Ён злез з ішака, пайшоў у пячору. Жывёліна хуценька пацягнулася да чэзлай траўкі, што там-сям прабівалася ля ўвахода, спяшаючыся падсілкавацца і нарэшце адпачыць як след.
Алекса сеў каля ачага — счарнелыя камні яго накрыліся шызым налётам пылу. Відаць, з тыдзень-два нікога тут не было, адзначыў ён, развязваючы сумку-хурджун і дастаючы адтуль ляпёшку з макам, яблыкі і некалькі кавалкаў сотавага мёду. Наеўшыся, паклікаў ішака і сыпануў таму колькі жменяў аўса. Пасля, не надта ўзбіваючы ложа з засохлай травы, што пасцялілі тут невядомыя яму падарожнікі, кінуў на яе сцёрты амаль да белізны дыванок і з асалодай лёг, варушачы вызваленымі ад цяжкіх драўляных чаравікаў пальцамі ног і каторы раз падзівіўшыся, як хутка тут наступае ноч — у праёме пячоры віднелася засіненае густым аксамітам неба, і ён успомніў радок з верша аднаго з паэтаў: «З кішэні цемры з’явіўся маладзік». Ражок маладзіка сапраўды ледзь угадваўся злева, але ніжэй яскрава свяцілася і пералівалася вялікая калматая зорка. Ён напружыў памяць, успамінаючы… Ці не зорка гэта Кайван, што сімвалізуе сабой час, які нясе смерць і бяду, страту блізкіх, адзіноту? Павеяла густым пахам горнага палыну, нешта невыказна журботнае было ў гэтай хвіліне — цішыня гор, залаціста-святочны ражок маладзіка і адзінокая, абыякавая да людзей, гордая сваёй узнёсласцю над часам і яго клопатамі зорка, што ззяла ў чарнаце бяздоннага неба. Ён заплюшчыў вочы, загадаў сабе не думаць ні аб чым і неўзабаве як праваліўся ў густую, цёплую пярыну сну… здалося яму ці не, што нешта мільганула каля выхаду — не то цень, не то павеў ветру, але ішак мірна соп, выставіўшы галаву з пячоры, і Алекса заснуў, чуйна слухаючы цішыню. Прачнуўся ён адразу, як бы і не спаўшы. Нешта трывожнае з’явілася ўначы, у чырванаватым святле было відно, як спалохана туліцца ля камяністай сцяны стары ішак. Алекса ўскочыў, рука яго намацала кінжал, які заўсёды трымаў пры сабе.
Але нікога і нічога не было заўважна. Цяклі хвіліны, было ціха, і толькі ішак трымцеў усім целам. Кароткі яго стогн прарэзаў быў трывожную цішыню ды тут жа змоўк. Алекса стаміўся чакаць, але ведаў, што недзе там, можа, блізка каля пячоры, цікуе ці ходзіць, падсцерагаючы здабычу, вялікі звер — можа, ірбіс — снежны барс ці пардус — леапард. А можа, гэта тыгр, галодны і няўлоўны, як смерць, падкрадаецца да пячоры, адкуль нясе пахам жывой істоты, чые косці, як ведае ён, так салодка трашчаць на зубах?
Ён падумаў пра тое, што варта было б усё-ткі запаліць вогнішча. Агню баіцца любы звер, у ім таемная сіла, і можа, нездарма ў селішчах вераць у яго, як у бога, як у самога Зардушта? Правая рука трымала кінжал, левай ён абмацаў зямлю. Недзе тут павінен ляжаць хурджун, Алекса ясна помніў, што клаў яго побач. Але торбы не было, і значыць, не было крэменю, які ляжаў там і з якога можна высячы агонь.
Цёмны цень нячутна з’явіўся ля ўвахода, доўгае гнуткае цела выразна было бачна ў чырванаватым святле начы. Алекса пахаладзеў — гэта быў тыгр. Адчуў ураз спацелай спіной холад каменнай сцяны. Растварыцца б у ёй зараз, знікнуць у каменнай тоўшчы, няхай ашуканы звер грозна раве і драпае магутнымі, вострымі, як кінжал, кіпцюрамі непадатлівы граніт! І разам з тым у самай глыбіні ягонай істоты ўспыхнула чырвонае полымя — тое полымя, якое некалі клікала яго на смяротны бой, якое штурхала яго наперад, у гушчу, у змаганне! Мышцы напружыніліся, ён адчуў, як заныла левая рука і балюча тарганулася плячо. Толькі старая рана можа перашкодзіць. Але калі давядзецца паміраць, памрэ так, як належыць воіну — у баі. Ён цікаваў за зверам, адчуваючы ўсім сваім целам кожны асцярожны, бязлітасны крок, каб падсцерагчы яго і не прамарудзіць ніводнага імгнення.
— Ата!
Тонкі жаласлівы енк разарваў цішыню, і ў тое ж імгненне звер скочыў. Але скочыў не да Алексы. Кінуўся ён туды, дзе раздаўся енк, і ў тую ж неверагодна кароткую хвілю Алекса зразумеў, што звер высочваў Апак, што гэта яна слізганула ў пячору, дачакаўшыся, пакуль засне Алекса, гэта яна забрала хурджун. Але не паспеў дадумаць, ірвануўшыся наперад. Ён перахапіў звера яшчэ ў скачку. Кінжал слізгануў па поўсці, але і звер згубіў разбег і цяжка ўпаў на зямлю, і яны пакаціліся па зямлі, звер і чалавек, вяр’яцеючы і не адчуваючы болей нічога, апроч гэтай шалёнай сутычкі, ад якой залежалі цяпер іх жыцці.
Звер вывернуўся, коратка рыкнуў, але Алекса зноў збіў яго. Тонкая смяротная сталь кінжала ўвайшла ў звера, але ў той жа момант хлопец адчуў, як нібыта распаленым жалезам прыпяклі яму грудзі і смярдзючая пашча ледзь не абрушылася на твар. Але ён перахапіў тыгра за горла, і магутныя яго рукі нейкія страшныя імгненні трымалі над сабой гэтае цвёрдае, жывое і гарачае горла. Звер захроп, ірвануўся наперад, але Алекса, ужо трацячы прытомнасць ад яшчэ болей невыноснага болю ў руцэ, крутнуў з усяе сілы гэтае, як жалезнае, горла, і яно аглушальна, як здалося яму, хрумснула разам з рукою, і чырвоныя іскры дажджом абрынуліся на хлопца, згасаючы на ляту і чамусьці адразу робячыся чорнымі…