Сумуючы i маркоцячыся, пачаў, аднак, я шчыра «сеяць разумнае, вечнае i добрае». Мне далі некалькі дзён, каб я пазнаёміўся з дзецьмі, а пасля пачалі правяраць маю работу: спачатку са мной на ўрок прыйшоў завуч, а пасля — дырэктар. Завуч сказаў мне: «У меня к вам претензий нет. Чувствуется: вы — профессионал», дырэктар таксама задаволіўся, але дадаў: «Мое критическое замечание следующее: необходимо никогда не упускать из виду воспитательного момента, подчеркивать любовь нашего народа к товарищу Сталину, к партии». Хоць мой урок быў па літаратурным творы мінулага стагоддзя, прышпільваць да яго партыю, тым больш Сталіна, было недарэчы, але я не заспрачаўся, спакойна ўсё паслухаў i сказаў: «Спасибо». Дзеці-вучні, убачыўшы, як выкладаю, паводжуся, хутка пераадолелі насцярогу да мяне, былі пачцівыя, a настаўніцы, пачуўшы, што мяне хваляць, пачалі ў вольныя часіны, у «фортачкі», прасіцца пабыць на маім уроку i, не палічыце за пахвальбу, за многае былі ў захапленні; з маёй гаспадыняй, хоць яна была маці герояў грамадзянскай вайны, а я, што ні кажы, «вораг народа», мы пасябравалі ўжо праз некалькі дзён. Карацей, даволі хутка я набыў у пасёлку добрую рэпутацыю: «Этот учитель-белорус — серьезный и культурный человек», да мяне ўсе звярталіся толькі па імені i па бацьку, a калі я пачаў складаць некаторым малапісьменным людзям розныя заявы, прашэнні, а то i проста лісты іхнім сынам туды, «у Расію», памагаць выпускнікам i нашым настаўніцам, некаторыя з якіх не былі нават на курсах, паступаць у інстытуты, аўтарытэт мой яшчэ ўзрос. «Жаль, Иванович, что ты пораженный в правах, иначе мы бы выбрали тебя нашим депутатом. Даже в Москву».
Каб не даваць волі смутку, маркоце i болю, я намагаўся ні хвіліны не сядзець без работы: у школе не толькі даваў урокі, але па сваёй ахвоце сталярнічаў з дзецьмі ў школьнай майстэрні, ладзіў розныя гурткі, літаратурна-музычныя вечары (крыху рыпаў на баяне), а на кватэры, калі спраўляў настаўніцкія клопаты, майстраваў для Аграфены зэдлікі i ўслончыкі, этажэрку для кніг, драўляную выразную канапку, падрамантаваў печ, а пасля ўзяўся рабіць новыя вокны i дзверы.
— У вас разумная галава i залатыя рукі, Іванавіч, — бывала, захаплялася гаспадыня, калі я з усмешкай прасіў агледзедь тую ці іншую рэч. — Нашы маладыя незамужнія жанчыны пачалі сохнуць па вас...
Чуючы гэта, я змаўкаў i зацінаўся: зусім нядаўна даляцела сюды да мяне звестка, што няма ўжо ні маёй Клавы, ні нашага з ёю дзіцяці, што каханне маё зноў абарвалася на самым пачатку i мне не суджана лёсам зведаць як след яго сілу i моц, быць па-сапраўднаму абласканым жанчынаю, жонкай i маці маіх дзяцей, напоўніць сваю душу глыбокім i добрым пачуццём, па якім сумую, але якое ніяк не магу набыць у свае сталыя ўжо гады.
У нядзелю, калі не працаваў, я ці гадзінамі ляжаў i, заплюшчыўшы вочы, думаў пра сваё такое няўдалае жыццё, ці выходзіў за пасёлак, паглыбляўся ў тайгу, запыняўся каля старога магутнага дрэва, слухаў, як непарушна стаіць лес — агромністы, велічны, спакойны, а то нават глухі да тваіх думак, да твайго болю (невыпадкова ёсць у тайзе станцыі з такімі красамоўнымі назвамі, як «Погорюй» або «Покукуй»), адчайваўся, на нейкі час траціў розум, развагу, знібеў душою, нібы сам станавіўся нейкім дрэвам, а пасля, адчуўшы, што тайга велізарная, але кожнае дрэвіна пяе ёй сваю песню, вяртаўся ў пасёлак з яснай думкай: «Трэба жыць!»
— Вы яшчэ малады, Іванавіч, дык вам трэба жаніцца,— як я цяпер разумею, спрабавала вярнуць мяне да звычайнага жыцця Аграфена.— Не хочаце браць простую жанчыну — бярыце якую настаўніцу.
— Я не магу, пакуль не пройдзе гадавіна жалобы, нават думаць пра гэта, — адказаў я ёй шчыра (з іншымі я ніякай гамонкі пра сябе i сваё не вёў). — У нас такі звычай, баба Аграфена.
— I ў нас такі, Іванавіч, але не ўсе шануюць яго. Надта цяпер, пасля вайны.
— Але я не магу парушыць яго. Мая Клава была неабыякавая мне.
— Помніце, шануйце ў памяці i ў душы, але не глуміце сябе жалобаю. Я некалі, калі прапаў на вайне з немцам мой гаспадар, калі потым, у грамадзянскую, склалі галовы мае сыны, магла яшчэ выйсці замуж, а можа, нават і нарадзіць. Але зажурбоцілася, панікла, падумаць нават пра гэта не магла. Дык вось адна век свой дажываю.