«Калі ёсць каханне, дык толькі ў юначыя гады, калі ўсё ўзвышана i чыста» — стаяла яна на сваім. — А пасля, калі пачнецца пасцель, каханне знікне, а замест яго прыходзіць іншае...»
«Не думай, не гавары так проста i груба. Якраз ад таго, як умеюць Ён i Яна, муж i жонка таксама, абыходзіцца ў пасцелі, радуюць альбо засмучаюць там адно аднаго, узмацняецца ці, наадварот, спустошваецца, разбураецца каханне, сумеснае сямейнае жыццё».
«Не тлумі мне галаву, скажы, прызнайся, што i ў цябе цяга да гэтага не столькі ад кахання, колькі ад біялагічнага інстынкту. Ёсць i іншыя не меншыя, а то i большыя адкрыцці, пазнанні, радасці i ўцехі, чым савакупленне».
«Ёсць, але не трэба жаданую i непаўторную блізкасць паміж любімымі абражаць непрыстойным словам. Тут зусім не да месца непаразуменне, абыякавасць да сямейніка, тым больш — пошласць i цынізм. Тут патрэбныя шчырасць, давер, узаемапавага».
«Дык хто я, па-твойму? Нейкая недаразвітая?»
«Я ж так не кажу. Я хачу, каб мы з табой жылі гарманічна».
Як ён ні намагаўся схіліць яе на свой бок, каб яна была з ім заадно, адкрылася яму целам i душой, хоць зрэдку зашаптала шчасліва: «Мілы мой! Любы!», але амаль нічога не дабіўся. Калі, бывае, не ўстоіць перад яго ласкаю, здасца, але не моўчкі, а прыгаворыць: «Ладна, бяры. Але як вулічную. A калі так, то плаці. Дваццаць пяць (пяцьдзесят, сто) рублёў». Ён спачатку жартаваў ад такой умовы, але пазней, калі яна на самай справе пачала патрабаваць перад блізкасцю грошы, не толькі пакрыўдзіўся, але з болем зразумеў: хтосьці з ix ненармальны, а то, бадай, яны абое такія. Да ўсяго жончын характар усё больш i больш пачаў ламацца на злосць i істэрыку. Яна не толькі ні з таго ні з сяго нават на людзях магла ахрысціць яго непачціва: «Дрянь!», «Дурак!», «Идиот, чтоб ты сдох!», дык яна перагрызлася з маці i з сястрой, з якімі апошнія гады не бачыцца i не размаўляе, а цяпер пачала часта счэплівацца i з дачкой. За дробязь якую — скажам, за шпільку да валасоў альбо памаду, а тая, удаўшыся ў маці, не толькі не саступала, але яшчэ нападала на яе i тымі ж словамі, што яна, маці, адорвала яго. Жонка тады аж калацілася ад гневу i няўмення стрымаць сябе, лямантавала на яго: «Иди, дрянной отец, успокой свою дрянную дочь!»
Адзін час, гадоў пяць таму, Сяргей не вытрьмаў, не толькі зламаўся, але мог сам сябе загубіць — адным словам, запіў. І трэба сказаць, па-чорнаму. Ад змрочнай тугі.
Вось тут жончыная злосць спатрэбілася добра. Яна ўжо не толькі шчодра абсыпала яго з ног да галавы грубасцю, ішла на самыя адчайныя крокі (да слова, пісала зневажальныя заявы са скаргамі ў ягоную партарганізацыю, падавала на развод, выкінула ў смеццевы кантэйнер ягоны гонар — томікаў дзвесце кніг з аўтографамі аўтараў, з тым-сім з якіх ён браў чарку), але, падымаючы на ногі ўсіх суседзяў, біла п'янага, абдзірала твар цвярозаму, верашчала не толькі ў кватэры альбо на лесвічнай пляцоўцы, але i ў двары. I адваявала: ён запыніўся i не пакаціўся з горкі ў п'янае балота ці нават да ранняй пагібелі. Праўда, гэтая перамога дала ёй новы козыр: «Каб не я, ты, дрэнь, ужо даўно прапаў бы».
Сваякі, сябры шкадуюць яго. Бывае, нават шчыруюць: «Чаго ты самаадрачона пакутуеш? Кідай ты сваю асу, няхай пажыве адна». Ён i сам не раз думаў пра такі крок, але шкадаваў i няшчасную хваравітую жонку, i дачку. Ведаў: пойдзе сын у армію альбо завядзе сваю сям'ю, дык яны без ix, мужчын, самі як след не прыбяруць кватэры, не згатуюць есці, раззлуюцца, давядуць адна адну да істэрыкі, калі, скажам, сапсуецца тэлевізар, халадзільнік альбо прас. Не мог пакінуць ix у бядзе, цярпеў усе знявагі, нягоды, як мог падлагоджваўся, каб у кватэры было як мага спакайней, але не мог не адчуваць: калі сваю душу поўніць чалавечнасцю, дык залішне рана глушыць у сабе мужчыну.
Вось цяпер тут, у Празе, гэтае мужчынскае не толькі ўсплыло, затрывожыла, але гарачынёй разлілося па целе: душа не магла не захапляцца, а то i купацца ў Эльзіных усмешках i абаяльнасці, у сардэчнасці, што сыходзіла ад яе чароўным святлом.
«Пайду!»
Намагаючыся ўтаймаваць узбуджанае дыханне, Сяргей рушыў з нумара. Каля Эльзіных дзвярэй крыху пастаяў, а пасля, адчуваючы, што вось-вось можа закрочыць адсюль назад, насуперак сваёй волі пазваніў.
Эльза даволі хутка адамкнула i адчыніла дзверы. Паказалася перад ім у доўгім квяцістым бела-сінім халаце, амаль такога колеру ручніком вакол галавы, з паружавелымі шчокамі пасля ваннай.