— Чорная зорка Дзенеб над яе галавой, — сказаў нарэшце. — Можа, і праўда не варта табе прыглядаць гэтую дзяўчынку? Я знайду табе іншую, дапамагу сабраць грошы. Ты і сам цяпер можаш зарабляць іх, — ён ласкава паглядзеў на Алексу. — Я радуюся, гледзячы на цябе, мой сын. Ты стаў лекарам, тваім рукам падуладнае дрэва. Ты чытаеш і валодаеш пяром-каламам, і почырк твой такі, што смела мог бы працаваць нават у Бухары.
Алекса міжволі страпянуўся, але тут жа стрымаў сябе. Бухара… Бібліятэка ў палацы… Многае пра яе чуў, і разбуджаная душа яго хацела — не! прагла ведаў Але для таго, каб мець кнігі, трэба шмат грошай. Адкуль яны ў беднага лекара з кішлака? Людзі, якія прыходзілі лячыцца, прыносілі мёд, горны воск, рыс, часам проста бярэмца дроў ці скуру авечкі. А дырхем, нават самы маленькі, трапляў у дом не часта.
І ўсё ж патроху іх набіралася. Ды затое прыйшла пара паклапаціцца аб дзяўчыне. На пачатку месяца мурдад Алекса пусціўся ў дарогу. Апак стаяла на парозе хмурная: стары Нармурад не адпусціў яе, як ні прасілася. Але варта было Алексу ад’ехаць блізка ад фарсангу, як, выпадкова азірнуўшыся назад, ён заўважыў маленькую фігурку ў доўгай чырвонай кашулі. Вострым зрокам былога паляўнічага і воіна ён разгледзеў — гэта была Апак. Заўважыўшы, што ён спыніўся, яна пабегла, смешна матляючы рукамі. Алекса павярнуў ішака назад, сурова сказаў, наблізіўшыся:
— Ідзі дадому!
Яна толькі пахітала галавой, гледзячы на яго адданымі вачамі. Тады ён схапіў яе за плячо, штурхануў назад. Яна адляцела назад, выцялася аб валун, што зарос дробнымі кветкамі, ды не ўскрыкнула, толькі дзіцячыя яе вусны задрыжалі:
— Я хачу з табой. Я хачу глянуць, як жывуць іншыя людзі!
— Туман непаслухмянства зацьміў твае вочы, — сказаў Алекса. — Ты ўсяго толькі дзяўчынка, але калі і станеш жанчынай, ведай: слова мужчыны — закон. Ідзі прэч!
Ён павярнуў ішака і паехаў. Няўклюдная фігурка, камячок, які ледзь не расплюшчыў аб валун… Чамусьці гэты вобраз не выходзіў з галавы. Нават узлаваўся — пра што думае!
Ехаў увесь дзень, спыняючыся, калі стамляўся і бачыў вялікі куст ці пячору, дзе можна было легчы і, расцягнуўшыся на цёплай зямлі, імгненна заснуць — на некалькі хвілін, якія асвяжалі яго, быццам ён праспаў доўга або выпіў шклянку малака з настоем сасновай смалы — помніцца, пры паходах заўсёды везлі з сабой сасновую смалу. Сосны растуць і тут, але пах іх зусім іншы, быццам і не сосны яны, а так, нешта падобнае да тых, полацкіх… Ён адганяў ад сябе думкі-ўспаміны, а яны, як назло, усё лезлі ў галаву.
…Вось ён ідзе ў драўляных чаравіках, якія тут носяць усе жыхары. Але ж дома былі лапцікі з валокнаў ліпы. Калі пакласці туды дзьмухаўцу, трыпутніку, падбелу, ці, як кажуць, маці-і-мачыхі — ніколі не натрэш ногі! Ліпы тут няма — можа, паспрабаваць з вербалозу? Вунь жа, чым ніжэй спускаешся, тым часцей бачыш кустоўе, нават дрэвы пайшлі — алыча, арэх, яблыні… Можна было б наламаць ядлоўцу — маслам яго дужа добра націрацца ў халодныя ночы, калі спіш у полі ці стозе перад бітвай. Не, не дажыве ён да таго, каб зноў калі-небудзь з гікам памчацца на кані, трымаючы ў руцэ гарачы ад крыві меч… А можа, і дажыве да вяртання, але чамусьці не хочацца забіваць каго-небудзь, няхай сабе і лютага ворага. Ён жа — чалавек, ён дыхае, спадзяецца на нешта ў гэтым жыцці, хоча ўзяць ад яго таксама нейкія свае радасці… Але ж — вораг!
Заўважыў, што дзень згасае толькі тады, калі ўпарты ішак спыніўся на месцы і нізашто не пайшоў наперад, нягледзячы на тое, што ён разы са два моцна ўдарыў яго кулаком. Ішак таксама стаміўся за гэты доўгі, бясконцы дзень, калі трэба прабірацца па вузкай камяністай сцежачцы, пільна гледзячы ўніз, ці насцярожана ісці праз горную рэчку, што шалёна пеніцца ў берагах і імгненна застуджвае ногі, ці чуйна слухаць горы — кожную хвіліну зверху можа скаціцца камень, друз і расплюшчыць усё, што варушыцца, жыве і спадзяецца на жыццё тут, на нітцы горнай сцежкі… Трэба на самым пачатку адчуць усёй скурай не заўважнае да часу рыпенне і ціхі шолах там, высока-высока, каб паспець уцячы далёка наперад, не трапіць пад бязлітасны абвал… Ішак навучыўся гэтаму, бо і сам ён, і продкі яго жылі ў гарах, і не раз даводзілася выручаць старога гаспадара, хаця той і сам як быццам добра ведаў, калі і дзе трэба спыніцца. Гэты ж, малады, нявопытны, гатовы быў ісці далей, ні пра што не думаючы, у той час як недзе зараз, у сваіх лагавішчах, прачынаюцца і гатовяцца да палявання страшныя звяры. Ішак адчуваў гэта ўсёй скурай, вось чаму ён не ішоў далей, а толькі касіў вялікае ліловае вока на маладога гаспадара, і вока гэта глядзела з такім дакорам, што Алекса схамянуўся і падумаў пра тое, што, сапраўды, даўно прыйшоў час шукаць начлег. Агледзеўся. Ішак стаў каля вялікай пячоры, дзе, па ўсім было відно, заўсёды спыняліся падарожныя людзі: каля ўвахода ляжалі шматкі засохлага гною, на вострых выступах скал зачапіліся доўгія пабурэлыя саломіны, а ў глыбіні пячоры апошнія праменні сонца ярка блішчалі на каляровай паліве разбітых кімсьці гліняных піялак.