Яна першая прыслала яму ліст (да запатрабавання, канечне), ён, напытаўшы выкладчыка нямецкай мовы, чытаў яе лісты, пісаў сам, як i яна, жывучы ўспамінам пра бліскавіцу іхніх пачуццяў.
Аднойчы (а гэта было яшчэ ў брэжнеўскія часы) яго паклікалі ў ваенкамат. Вайсковы лейтэнант пагаварыў з ім толькі дзеля прыліку, зверыў ягоныя месца работы, адрас i тэлефон, а пасля завёў у іншы кабінет, дзе сядзеў маладжавы мужчына ў новенькім шыкоўным цывільным касцюме, з кароткімі валасамі i з пранікнёнымі вачыма. На гладкім твары — нібы маска. Як толькі ваенкаматавец выйшаў, той адразу паказаў чырвоную кніжачку, завёў гутарку пра пустое ды парожняе, а пасля ашаламіў:
— Што гэта ў вас, грамадзянін Н., за кантакт з жыхаркай ФРГ?
Упірацца не было як; Сяргей мусіў спачатку пра ўсё расказаць, а пасля напісаць.
— Мы павінны сустрэцца яшчэ раз, — на развітанне сказаў яго нечаканы апякун. — Я пазваню вам, назавуся Міхаілам Іванавічам, скажу, дзе i калі будзе наша сустрэча.
Сапраўды, праз нейкі час гэты чалавек пазваніў, сказаў, дзе i калі з ім спаткацца.
— Мы праверылі па нашых каналах: вашая красуня Эльза — не разведчыца, звычайная маладая заходненямецкая фрау, — ён цяпер загаварыў лагодна. — Што да вас, дык вы дазволілі сабе памацаць яе. I трэба сказаць, спадабаліся ёй. Яе лісты поўныя страсці i кахання да вас. Сексуальная немачка, ці не так?
Сяргей змаўчаў: не мог кінуць камень на тую, якую пакахаў i кахае, з якой жадае сустрэцца зноў.
Апякун адчуў яго сур'ёзнасць, сагнаў з твару панібрацкую ўсмешку i зноў нацягнуў маску:
— Ёсць думка кіраўніцтва, каб вы ўстрымаліся ад далейшых кантактаў з жыхаркай капіталістычнай краіны, што з'яўляецца членам НАТА. Не выключана, што заходнія спецслужбы могуць выйсці на гэты кантакт i паспрабаваць спажыць яго.
— Але ж я не ведаю ніякіх дзяржаўных i ваенных сакрэтаў. Я магу даць толькі даведку пра моцныя i слабыя творы ў нашым выдавецтве.
— Ад вас могуць запатрабаваць антысавецкія творы. А гэта, ведайце, грамадзянін Н., не менш за выдачу дзяржаўных i ваенных тайн.
— Зразумела, — паныла падпарадкаваўся Сяргей.
— Не перажывайце, — зноў дазволіў сабе ўсміхнуцца той. — Можна, калі ёсць сіла, час i ахвота, знайсці i нашых, сваіх, сексуальных жанчын. Але калі будзеце не пільныя, пападзецеся, то тады вамі ўжо зоймуцца жонка, партыйная i прафсаюзная арганізацыі... Мы можам толькi пацвердзіць альбо абвергнуць гэта...
Сяргей моўчкі адказаў поціскам рукі на развітанне з гэтым чалавекам, задумаўся. Як ні дакараў сябе, але на Эльзіныя новыя лісты не адпісваў. Недзе праз год перастала даваць пра сябе знак i яна.
Цяпер, у зусім іншы час, можна было напісаць ёй, а то нават i прыдумаць, дзе сустрэцца. Але што ён можа сказаць ёй, як зірне ў вочы? Як апраўдаецца i на каго ўскладзе віну за тое, чым адплаціў ёй за такое ўзвышанае каханне да яго? Хоць хто ведае: новая сустрэча аднавіла б, натхніла іхняе каханне альбо, наадварот, расчаравала б, зацьміла б тое, што было?
1.
— Спадар Мікола, — па-новаму ўжо, як часцей i часцей начало чуваць у сталіцы, паклікала яго Сяргейчык.
Ён яшчэ сядзеў за сваім рабочым сталом, а яна, збіраючыся ўслед за іншымі супрацоўнікамі ісці дадому, некалькі хвілін стаяла пры дзвярах каля люстэрка — здаецца, падфарбоўвала вусны, расчэсвала караткаватыя валасы, намагаючыся вымайстраваць якраз тую прычоску, што спадабалася б ёй самой.
Ён падняў галаву, зірнуў са стомленым запытаннем: што трэба?
— Спадар Мікола, — хоць не павярнулася, па-ранейшаму пазірала на сябе ў люстэрка, але адчула, што ён слухае. — Хопіць карпець над паперамі, хадзем са мной. Зіначка мая ў мамы, дык я сёння вольная. Магу схадзіць з вамі, скажам, у кіно.
Ён быў тут, у інстытуце, загадчык аддзела, яна — малодшы навуковы супрацоўнік, яго падначаленая. Працуюць разам каля двух гадоў, калі яна скончыла тэатральна-мастацкі інстытут i чамусьці трапіла сюды, у літаратуразнаўчую навуку. Зірнуў пільней: жартуе? Мала таго што ён яе «шэф», дык яна нашмат маладзейшая, лічы, дачка яму, ды яшчэ, як кажуць, ён чалавек старой моды, а яна вунь якая сённяшняя: у чорных туфліках, у чорным — у абліпачку — трыко, кароценькай чорнай скураной спаднічцы, у шыкоўнай белай блюзцы. Адным словам, маладая i прыгожая. Ёй, канечне ж, не варта траціць час на сумныя артыкулы ды рэцэнзіі, а трэба даць волю таму, што шчодра мае ад прыроды-матухны.
— Чаго маўчыце? — запытала.
— А што — пасля? — запытаў ён з жартам i іроніяй.
— Вы зводзіце мяне ў рэстаран альбо ў кафэ, — спакойна адказала.
— А пасля?
— Зойдзем да мяне.
— А яшчэ пасля?
— Пабачым, — з хвіліну паглядзелася ў люстэрка, задаволілася тым, як цяпер выглядае, узяла з вешалкі чорную сумачку i накінула раменьчык сабе на плячук. — Спадабаемся адно аднаму — завядзём раман, не спадабаемся — разыдземся. Як у моры караблі.
— Я i не ведаў: вы, Алачка, жартаўніца, — усміхнуўся i хітнуў галавою.
— Ды не, я не жартую, — павярнулася, пільна зірнула з-пад вялікіх акуляраў. — Я сур'ёзна. Мне вы падабаецеся. Не толькі як шэф, але як i чалавек. Я нават у вас закаханая.