...Тады, у суботу, яна зайшла да мяне з раніцы з пакоўнай сумкаю i тортам. Як цяпер бачу яе тую: у чорных туфлях на высокіх абцасах, у блакітнай сукенцы i, як заўсёды, з раменьчыкам, што спрыяе акрэсліць высокае пагруддзе i шыракаватыя клубы, з новай завіўкай, светлая i ззяючая. Я, скажу шчыра, ажно аталапеў ад таго, як яна сёння здолела проста, але ўмела аздобіць сваю жаноцкасць. Бачачы мае здзіўленне i захапленне, яна ўсміхнулася:
— Што — я сёння новая?
— Чароўная! — адказаў я, беручы ад яе пакункі.
— Я зусім простая, — паблазнавала.
— Але з простай умееш пераўтварыцца ў цудоўную! — пацалаваў яе ў шчаку.
— Ты ці наўмысна падхвальваеш мяне, ці...
— Не ведаю, — перапыніў яе, тулячы. — Можа, я i аслеп, бачу на табе i ў табе тое, што хачу бачыць...
— Добра гаворыш, — прылашчылася. — Прыйдзецца цябе ўзнагародзіць...
— Але ж ты, здаецца, забегла сюды на хвіліну-другую, бо i на гэтыя выхадныя паедзеш у вёску.
— Сёння — не, — адказала. — Гэта я сказала свекрыві, што паеду да бацькоў. А на самай справе суботу i нядзелю хачу пабыць з табой. Ты не супраць?
Я моўчкі сціснуў яе. Яна прытворна войкнула i падалася да мяне ўсім целам. Канечне ж, гэта быў яе той знак, пра які яна гаварыла. Калі я павёў яе ў залю, яна зусім не ўпарцілася, толькі як, нацалаваўшыся, я пачаў скідаць яе шыкоўную сукенку, яна нібы параіла:
— Можа, пачакаем вечара? У нас жа наперадзе два дні...
— Не буду чакаць ні хвіліны...
— Нясцерпны...
— Вельмі.
Мы задыхана шапталі i распраналі адно аднаго. Мяне прыемна здзівіла, што нават прыталеная апратка паўніла Рэню, бо на самай справе, без ніякага адзення, яна была танейшаю i больш зграбнай. Праўда, больш паўнейшыя былі толькі вызваленыя ад станіка грудзі — круглаватыя, бялюткія, колеру чыстага снегу, з сіняватай павуцінай жылак каля пахаў i з карычневымі кружкамі вакол буйных смочкаў, якія цяпер я асабліва прагна i ласкава запесціў.
Рэня ўжо не саромелася паказаць мне сваё цела, нават, здаецца, цешылася, што яно гэтак захапляе мяне, раз за разам падымала маю галаву, каб адарваць яе ад грудзей i жывата, каб самой пацалаваць у мае вусны, a неўзабаве павабіла да сябе...
— Супакойся, — прашаптала, адчуваючы мае трымценне. — Ты — яшчэ мне незнаемы. Дай пазнаць цябе... I я табе незнаемая, дык пазнай мяне...
— Ты вельмі жаданая, — адказаў i я шэптам, не верачы самому сабе, што наступіла вось часіна трымаць у абдымку каханую жанчыну.
— I ты мне жаданы, — прамовіла яна, таксама не могучы стрымаць трымцення.
Хутка мы перасталі гаварыць — лепш сказаць, запынілі свядомую гаворку, зашапталі-замармыталі, а яшчэ пазней i ў мяне, i ў яе пачалі вырывацца з душы толькі адчайна-радасныя стогны i ўскрыкі, — аж да таго часу, калі мы абое асабліва моцна сціснулі адно аднаго i замёрлі ў пакутліва-шчаслівай знямозе...
Адным словам, не толькі тыя два выхадныя дні, але i ўвогуле зажылі мы з Рэняй як муж i жонка — месяц, другі, паўгода. Каб i хацеў, дык не змагу як след расказаць, якія мы зведалі юр, жарскасць, гульні, уцехі, кожны раз усё ў нас было па-новаму i нібы напаследак. Мы проста павар'яцелі. Сталі зусім бессаромныя, але былі шчаслівыя. Рэня мая расцвіла, i я стаў лёгкі, рухавы, радасны.
Ды... Можна, канечне, звальваць усё на жыццё, на лёс, але ўсё ж я сам хутка спракудзіў усё. Калі Рэня ад'ехалася на тыдні два да сваякоў у Польшчу, я неабачліва дапусціў у кватэру былых сабутыльнікаў i сарваўся, нібы з ланцуга. Запіў — i запіў адзічэла.
Калі Рэня вярнулася, прыйшла з падарункам, дык убачыла ў нашай кватэры ранейшае бязладдзе: навал бутэлек, брудны посуд, пакамечаныя адзенне i бялізну, а ў дадатак, як потым расказала, мяне, смяртэльна п'янага i нераспранутага на яшчэ нядаўна бялюткім, а цяпер неахайным нашым прасцірадле.
«Я паверыла табе, пакахала як прыстойнага чалавека, — назаўтра я ўбачыў яе запіску. — Ты ж разбурыў маю веру i мае каханне, абразіў, а то i, выбачай, дарэшты знявечыў маю душу. Паколькі я табе не жонка, дык не буду ні ўшчуваць, ні бегчы на тваю работу альбо да тваіх сяброў, каб уратавалі цябе. Але скажу табе па-простаму, як зусім просты ў гэтым свеце чалавек: дзіўныя, незразумелыя вы, некаторыя беларускія ці ўвогуле славянскія пісьменнікі i журналісты. Бог, бацькі, часамі зусім простыя, далі вам светлы розум, шчодрую i сумленную душу, вы ўдала паступілі i паканчалі інстытуты, што многім з нас было не па сіле, выбіліся ў людзі, можаце рабіць сваё добра, зусім не горш за іншых, штосьці спаўняеце, але ў нейкі час, можна сказаць, самі ідзяце да чорта. Найперш з-за таго, што прыахвочваецеся да гарэлкі, топіце ў ёй свае згрызоты ці адчуваеце ў ёй смак. Я толькі што была ў Польшчы, дык там вельмі вялікі праклён, калі табе пажадаюць: «Каб ты ў гарэлцы смак пачуў!» Для каго гэты смак на весялосць i радасць, а для каго, хто не можа ўтаймаваць спачатку чортаву, а потым сваю бяздонную спакусу, ён разбуральны i пагібельны. Ты ж сам мне расказваў, колькі здольных тваіх знаёмых у маладым веку пайшлі на той свет з-за гарэлкі... Мала таго што яны яшчэ б маглі шмат зрабіць вартага, дык пакінулі сваіх бацькоў, жонак i дзяцей нешчаслівымі...