— Што ж, калі ты задаеш пытанне — я скажу. Не любіў цябе, бо ты бясконца шукаў выгады, а таму мяняў веру бацькоў. Зараз набліжаецца страшная бяда — нашы ахвярныя агні вось-вось згасяць мусульмане, наш Зардушт уступае дарогу іхняму Алаху і яго прарокам. Нашы простыя ісціны ўжо не завабліваюць маладых, іх прыцягваюць спакусы мусульманства — многа жанчын, вечная гатоўнасць да вайны і жаданне жорстка і хутка знішчаць жывое ў імя сваіх багоў. І мне ўвесь час здаецца: прыйшлі б сюды мусульмане, была б іхняя ўлада — ты б нанова памяняў сваю веру, зноў стаў бы мусульманінам. А калі б прыйшлі воіны з Чына — ты б стаў канфуцыянцам. Ці не так? А я памру тым, кім нарадзіўся, і мае косці стануць здабычай птушак, а свяшчэнны агонь у маім доме будзе гарэць да смерці.
— А для мяне важная толькі гэтая зямля. Хто будзе правіць ёю, які агонь будзе гарэць у маім ачагу — усё роўна. Пераможцы прыходзяць і адыходзяць, а зямля будзе стаяць вечна. Гэтыя горы не зменяць свае абрысы, будуць тут мусульмане ці зараастрыйцы. І зямля ўсё гэтак жа будзе нараджаць хлеб, абнясе яе агнём мабед ці прачытае над ёю нейкія словы мула. Ёсць сонца, неба і зоры. І чалавек. Астатняе — неістотна, — таксама з запалам адказаў Ашавазда.
— Ты маеш рацыю ў тым, што чалавек — сын неба. Але і зямля… А зямля не ўсюды аднолькавая, не тое што неба. — Нармурад гаварыў хвалюючыся, цяпер ужо дрыжалі і ягоныя рукі з доўгімі тонкімі пальцамі.
Алекса бачыў гэтыя рукі, хаця сядзеў, не паднімаючы галавы.
Але, ужо стоячы ў парозе, прагаварыў Ашавазда іншае:
— Калі ты за зямлю бацькоў — не трымай яго тут, — паказаў на Алексу. — Няхай дабіраецца да свайго краю. Да сваіх русаў, да халоднай зямлі, якую не сагрэе сонца, і дзе плады кіслыя, нібыта налітыя воцатам. Усё роўна яму там будзе лепей. Бо, хаця на ім і няма зунара, ён не стане, ніколі не стане нашым. Хіба з дзяцінства абносіў яго свяшчэнны агонь? Не, іншыя багі кармілі яго, іншыя твары будзе ён помніць. Адпусці яго!
Апак схапіла Ашавазду за крысо халата, закрычала:
— Ідзі прэч ад нашага дома, ты, стары воран! Ён застанецца тут і будзе са мною! Я таксама не вашай крыві, але я пайду за ім куды толькі ні нанясе яго лёс! А найлепш — застануся тут, нават калі прыйдзецца кожны дзень глядзець на цябе!
Ашавазда глянуў скрозь дзяўчынку, ірвануў з яе рук халат, адштурхнуў так, што яна выцялася аб дзверы. І пайшоў прэч, апаліўшы Нармурада зняважлівым позіркам.
— Што ж ты, абаронца дзедавых звычаяў, не навучыў ім чужаземку? Я добры і не скажу пра гэта старэйшым!
Пасля яго адыходу ў доме нейкі час было вельмі ціха. Алекса сядзеў, тупа гледзячы перад сабою. Нешта хрумснула. Ён убачыў, што гліняная піяла ў руцэ раскалолася напалам. Усхліпвала ля парога Апак. Нармурад паклаў у рот шчопцю насвою, твар яго завастрыўся.
— Сцеражыся яго! — сказаў ён нарэшце. — Ён адзін час займаўся чарадзействам. Я чуў: калі ён жыў у румынаў разам з тутэйшым чалавекам ажывіў жалезнага д’ябла. Той хадзіў і нават гаварыў. Калі ж абодвух прысудзілі да кары, уцёк, абярнуўся змеем, а на дыван крыві ўстаў той.
Яшчэ ён спрабаваў лётаць тут, прымацаваўшы сабе агромністыя, як у Ібліса, крылы. Але старэйшыны прыгразілі, што, калі ён не кіне важдацца з д’яблам Арыманам, шаўковая пятля знойдзе яго горла. Ён кінуў чарадзейства, жаніўся. І мо было б ціха, каб не гэтае пітво, пасля якога ён вар яцее. А п’е — не ў меру. Бач ты — смерць ходзіць пад яго дахам! Ты не пойдзеш да яго, так?
Алекса доўга маўчаў. Пасля сказаў, нібы пераадольваючы плынь горнай рэчкі, падбіраючы словы:
— Я пайду, бацька. Пайду, бо прайшоў скрозь вароты смерці. Назад, туды, дзе быў, я вярнуся не скора. І не дзеля таго я тут, каб палохацца і закрываць твар рукамі, калі нешта невядомае зазірае мне ў вочы.
Запанавала маўчанне.
— Так, ты ўжо не юнак, а сапраўдны мужчына, — прашаптаў лекар. — Ну што ж… Калі што — Апак апране па мне сіняе адзенне жалобы, яна заплаціць тым, хто панясе мяне на вежу смерці. А ты рабі як знаеш.
Ён папрасіў, каб Апак прынесла яму падушкі, знясілена паваліўся на іх.
Неўзабаве дыханне яго стала спакайнейшым — ён заснуў. Алекса выйшаў на ганак.