— Я, — адказаў, усё яшчэ пасучы вачыма рукапісны радок на папяровым лісце, каб паспець сёння ж дапісаць сваё, як лічыў, вельмі важнае эсэ i аддаць яго на перадрук рэдакцыйнай машыністцы. Жанчына, што званіла, здалася не чужая, але я не вельмі пазважаў на знаёмую інтанацыю: за столькі гадоў журналісцкай працы прывык i слухаць іншых, i рабіць у гамане сваё.
— А гэта я, Сеня...
Вось цяпер я ажно ўздрыгнуў — якраз ад гэтага пяшчотнага «Сеня»: іменна так, ласкава, некалькі гадоў таму пачала называць мяне адна дарагая мне жанчына...
Ускінуў галаву, a ўсхваляванае сэрца спачатку рэзка ўстрапянулася, а пасля часта i дробна застукала радасна ды прыемна: гэта ж...
— Не пазнаў? — i хвалюючы, i гарэзны паўшэпт у трубцы.
— Пазнаў! — усклікнуў я. — Рэня! Але як ты нечакана, нават дзіўна знікаеш i заяўляешся! Дзе ты цяпер?
— Тут, у вашым Менску. На аўтобусным вакзале.
— На якім? На старым? На новым?
— Ты — што, хочаш пабачыцца?
— А ты? Не?
Змаўчала, але ў трубцы добра было чуваць яе ўзбуджанае дыханне.
— Рэня, прашу, не знікай, — занепакоіўся я. — Дазволь сустрэцца i хоць хвілінку зірнуць у твае добрыя вочы! Я нават не ўяўляю, якая ты цяпер. Гэта ж столькі ўжо часу мінула, калі ты пакінула запіску i пайшла з нашай кватэры!
— Не шмат, але i не мала, — усміхнулася яна. — Пяць гадоў, сем месяцаў, тры тыдні, чатыры дні i шэсць гадзін...
— Значыць, ты не забылася пра ўсё тое наша!— светла расчуліўся я.
— А ты, Сеня?
— I я, Рэнечка, усё-ўсё памятаю. Дык дзе ты? Так хочацца зірнуць на цябе хоць краем вока!
— Не баішся? Я цяпер зусім не тая. Мажная i цяжкая цётка.
— Для мяне ты i цяпер будзеш маладая i вабная. Я ж нашмат старэйшы. Я — дзед ужо. Майму ўнуку паўтара года.
2.
Праўда, мы не бачыліся столькі часу, колькі так дбайна налічыла Рэня.
Пазнаёміліся тады, калі быў я разведзены i гады два зноў халасцякаваў, i трэба шчыра прызнацца, нягодна. Рэдакцыйная мітусня, частыя выпіўкі на рабоце, у камандзіроўках i ў мяне дома, як правіла, з няўдачнікамі, п'яная «разумная i смелая» кухонная балбатня з вечара да раніцы, цяжкое ачухванне, безграшоўе, па некалькі дзён непамыты посуд у ракавіне ды замочаная бялізна ў ванне, a ўрэшце лёгкія, але малаўсцешныя, а то i прыкрыя любошчы з малавядомымі распусніцамі — вось што пачало ўсталёўвацца ў маім жыцці ўсё больш i больш. Канечне, зусім невыпадкова мая сястра-гараджанка, бачачы, як я пакаціўся з горкі ўніз, хацела зноў ажаніць мяне, каб я трапіў пад пільны i строгі жаночы назірк ды на бязлітасны суд з немінучай караю; калі ж я, стрэлены верабей, ухіліўся ад яе разведзеных сябровак, якія не столькі хацелі мяне ашчаслівіць, колькі праглі пакінуць сваю невялікую кватэру сталым дзецям i перабрацца жыць да мяне, каб, можа, у адзін спрыяльны час вытурыць i стаць гаспадыняю майго жылля, — дык вось сястра сказала мне рэзка, але шчыра: «Баішся яшчэ раз апячыся — што ж, пачакай, не заводзь сям'ю. Але ведай: тваё цяперашняе казацтва да дабра не давядзе. Табе трэба прыстойная жанчына. Калі хочаш якраз такую, дык магу параіць адну. Простая маладзічка, прыёмшчыца-майстра ў гадзіннікавай майстэрні,але маладзейшая за цябе на гадоў дзесяць, паглядная. Муж яе ў турме, гады два ўжо, i яшчэ будзе там гадоў пяць. Дык яна на гэты час не супраць пазнаёміцца з добрым мужчынам. Спадабаешся ёй — будзеш i абласканы, i дагледжаны...»
Я з жартам згадзіўся: што ж, пакажы яе, што пакутуе без мужчыны. Зірну, ацаню сваім вокам: прывабіць — так i быць, няхай пагрэецца каля майго боку. Не ўпадабаю — бяда малая, яна — адной сцяжынаю ад мяне, а я — іншай ад яе.
Сустрэліся мы з той («пакутніцай», як я назваў яе за вочы) у сестрыной кватэры. Я чакаў, што ўбачу непрыгожую i нязграбную мымру, якую абыходзяць нават самыя заняпалыя мужчыны, ажно не, насуперак сваёй спапярэдлівасці паўстала перада мной маладая, гадоў дваццаці пяці-сямі, сярэдняга росту i паўнацелая маладзіца.
Мяне адразу ўразілі яе вочы. Не кіргізскім разрэзам i не чарнявай глыбінёю, а смуткам, а то яшчэ i сорамам. Значыць, душа яе была спакутаваная, сілы сцісклыя, з-за чаго яна не магла ні весела ды задзірыста стрэльнуць позіркам, ні заззяць усмешкаю, што, бывае, вельмі прыгожыць жанчыну. А што да яе цела, дык паўнаватасць была дарэчы: яе харашылі развітныя грудзі, стройныя ногі ды вабна акруглыя клубы, а да ўсяго яе прыемна i прыварожліва аздоблівала свежасць ды адмысловая жаночая чысціня, што даецца асобе шчырай i высакароднай. Праўда, калі яна, гэтая Рэня, забывала пра тое, што яе мучыла, усміхалася, дык, сапраўды, ад усмешкі яснела, азаралася жыццярадаснасцю. Калі ж спахоплівалася, зноў смутнела, сціскалася i напружвалася.
Пасля вячэры я праводзіў яе дадому. Але далей свайго аўтобуснага прыпынку мяне не пусціла: паасцерагалася, каб не падгледзелі яе з мужчынам суседкі i не нашапталі пра гэта свекрыві. Калі я папрасіў нумар яе тэлефона, яна зусім спакойна, толькі пільна-пільна зірнула мне ў вочы:
— Навошта?