ад аднаго да другога.

— Дык гэта тое якраз, аб чым вы нам недагаворвалі? — спытаў Віталь. — Там, калі ў садку казалі.

— Так, тое… — пачаў дзед. — Памятаеце, пра рыбака я расказваў, які моўчкі, ні з кім не загаворваючы, сноўдаўся па Ведзьмінай тоні, а потым толькі лодку я пустую знайшоў? Па часе гэта якраз супадае з тым дакументам, што ты, Віцька, адшукаў. Дзевяць гадоў… Я так і падумаў, што вернецца ён сюды, да сваіх сяброў. Ён і вярнуўся. Адшукаў магілу і… памёр тут. Вось і ўсё, і нічога нам ні выдумляць, ні апраўдваць не трэба — усё чацвёра нашых вяскоўцаў ляжаць тут, на Савіным востраве…

— Мабыць, трэба нам яшчэ нешта зрабіць… А можа, і не тая гэта магіла? — задумаўся Віцька. — Трэба ўсё праверыць… Каб дакладна.

– І косці тыя… Прыбраць іх трэба, — падумала ўголас Жэнька і тут жа дадала: — Але я баюся іх кранацца…

— Усё правільна, — падтрымаў дзяцей дзед. — Зараз мы праверым магілу, збяром тыя косці… Ты сабе Жэнька ідзі з Нэлай у лагер…

— Не, мы побач пабудзем. І мне здымаць трэба.

— Ну, добра… Пайшлі, хлопцы.

Падышлі да мяркуемай магілы, пракапалі неглыбокую траншэю паўкругам.

— Так і ёсць, бачыце, як добра відаць, — паказаў Віталь на траншэю. — Вось тут зямлю не чапалі, а тут бачна, што капалі, перамешаны пясок і чарназём…

Гэта ўсім было зразумела.

— Ну, дайце мне рыдлёўку, — працягнуў руку за інструментам дзед Васіль. — Вы пасядзіце. Мне старому, такі грэх прабачыць Бог. Я сам…тут не павінна быць глыбока…

Ён акуратна расчысціў верхні пласт зямлі. Цяпер магіла была бачна добра.

Дзед асцярожна стаў капаць у верхняй частцы магілы.

Рэжучы гук прымусіў усіх здрыгануцца — рыдлёўка зачапіла за жалеза. Дзед рукамі стаў разграбаць пясок, адкідваць яго далей. Паказалася іржавая ваенная каска. А ў касцы — забялеў чэрап.

Войкнула, адвярнулася Жэнька.

Дзед прытрымаў чэрап на месцы, выцягнуў з пяску каску, падаў Сяргею, які стаяў бліжэй за ўсіх да магілы.

— Глядзі, ззаду павінна быць дзірка невялікая ад кулі. Каску мы яшчэ хлапчукамі на полі бою падабралі, калі нашы адступалі. Каска была толькі ў Андрэя.

Была дзірка ў касцы…

Дзед вылез з ямы.

— Ну, хлопцы, цяпер давайце збіраць тыя косці. Пакладзём іх сюды, да астатніх, закапаем акуратна, добрую магілу зробім…

— Навошта? — здзівіліся ўсе. — Дык а перазахаванне?

— Будзем сённяшнім днём жыць, — спакойна патлумачыў ён.

Дзіўна, але калі знойдзеная зямлянка не на жарт ўсхвалявала старога, то раскапаная магіла, а галоўнае — выцягнутая з магілы каска канчаткова супакоілі яго. Да дзеда вярнуліся ўпэўненасць, размеранасць і нетаропкасць. Ён зноў быццам у садзе сваім вязаў кошыкі — стаў казаць і рабіць усё без спеху, грунтоўна.

— Што будзе заўтра — ніхто не ведае. Можа, я памру, можа, начальства наша перадумае, — казаў дзед і круціў цыгарку, і рукі цяпер яго нічуць не дрыжалі, як некалі. — А мы павінны з вамі зрабіць тое, што павінны: насыпаць добрую магілу, паставіць добры крыж…

— А і праўда, — згадзіўся нечакана Віцька. — Я толькі гэтым летам столькі загадваў — мала што спраўдзілася. Хто яго ведае, што там заўтра будзе…

Перейти на страницу:

Похожие книги

Дым без огня
Дым без огня

Иногда неприятное происшествие может обернуться самой крупной удачей в жизни. По крайней мере, именно это случилось со мной. В первый же день после моего приезда в столицу меня обокрали. Погоня за воришкой привела меня к подворотне весьма зловещего вида. И пройти бы мне мимо, но, как назло, я увидела ноги. Обычные мужские ноги, обладателю которых явно требовалась моя помощь. Кто же знал, что спасенный окажется знатным лордом, которого, как выяснилось, ненавидит все его окружение. Видимо, есть за что. Правда, он предложил мне непыльную на первый взгляд работенку. Всего-то требуется — пару дней поиграть роль его невесты. Как сердцем чувствовала, что надо отказаться. Но блеск золота одурманил мне разум.Ох, что тут началось!..

Анатолий Георгиевич Алексин , Елена Михайловна Малиновская , Нора Лаймфорд

Фантастика / Проза для детей / Короткие любовные романы / Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы / Фэнтези
Волчьи ягоды
Волчьи ягоды

Волчьи ягоды: Сборник. — М.: Мол. гвардия, 1986. — 381 с. — (Стрела).В сборник вошли приключенческие произведения украинских писателей, рассказывающие о нелегком труде сотрудников наших правоохранительных органов — уголовного розыска, прокуратуры и БХСС. На конкретных делах прослеживается их бескомпромиссная и зачастую опасная для жизни борьба со всякого рода преступниками и расхитителями социалистической собственности. В своей повседневной работе милиция опирается на всемерную поддержку и помощь со стороны советских людей, которые активно выступают за искоренение зла в жизни нашего общества.

Владимир Борисович Марченко , Владимир Григорьевич Колычев , Галина Анатольевна Гордиенко , Иван Иванович Кирий , Леонид Залата

Фантастика / Детективы / Советский детектив / Проза для детей / Ужасы и мистика