За што ж блудніцай мяне ганіць? За што рукі мне выкручвае па начах і цела жывога не пакідае? Хай бы ішоў ад мяне і ратаваў сваю душу ў схіме, га? Дзяцей бы сама гадавала і подаць плаціла як за жывога гаспадара. Усё роўна яго няма ў мяне. Усё бегае ў манастыр ды кнігі бажэсцвенныя чытае. Але, відаць, не ратуюць яны ад нячысціка.
Абдыме мяне — а пасля грэх замольвае і іначай, як блудніцай, не заве. За тое блудніца, што цягне яго да мяне і нічога з сабою не зробіць. І вінаваціць, што не даю яму волі, што свет без мяне нямілы.
Дык забі нас за гэта, княжа, забі і вызвалі тым.
А іначай — што мне твой суд?
…Доўга думаў князь, а пасля загадаў, каб епіскап, супраць усіх правіл, разлучыў іх перад богам і заключыў мужчыну ў манастыр — навечна.
— Не мучыць муж і жонка павінны адзін аднаго, а разам жыць, і несці суцяшэнне другім, і моцна трымаць крыж свой…
Незадаволены быў епіскап, а людзі полацкія ўхвалілі рашэнне Брачыслава. І аб’явілі жанчыну як бы ўдавой, толькі не дазволілі ёй другі раз выходзіць замуж.
Не адзін уздыхнуў, калі пайшла яна прэч — лёгка, спружыніста, як расамаха.
А мужчына ўпаў ніцма, дзякуючы князю, і раптам захлынуўся смехам-плачам, і слёзы цяклі па яго худых шчоках…
І, успомніўшы пра гэта, Алекса патроху супакоіўся. Вялікая гэта таямніца, непасцігальная — так гаварылася ў Бібліі. Так і ён зараз мучыцца, думае — але адказу няма і не будзе. Значыць, трэба жыць, жыць, нягледзячы ні на што.
…Ён працаваў з асалодай, са стараннем, каб у цяжкай рабоце забыцца на ўсё, што мучыла і не давала спакою. Нанова абмазаў глінай і ўмацаваў каменнем сцены хаты, здалёку прывалок бярэмя ядлоўцавых карэнняў і адшліфаваў тоўстыя каржакаватыя наросты, каб атрымаліся моцныя парэнчы на тэрасе, пералажыў трысняговы дах, каб халодныя зімовыя вятры не прадзьмувалі жытло, абгарадзіў двор. Камення вакол было дастаткова, а з дрэвам было цяжкавата, сучча даводзілася шукаць у гарах, валачы цяжкія ахапкі. Вельмі дапамагаў асёл — звыклы да крутых сцежак, ён цярпліва тупаў па слізкіх ад халоднага ранішняга туману каменнях, і Алекса толькі здзіўляўся часамі, як можа жывёліна, такая маленькая ў параўнанні з вялізнай ношай, нагружанай на спіну, спакойна ступаць на камень, што, здаецца, вось-вось абрынецца ў бездань і пацягне за сабой? Як адчуваў, ці можна ступіць на той ці іншы валун?
Ішлі гады. Нармурад, у большасці маўклівы, ажыўляўся, калі казаў Алексу пра тое, што адкрываў сам, што знаходзіў у навакольным. Не пераставаў ён радавацца і здзіўляцца свету. Аднойчы, калі хлопец акучваў ля сцяны вінаградную лазу, стары ўсхвалявана паклікаў яго:
— Ідзі сюды!
І калі той падышоў, далоняй выціраючы пот на лбе, паказаў на зямлю:
— Бачыш?
Алекса не ўбачыў нічога, але, ведаючы, што стары ніколі не стане гаварыць пра дробязь, нахіліўся над тым месцам, куды ўказваў палец. Але нічога, апроч двух мурашоў, што валтузіліся на глінянай дарожцы, не ўбачыў.
— Мурашы?
— Ты думаеш, яны б’юць адзін аднаго? А прыгледзься! Сапраўды, было падобна, што гэтыя два рыжыя, буйныя мурашы змагаюцца адзін з адным: адзін з іх наваліўся на другога, а той адчайна абараняўся.
— Ён адгрызае яму нагу! — Нармурад наказаў на верхняга, амаль чырвонага мураша. — Вось зараз усё скончыцца.
І сапраўды, праз некалькі імгненняў верхні мураш адваліўся ад ніжняга, які ляжаў, слаба варушачыся; счакаў, а пасля таропка папоўз па мурашынай сцяжынцы, якая вяла ў глыб саду. Другі, без нагі, таксама наважыўся паўзці, але Нармурад лоўка схапіў яго заскарузлымі сухімі пальцамі.
— Прынясі павелічальнае шкло!
Зацікаўлены Алекса мігам пабег у хату, хутка знайшоў шкліну, перадаў старому. Той паглядзеў на мураша, якога трымаў у руцэ, і ўрачыста перадаў круглячок хлопцу.
— Вось табе аперацыя! Нага была паламаная, а цяпер хутка адрасце. Іначай бы валачылася, перашкаджала ісці, і, магчыма, ён хутка загінуў бы.
Адпусціў мураша на дарожку, і той, больш павольна, чым яго лекар, але даволі жвава патрусіў па дарожцы.
— Ідзі, і хай паможа табе Ачышчальны!
А пасля павярнуўся да Алексы:
— Заратуштра сатварыў свет больш разумным, чым мы думаем. Я сам бачыў, як курапатка нанасіла на паламаную лапку гліну, якая, высыхаючы, рабілася цвёрдай, як камень, і трымала паламаную костку мацней, чым нават палка, да якой я прывязваю паламаныя косці людзей. А пасля аднойчы задумаўся, чаму буйвалы часта кладуцца ў канаву там, унізе, пад гарой, і зразумеў гэта толькі тады, калі майго ўласнага буйвала неяк аб’елі сляпні і ён упарта клаўся ў канаву кожны раз, калі я праязджаў па той дарозе, а аднойчы ўначы збег, і толькі праз два дні мне перадалі, што ён ляжыць там жа. Я забраў яго адтуль, і што б ты думаў? — болькі і ранкі зажылі. І тады я паспрабаваў накладваць на такія ж ранкі людзей тую гразь, толькі рабіў гэта ў тайне ад іншых, бо майстэрства табіба не толькі ў яго руках і галаве. Заслоны ягонай мудрасці — гэта ўменне маўчаць, бо невук гатовы ўсё растлумачыць проста, бо бачыць толькі яўнае.
Аднойчы ён доўга сядзеў, гледзячы на ступку, у якой пераціраў зярняты міндаля, пасля, горка ўздыхнуўшы, пажаліўся: