— Вельмі чакаеш выкліку ў інстытут? — мусіць, бачачы, што я разгубіўся, запытала Вікця, як мы павярнулі i пайшлі па блішчастай i ўночы янкоўскай брукаванцы.
— Чакаю, — прызнаўся я, неяк нялёгка вяртаючыся са сваіх мар на гэтую зямлю.
— А я два разы, Чэська, паступала i два разы праваліла... — уздыхнула Вікця. — Летась — у медыцынскі, а сёлета — на завочнае ў педагагічны. Сачыненні спляжылі... Так што не шанцуе ў навуцы. Няздара я, мусіць, нейкая...
Я дасюль не ведаў пра гэта, дык цяпер здзівіўся, што Вікця, меўшы столькі непрыемнасцей, усё ж заўсёды вясёлая, гарэзная.
— Але не трэба больш пра гэта... — як папрасіла яна i мацней прыціснулася да мяне, прыпынілася, зірнула мне ў твар.
Ці мне здалося ў цемені, што твар яе блізіцца, ці, заміраючы, я сам нагнуўся, але хутка нашы насы сустрэліся, размінуліся, i я адчуў яе халаднаватыя вусны. Ад першага ў сваім жыцці пацалунка я аслабеў, асмялеў i абняў яе за плечы, прытуліў, адчуў, як яна блізка i аддана прыціснулася грудзьмі. Адчуў, як пахнуць яе валасы, як мяне ўсяго захлынае нейкае дзіўнае мяккае жаночае цяпло.
— Задушыш... — ціхенька засмяялася яна. — Малады, але гэтакі дужы... Чаго маўчыш? Прызнайся: любіш? Ці не?
Я змаўчаў — не паварочваўся язык вось так ні з таго ні з сяго сказаць: я цябе люблю i вельмі моцна люблю.
— Не бойся, з другіх смяялася, каб яны з мяне не пасміхаліся ды што ўсе такія з доўгімі рукамі... — як угадаўшы мае думкі, сказала Вікця. — З цябе не буду смяяцца. Ты гжэчны, не такі, як усе. Можа, нават i залішне ўжо нейкі далікатны, сарамлівы...
Я прамаўчаў. Але калi праз хвіліну мы зноў пачалі цалавацца, я пачаў шаптаць, што вельмі-вельмі кахаю яе...
У панядзелак, калі толькі прыйшоў на працу (прыйшоў заспаны, бо i ў нядзелю позна гуляў з Вікцяю), з трывогаю ўбачыў, што Гэлька, Ядзя, Люся пазіраюць на мяне i хіхікаюць, таўкуцца ля Вікці, а яна ім нешта шэпча. У мяне прыпынілася, здаецца, ад страху i крыўды сэрца, не мог дачакацца, калі дзядзька Стась, які даўно ўжо прыехаў ca Стоўбцаў, ад сям'і, ранішнім аўтобусам, скажа: «Ну, пара! Пайшлі на дарогу». Але брыгадзір сядзеў на камені, трымаў на каленях перагнуты вучнёўскі сшытак i нешта пісаў.
— Малы, малы, а як упіўся, што клешч... I гне... — пачуў я, як Вікця шаптала дзяўчатам. — Ледзь абаранілася.
Твар мой раптоўна загарэўся, i яго, мусіць, заліла чырвань: чаму я гэтак паверыў, быў такі шчыры? Дзеля чаго яна i з мяне строіць такія кепікі? Чаму яна такая?
I Вікця, i дзяўчаты зарагаталі — аж узняў галаву i ca здзіўленнем зірнуў на ix сур'ёзны дзядзька Стась, усміхнуўся. Я ж, здаецца, зненавідзеў у гэтую хвіліну Вікцю. Любіў i ненавідзеў...
3.
Пайшоў на схіл жнівень.
За гэтую пару мы яшчэ далей выбрукавалі дарогу, а я атрымаў вельмі чаканы выклік у інстытут на вучобу.
Усе мяне, шчаслівага, павіншавалі з гэтым. Толькі адна Вікця, здаецца, пасумнела пасля гэтай весткі. Але я ўжо, як i Антон, не зважаў на яе, як i не чуў ды не бачыў, што яна робіць.
У апошні дзень маёй працы на дарозе дзядзька Стась прывёз мне пад вечар са Стоўбцаў плату, прэмію. Я думаў, як толькі распісаўся ў ведамасці i паклаў у кішэню грошы, развітацца з усімі i пайсці дадому, але хлопцы так мяне не адпусцілі.
Калі звечарэла, мы гуртам падаліся ў аблюбаваны лясок, паселі, разлажылі перад сабою пачастункі.
— Ну, вучыся добра, Чэсь, — першы сказаў тост дзядзька Стась. — А вучыцца будзеш: маеш старанне, цярплівы, цягавіты. А дарогу мы ўжо давядзём да ладу, будзеш некалі ездзіць па ёй дадому са студэнцкім чамаданчыкам па сала, дык успомні i нас, i нашу работу тут.
Пасля гаварылі амаль усе, жадалі мне добра вучыцца. Дзядзька Стась, як i ўсе, падпіў, развесяліўся, пачаў спяваць песні: да яго падсела Вікця, прымушала яго дапіваць, «не пакідаць зла». Яна з ім выпіла i на брудэршафт. I, як мне здавалася, сёння, каб захацела, магла i яго прымусіць заляцацца да яе: мела такую ўладу. Уладу красы.
Як усе наспяваліся, нажартаваліся, — а я крыху сумотны ад ростані з сябрамі, — пачалі разыходзіцца. Я падаўся ў свае Янковічы з Антонам.
— Чэсь, пачакай! — тут жа пачуў я Вікцін голас.
Антон азірнуўся i мігам адвярнуўся, падаўся дадому адзін. Я не мог не прыпыніцца.
Вікця падышла, зірнула з нейкім смуткам. Яна, канечне, хацела мне нешта сказаць, але, мусіць, чакала, што загавару першы я, хлопец.
Але я маўчаў, пазіраў долу. На прыцемнены вечарам верас, на ўсыпаную рыжым шыгаллём зямлю, што пахла гарачынёю, смалой, мёдам, стомаю.
— Выбачай, Чэсь, не крыўдуй... — як папрасіла, усё ж першая загаварыла Вікця. — Я i сама не ведаю, чаму i цябе так пакрыўдзіла. Ты ж не такі, як каторыя, ты добры, а вот найшоў дур... — i зірнула на мяне з такою пяшчотаю, што я, каб быў старэйшы, смялейшы ды разумнейшы, можа, нічога i не сказаў бы, але ўзяў бы яе за руку — i ўсё-ўсё перамянілася б, было б у нас з Вікцяю нешта новае.