Такое разьвіцьцё падзеяў нарадзіла паніку сярод беларускай шляхты. На палявым сойме пад Віцебскам было прынятае рашэньне аб далучэньні Вялікага Княства да Польскага Каралеўства. Але гэтым плянам інтэграцыі рашуча супрацьстаў Мікалай Радзівіл Чорны. На Варшаўскім сойме ў студзені 1564 году, калі польскія дэлегаты і Жыгімонт Аўгуст узамен за дапамогу ў вайне патрабавалі ліквідацыі Вялікага Княства і ўваходжаньня яго ў склад Польшчы, віленскі ваявода заняў адназначную пазыцыю ў пытаньні незалежнасьці сваёй краіны, не згаджаючыся ні на якія саступкі. У гэты час Мікалай Радзівіл Руды на рацэ Ула, маючы 4 тысячы вершнікаў, разграміў 30-ці тысячнае маскоўскае войска. Пытаньне пра інтэграцыю было закрытае. Аднак незалежніцкая пазыцыя віленскага ваяводы каштавала яму поўнага разрыву адносінаў з каралём і вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. Некаторыя сучасьнікі гаварылі, што Мікалай Радзівіл Чорны прымерваў для сябе вялікакняскую карону, разьлічваючы на тое, што Жыгімонт Аўгуст ня мае нашчадкаў, і таму быў такі непрыхільны да ўсялякіх саюзаў. Мы ня ведаем, ці былі ў віленскага ваяводы такія пляны, хутчэй за ўсё гэта прыдумкі недабразычліўцаў. У лісьце да сына ен пісаў: «Кароль вельмі неахвотна ад мяне гэта прыймае, але Рэч Паспалітая для мяне больш значыць, чым прыхільнасьць гаспадара, таму мала мяне гэта хвалюе». Віленскі ваявода называе тут Рэччу Паспалітаю, г.зн. супольнаю справаю ўсіх грамадзянай краіны, Вялікае Княства Літоўскае. Такая зацятасьць Мікалая Чорнага не была дарэмнай. Гісторыкі аднадушна сьцьвярджаюць, што пастава віленскага ваяводы адносна вуніі з Польшчай надавала сілу беларускай дэлегацыі ў Любліне ў 1569 годзе, і хоць Мікалай Чорны памёр чатыры гады раней, бясспрэчна яго заслуга ў тым, што Вялікае Княства ня стала часткаю Польскага Каралеўства і захавала сваю самастойнасьць.
Трывожныя падзеі 1563 і наступнага 1564 году падарвалі здароўе віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Чорнага. Ён адчуваў набліжэньне сьмерці, і таму сьпяшаўся. Усё менш займаўся палітыкай, а ўвесь свой час прысьвячаў таму, каб умацаваць эвангельскую царкву ў краіне. За апошнія дванаццаць гадоў ён зрабіў шмат, каб укараніць Рэфармацыю ў Вялікім Княстве. Здавалася, можна было глядзець у будучыню спакойна, але трывога не пакідала князя Мікалая. Яго непакоілі весткі з вайны, адкрыта прапольская пазыцыя вялікага князя. У дадатак да ўсяго ў самім эвангельска-рэфармаваным Задзіночаньні пачыналіся спрэчкі, якія сеялі нязгоду між братамі. У красавіку 1565 году князь Мікалай цяжка захварэў. 27 траўня ён паклікаў да сябе свайго старэйшага сына, Мікалая Крыштафа, і прасіў яго цьвёрда трымацца эвангельскай веры, клапаціцца пра зборы і прапаведнікаў. Пасьля паклікаў пісара і пачаў дыктаваць тастамант. У сваёй апошняй волі віленскі ваявода зноў і зноў узгадваў пра патрэбы эвангельскіх цэркваў: «А на тот костел, где тело мое поховано будет, і на школу одпісую всі Бібліі, накладом моем друкованые в Бересті». На наступны дзень Мікалай Радзівіл Чорны, патрыёт і рэфарматар, некаранаваны кароль Літвы, лідар эвангельскага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім, памёр.
Сьмерць Мікалая Чорнага выклікала непрыхаваную радасьць ворагаў Рэфармацыі ў нашай краіне, але справа жыцьця віленскага ваяводы знайшла дастойных пасьлядоўнікаў. На чале рэфармацыйнага руху стаў ягоны брат, вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды. Андрэй Вэнгерскі, аўтар адной зь першых працаў па гісторыі Рэфармацыі ва Ўсходняй Эўропе «Slavonia Reformata» («Рэфармаванае славянства») так апісвае падзеі, зьвязаныя з прыняцьцём князем Мікалаем Радзівілам Рудым кальвінскага веравызнаньня: «Князь гэты, атрымаўшы 26 студзеня 1564 году слаўную перамогу над Масквою, паехаў у Чэнстахову з намерам споўніць прырачэньне, прынятае перад бітваю. Такога знакамітага госьця манахі прынялі зь вялікай радасьцю, і жадаючы ўмацаваць яго ў каталіцкай веры, бо ён ужо хістаўся, намовілі нейкага селяніна, каб зрабіў выгляд апанаванага злым духам. Калі ж яны выганялі зь яго д'ябла, каб паказаць, што яны сапраўдныя наступнікі апосталаў, князь зразумеў подступ і, паклікаўшы таго чалавека, даведаўся ад яго самога, што яго манахі падкупілі, каб ён рабіў выгляд апанаванага. З гэтае прычыны князь, вярнуўшыся ў Літву, выракся памылак рымскае царквы, перайшоў да царквы рэфармаванае, і сыноў сваіх, Мікалая і Крыштафа, загадаў выхоўваць у гэтым вучэньні». Ужо раней вялікі гетман літоўскі прыхільна ставіўся да Рэфармацыі, падтрымліваў многія пачынаньні свайго брата, Мікалая Чорнага, але чамусьці доўга не акрэсьліваў сваёй пазыцыі. Падзеі ў Чэнстахове сталі той кропляй, якая выклікала цьвёрдае рашэньне Мікалая Рудога ня быць цёплым, але стаць гарачым. І трэба адзначыць, што адбылося гэта вельмі сваечасова.