Ачомаўся ад таго, што кроплі, гарачыя і невыносна цяжкія, падалі яму на грудзі і ад іх рабілася млосна. Расплюшчыў вочы і не адразу ўцяміў, што над ім сядзіць Апак і сінія яе вочы пачырванелі ад слёз.
— Бяроза, — прашаптаў ён, — гэта ты, Бяроза?
— Што ты кажаш? Маўчы, ата! Маўчы!
Ён углядаўся ў дзяўчынку. Паступова погляд яго яснеў, і Апак не разумела, чаму яго рука, ліхаманкава сціснуўшы яе слабую ручку, расціснулася, стала вялай і цяжкай. Адразу ўспомніўшы, што адбылося, ён павёў вачамі па баках. Магутны звер ляжаў непадалёку, цёмна-карычневыя палосы на яго баках пацьмянелі, зрабіліся нежывымі, у ранішнім святле было бачна, як цьмяныя згусткі крыві на ягонай мордзе адлівалі чорным. Алекса ведаў — такія згусткі крыві бываюць, калі пройдуць не адна, а хаця б дзве начы, як звер забіты. Калісьці даводзілася яму двое сутак прабірацца да Полацака, везучы забітых дзікоў і мядзведзяў.
— Дай піць, — прашаптаў ён. Але Апак глядзела не разумеючы. Тады ён уцяміў, што гаварыў на той мове, на якой вучыўся гаварыць свае першыя словы… Яны самі ўсплылі, самі сабой, несвядома, у хвіліну, калі забывалася ўсё, чым жыў апошнім часам, а заставалася галоўнае ў ім — памяць продкаў…
— Піць, — папрасіў ужо зразумела для Апак, і яна замітусілася, падала яму тыквянку з вадой — таксама нехта пакінуў яе тут для праезджых людзей, як і крэмень, і сухую траву. Вада была ўжо цёплай, цяплейшай, чым бывае яна адразу пасля горнай рэчкі, і, п’ючы яе, Алекса здагадаўся, што, мусіць, нямала часу праляжаў без памяці. Ён паспрабаваў павярнуцца, але боль пранізаў цела, млосная гарачыня падступіла пад грудзі, паплыла да горла, пакутлівая сутарга скаланула яго — яшчэ і яшчэ…
Рукі, якімі ён абмацваў сябе, былі непаслухмяныя, як распухлыя, яны часам не пазнавалі, дзе цела, а дзе набрынялыя крывёю і адтаго трохі закарэлыя шматкі тканіны. Абмацваючыся, ён заўважыў тое, чаго не ўбачыў напачатку — Апак сядзела перад ім амаль аголеная, драная кашулька на ёй прыкрывала толькі жывот і грудзі. Худзенькія рукі тырчалі з-пад лахманоў. Алекса яшчэ задзівіўся, як гэта яна са сваёй і так падранай адзежыны знайшла яшчэ нешта на перавязкі, але ўспомніў, што на ім быў яшчэ пояс-хусціна. Рукі яго намацвалі і траву, якой Апак паспела абгарнуць самыя страшныя раны. Тую траву некалі, прынёсшы з гор, паказваў ён дзяўчынцы — паказваў, не надта спадзеючыся, што яна запомніць хаця нешта. А вось жа запомніла! І не дала тут, аднаму, сцячы крывёю. А ён жа хвастаў яе за непаслушэнства! Удзячнасць, якую прачытала ў ягоных вачах дзяўчынка, тут жа засвяцілася ў ёй усмешкай, сінія вочы заззялі, наліліся слязьмі, і яна, прыўзняўшы, пацалавала ягоную руку.
— Што ты робіш? — спрабаваў ён зазлавацца. — Я ж не бог табе і нават не жрэц-мабед!
— Ты лепшы за іх, — прашаптала яна. — Яны далёкія… А ты… Ата, не пакідай нас!
— Я? Пакідаць? — ён хацеў засмяяцца, але боль тут жа зноў, помсцячы, абрынуўся на цела, і яно задрыжала, скаланулася, супраціўляючыся — целу хацелася жыць, яно не хацела знікаць з гэтай цёплай, раскошнай, пакутнай зямлі… Алекса пазнаў кліч жыцця, бо ўжо аднойчы перажыў яго, калі ехаў разам з Нармурадам у далёкі, тады зусім невядомы кішлак. Тады ён задзівіўся — душа была мёртвай і не падуладнай нават яму самому. Зараз адчуў — жыць хацелася. Хацелася глядзець на гэтую дзяўчынку з сінімі вачамі, хацелася дыхаць паветрам, якое далёкія ледзяныя вяршыні напаілі холадам і тугою аб бессмяротнасці. Ён сцішыўся, сцяў зубы, паспрабаваў усміхнуцца:
— Будзем жыць. Будзем?
І яна зразумела гэтыя словы як адказ, засвяцілася зноў, зноў паўтарыла:
— Дык не пакінеш? Не? Я ж памру тут без цябе. Чуеш, ата? А са зверам я спраўлюся. Паглядзіш!
…Два тыдні ляжаў ён у пячоры амаль нерухомы, і два тыдні Апак да зняможання, да сінечы на бледным тварыку даглядала яго. Нават спаць яна клалася побач, доўга не засынала і ўздрыгвала ад кожнага шолаху, нібы і сапраўды магла абараніць яго ад небяспекі. Алекса, аднойчы прачнуўшыся раней, угледзеў пад яе худзенькім бокам свой нож — рука дзяўчынкі была, бадай што, не танчэйшай за дзяржальна. Ён пацягнуў за цёплую чорную, з эбенавага дрэва ручку Апак ускочыла, няўцямна азіраючыся спалоханымі вачанятамі.
— Дваццаць разоў нават нявопытны воін зарэзаў бы і цябе, маю ахоўніцу, і мяне, нямоглага! — пакпіў Алекса, аддаючы назад нож. — Бяры. Зразай пакуль кустоўе, але не думай, што ты мяне абароніш. Не твая гэта справа. Абараняць — гэта дадзена толькі нам, мужчынам.
— А што ж тады дадзена нам?
Апак узяла нож, пагладзіла яго, схавала пад скуру тыгра, на якой спаў Алекса. Скуру яна здымала сама, яна была парэзаная ў многіх мясцінах.
— Вам? — Алекса падумаў. — Трымаць агонь у ачагу, гадаваць дзяцей.
— Дзяцей? Я люблю дзяцей. — Апак падкурчыла пад сябе ногі, сабрала ў жменю густыя светлыя валасы, пачала іх заплятаць.
— Я хачу радзіць ад цябе хлопчыка. Такога ж, як ты, ата, — нечакана сказала яна.
Алекса нават прыўзняўся, але яна не дала яму адказаць.