Яна не адказала, толькі ветліва хітнула галавой ды яшчэ раз не пашкадавала для яго вабнай усмешкі, а пасля падняла над сабой руку i вялікім пальцам зацерла аб іншыя, а потым распрамленай далонню правяла сабе па галаве, па твары, па грудзях. Цяпер ён зразумеў, што яна хацела нядаўна сказаць: пойдзе прымаць душ. Значыць, стамілася за гарачы дзень, хоча адпачыць.
Яны пакланіліся адно аднаму, i яна тут жа закрочыла пешкі на свой паверх. Ён не мог не праводзіць з захапляльным позіркам яе спрытную галоўку з караткаватымі светлымі валасамі, хораша пакатыя плечы, вузкую паясніцу, зграбныя паўкруглыя згібы яе вабных клубоў, лёгкія ногі — што ні кажы, Эльза вельмі спакуслівая.
«Пачакай, — схамянуўся, — я ж не зусім так пажадаў ёй спакойнай ночы. Здаецца, правільна будзе не «гутэн наг», а «гутэн нахт»!
У нумары ён адчуў прыліў цяжару незразумелага расчаравання, а заадно i самоты — можа, i ад таго, што гэтак няўдала схібіў зусім нядаўна i што яго гжэчна паправілі: хоць усе знаёмыя лічылі, што ён цягавіты i стойкі, яго нібы нічым не зрушыць i не выбіць з каляіны, але ён быў лёгкаранімы. Надта тады, калі штосьці добра не абдумваў, паддаваўся на праяву настрою i ашукваўся, а то i горш — нечакана крыўдзіў каго. Гэтая светла-рыжаватая красуня-немачка пачціва тыцнула яго носам: ёй даспадобы, што ты трымаеш месца ў рэстаране i ў аўдыторыі, што падаеш знакі ўвагі на кожным кроку, але на большае не замахвайся, ведай меру.
Што ж, яна паводзіць сябе добра. Сапраўды, ёсць мяжа, i яе не варта пераходзіць малазнаёмым ды яшчэ сямейным людзям. Перажываючы за свой недаравальны для яго гадоў промах, Сяргей пахадзіў па прасторным i ўтульным нумары, паглядзеў з акна на чужы прыгожы горад, дзе здаўна мелі прытулак i ягоныя землякі, дзе яшчэ ў 1517 годзе была надрукаваная першая беларуская кніга, пасля падаўся ў ванную i доўга абліваўся цёплай вадою, спакваля адчуваючы, як знікае стома, а з ёю i пякучы сорам, як цела напаўняецца сілай i бадзёрасцю. Выціраючыся мяккім ручніком, падумаў, што зусім дарэмна дакарае сябе, бо нічога непрыстойнага ён не ўчыніў, праявіў самую звычайную ўвагу i гасціннасць. Калі ж пачысціў араматнай чэшскай пастай зубы i апрануўся ў новенькі спартыўны касцюм, выйшаў з ваннай i прылёг на шырозным, засланым зялёнай аксамітнай накрыўкай ложку, зноў узяўся за чэшскі часопіс. Ён не прывык лайдачыць, змалку ўцягнуўся ўсё рабіць шчыра i сумленна.
Зусім нечакана, аж ён уздрыгнуў, пачуўся тэлефонны званок. Першы раз за ўсе гэтыя дні: ні родзічаў, ні знаёмых у Празе не было. Ён молада падхапіўся, узяў трубку:
— Алё.
Hi слова, ні гуку.
— Алё.
Зноў маўчанне, a неўзабаве — адрывістыя кароткія гудкі. Што гэта? Хтосьці памыліўся, набраў не той нумар, пачуў чужы голас, дык паклаў трубку?
Пахадзіў па нумары, чакаючы новага званка. Але яго не было. Лёг. Але спакойна чытаць ужо не мог: адчуваў нейкае дзіўнае ўзрушэнне. Нібы гэты званок кудысьці яго клікаў.
Зноў падаў голас тэлефон. Сяргей цяпер не падскочыў, пачакаў — вось пяты ўжо сігнал. Тады ўзяў трубку:
— Алё.
Зноў ніякага слова, толькі, здаецца, чуваць перарывістае дыханне, зноў неўзабаве — піп-піп-піп. Не, гэта не звычайная абмылка, каб званіў нават незнаемы чужаземец, дык папрасіў бы хоць на сваёй мове выбачэння. Дык што — падае знак вулічная дзяўчына? Кажуць, тут, за мяжой, такія ёсць. Ці, можа, звоніць... Эльза?
Эльза? Сапраўды, можа, пацвельваецца яна: маўляў, як адчуваеш сябе? Дакараеш? A калі не пацвельваецца, жадае, каб ён, мужчына, быў кавалерам, зайшоў? Пайсці? Але калі гэта звоніць не яна, калі не так думае, дык як зірнуць ёй у вочы i што сказаць?
Паклаў трубку. Завагаўся, адчуваючы, што нейкая нябачная мяжа стрымлівае яго, але i ў той жа час нейкая таксама нябачная сіла штурхае яго на незвычайны ў ягоным жыцці ўчынак.
Сямейны, Сяргей не мог не падумаць у гэтую хвіліну пра жонку i дзяцей. Будучую жонку ён сустрэў некалі ў невялікім гарадку, куды яго пасля універсітэта прыслалі працаваць у раённую газету i дзе жыла яна, Тамара, студэнтка біяфака. Пазнаёміліся яны на танцах у РДК, ён праводзіў яе дадому, пасля часта сустракаў на вакзальчыку — адным словам, упадабаў яе, стройную, хораша апранутую, нават нібы арыстакратычную (яна была дачкой дырэктара гарадскога рэстарана). Бацькі яе, як пасля ўведаў, хацелі парадніцца з кім-небудзь з райкома партыі, але паколькі гэта не ўдалося (сынкі i дочкі тых, хто працаваў там, парадніліся з дзецьмі тых, хто працаваў у райвыканкоме, у судзе i ў органах), потым згадзіліся на іхнюю жаніцьбу.