Іхняе вяселле было, мабыць, купецкае — на ўвесь рэстаран, з удзелам другога сакратара райкома партыі, з паставым-міліцыянерам; самымі ганаровымі гасцямі было гарадское начальства, тут, на пышнай гулянцы, яно, увабранае ў адзенне, што было недаступнае простым смяротным, наглянцаванае i блішчастае, здавалася, вельмі кампанейскае i вясёлае, зусім без цяжару пасад i сувязей, але з нябачным жалезным этыкетам, яно шмат піло, гуляла, спявала рускія песні, бясконца падыходзіла, ціснула яму, Сяргею, руку, цалавала маладую, дакляроўвала быць заўсёды разам, назаўтра ж, мабыць, успамінала пра ўсё гэта нібы пра штосьці непрыемнае, пры сустрэчы дзеля прыліку жартавала, паляпвала па плячы, але ў сваё «кола» блізка не падпускала. Сваякі, сябры, знаёмыя на гэтым вяселлі адчувалі сябе ніякавата, саромеліся i бянтэжыліся перад гарадскою элітаю.
Першая ж сямейная ноч глыбока ўразіла Сяргея: калі ён, тэмпераментны, яшчэ зусім не пазнаўшы жанчын, схапіў i прытуліў да сябе тую, з якой ён толькі цалаваўся дагэтуль, якая стала ўжо ягонай жонкаю, яна нечакана адхіліла яго: «Не чапай, баюся я гэтага». Ён, ясна, не адступаў, тады яна папікнула: «Ты — п'яны, пахнеш гарэлкаю» — i так моцна сціснула ногі, што ён так i не здолеў ix разамкнуць.
Што казаць, ён крыху выпіў, мусячы шмат разоў падымаць чарку з сотняю гасцей, ён мог у першую шлюбную ноч не ўчыняць таго, што спрадвеку прадпісвалася пісанымі i няпісанымі законамі, але яго не маглі не ўразіць дзве рэчы: жончыная бесцырымоннасць i нервовы спазм моцна сціснутых ног. Зрэшты, гэтыя дзве рэчы будуць суправаджаць усё іхняе сямейнае жыццё.
Пазней ён зразумеў прычыну такіх жончыных паводзін: як аднойчы прагаварыўся яму адзін яго п'яны сябра, яго жонку, калі яна, яшчэ васьмікласніца, была ў лагеры адпачынку, згвалціў п'яны выхавацель, дык у яе, ашаломленай i душэўна растаптанай, з'явілася, нават укаранілася нянавісць да мужчын, а да п'яных найперш, а з гэтым прыйшла i завалодала непрыязь да блізкасці.
Ён глыбока пакрыўдзіўся, што яму не сказалі праўды, але змог пераадолець жончыныя недавер i скрытнасць, узяўся адагрэць, палюдзіць яе як чалавека i жанчыну, пяшчотай i ласкай памагчы не толькі звыкнуцца, але мець натуральнае жаданне да таго, без чаго не можа быць сапраўднага кахання i ладу паміж мужам i жонкай.
Канечне, рана-позна пазналіся, i, дзякуй Богу, жонка здолела зацяжараць, нарадзіла здаровага i харошага сына.
Зразумела, ён быў рады, нават шчаслівы, хоць ягоная прымаковая доля была нялёгкая. Часта пыхлівая цешча ды не зусім задаволеная жонка, якія ў свой час жадалі іншага, элітнага, зяця i мужа, тыцкалі ў зубы: твае пасада i заробак такія, што без нашага ўсяго ты не змог бы як след утрымліваць сям'ю, твае жонка i дзеці былі б «серые и нищие».
Пазней усё змянілася: ён змог выбіцца з раённага балота i паехаць у Мінск на вучобу ў партыйную школу, пасля застаўся ў сталіцы ў выдавецтве, неўзабаве па спецспісе атрымаў кватэру i перавёз туды жонку з сынам. У гэты час нечакана абласныя следчыя выйшлі на цесця, арыштавалі, неўзабаве суд даў яму восем гадоў, а незаконна набытую маёмасць канфіскаваў. Цешча мусіла з меншаю дачкою пазнаць «шэрасць», жыць толькі на сваю зарплату, як i ён, Сяргей, але, апусціўшыся з нябёс на зямлю, не падабрэла, нават яшчэ болей пыхцела на яго: быў бы яе зяць у радні з райкомаўцам, дык, можа, уплывовы сват памог бы выбавіць мужа з бяды.
Не пачалавечыла бяда i жонку. Бясконцымі дакорамі яна атручвала сабе i яму жыццё: ёй па-ранейшаму было мала грошай, двухпакаёвай кватэры, яна прагла насіць самы модны абутак, самае моднае адзенне, аж хваравіта ўжо імкнулася з году ў год быць стройнай, маладзіцца, ці то не заўважаючы, ці то не зважаючы, што з яе крыкліва-яркіх альбо звыш меры прыталеных убораў хіхікаюць яе саслужбоўцы па навукова-даследчым інстытуце. Яна падарыла яму яшчэ дачку, але раскаванай жанчынай так i не стала. Па-ранейшаму згаджалася на блізкасць не тады, калі па нястрымным поклічы прыроды жадаў гэтага ён, а калі ў яе быў добры настрой альбо ён прыносіў дадому ганарар. У іншы час, калі ён пераадольваў гэты злашчасны спазм яе моцна сціснутых ног, калі яна мусіла саступіць, дык ляжала непарушна i наўмысна, можна сказаць, забівала ўсё жывое ў яго душы: «А я цябе не жадаю», «А я цябе не жадаю...». Пасля ж, калі ён, так i не запаліўшы яе, прынікаў да яе так i неразвітых як след грудзей, злараднічала: «Ну што, задаволіўся?»
«Жонка, жанчына мая дарагая, — спрабаваў змагацца за яе самую ж ён, — чаму ты гэтак мучыш мяне? Хіба я цябе не кахаю? Хіба не пяшчотны?»
«Няўжо ты кахаў, кахаеш? — ці то не разумела яго, ці то здзекавалася. — Ты проста адчуваў , адчуваеш палавую патрэбу».
«Дзякуй Богу, я здаровы, нармальны чалавек, дык адчуваў i адчуваю, як ты кажаш, здаровую i нармальную патрэбу», — шчыра тлумачыў ён.
«I табе не ўсё роўна, з якой ты жанчынаю?»
«Канечне. Хіба не бачыш, што не кідаюся са сваёй патрэбай на іншых жанчын, а жадаю быць толькі з табой».