Читаем Жар кахання [Апавяданні пра жанчын] полностью

Яна села, накінула на загарэлыя, сям-там з рыжымі крапінкамі, з белаю палоскаю ад станіка плечы халат, паднялася i пайшла да шафы, а ён, саромеючыся быць не апранутым, шпарка нацягнуў на сябе трыко i сеў. Вяртаючыся ўжо з двума фужэрамі карычневага пітва i з пачкам цукерак пад пахай, яна, з чырвонымі плямінамі на шчоках, з бляскам у вачах, убачыўшы, што ён ужо амаль апрануты, па-змоўніцку хораша ўсміхнулася — на ёй жа халат быў захінуты не шчыльна, хораша агаляў шыю i амаль усе прыгожыя грудзі. Падышла, села яму на калені i падала келіх, дакранулася да ягонага i падала вусны. Лёгка нацалаваўшыся, яны крыху адпілі, пасля яна развязала чырвоны шнурочак на пачку, дастала адтуль цукерку i падала яму. Затым падала яшчэ адну — ён паказаў мігамі, што хопіць, ён не вялікі любіцель салодкага, але яна не адступала, i яны блазнавата зазмагаліся, кожны дабіваючыся свайго, час ад часу прыпадаючы адно да аднаго i цалуючыся халаднаватымі i церпкімі ад каньяку вуснамі. Неўзабаве халата зноў не было на Эльзе, Сяргей зноў зачаравана гладзіў яе стройнае цела, але новы іхні парыў адно да аднаго запыніў міжгародні тэлефонны званок, i званок настойлівы, доўгі.

Эльза спачатку махнула рукой на зялёны апарат, што цяпер замінаў ім, а потым, адкаціўшыся на іншы край ложка, легла паўбокам да Сяргея i ўзяла трубку.

Каб Сяргей усё чуў i мог перакласці сам сабе, дык быў бы сведкам такой размовы:

«Слухаю».

«Эльза, ты што — спіш? Так рана?»

«Спала», — яна лена прамовіла i прытворна пазяхнула.

«Дзіўна! Я думаў: ты ў бары».

«Я вельмі стамілася, Карл. Гэтыя бясконцыя дальнія паездкі, выступленні, афіцыйныя прыёмы...»

«Беднае маё дзіця...»

Эльза павярнулася; убачыўшы, што ён з любасцю азірае яе пакатую спіну з прыгожым раўчуком, круглыя шыкоўныя клубы, узяла яго руку, змусіла наблізіцца i прыклала яе да сваіх грудзей, а пасля падала яму вусны. Яны замёрлі ў доўгім пацалунку.

«Эльза? Эльза? — чуўся ў трубцы ўсхваляваны голас пажылога мужчыны. Яе мужа. — Ты што — зноў заснула? Алё? Алё? Алё?»

Эльза адхілілася, заціснула пад пахай яго руку. Пасля, зноў імітуючы санлівасць, запытала:

«Ну што, Карл?»

«Ты не можаш паадолець сон?»

«Не магу. Літаральна самі зліпаюцца вочы».

«Бедная мая».

«Як ты? Як наш Ганс?»

«Добра. Мы чакаем цябе».

«Малайцы».

«Ну cпi, малышка».

«Спакойнай ночы i вам».

Эльза зноў прытворна пазяхнула, але ледзь толькі паклала трубку, борздка крутнулася i прыпала да яго.

«Сам храпі, стары сыч, — загаварыла. — Думай, што i я сплю. Але хіба я магу заснуць з беларускім Мелехавым? Ды калі я яго кахаю?»

Цяпер яны ўжо лашчылі рукамі адно аднаго; Сяргей быў звычайна сарамлівы, ніколі не дазваляў сабе нічога лішняга, але зараз зусім не бянтэжыўся, нават цешыўся, што Эльза лашчыць яго вельмі смела. Яна, гэтая смеласць, канечне ж, не магла не падахвоціць да новай, але ўжо іншай блізкасці. Ён адчуў: цяпер не трэба ўрывацца ў яе адкрытую i ахвотную да яго плоць, цяпер трэба быць асцярожным i асцярожна знаёміцца па-новаму, дарыць сваё каханне, сваю страсць пакрыху i пакрыху прымаць яе цялесны i душэўны дар: дакрануцца да яе — радасць, лашчыць, кахаць — шчасце.

Эльза, здаецца, добра адчувала яго новае, большае ўжо захапленне ёю як жанчынаю, красой, што мела яна, трымцела, калі яго вусны з прагаю прыпадалі да яе вуснаў, да шыі, да грудзей i жывата, а яго плоць, як марскі прыбой, гоніць слодычную хвалю за хваляй, i яны нясліся па ix кудысьці ўдалечыню.

— Любы! — зашаптала Эльза. — Які ты жаданы! З табою я жанчына! З Карлам я ніколі такога не адчувала. Ён не толькі стары, ён сухі i зусім непачуццёвы. Для яго галоўнае — служба i грошы. Я мусіла пайсці за яго, удаўца, бо я з беднай сям'і... Я не жыву, а пакутую з ім... Кажу ж, калі ўбачыла цябе, дык у мяне ажно ўстрапянулася сэрца: вось ён! Хоць на некалькі дзён, але ён павінен быць маім! Ты, канечне ж, яшчэ не патрачаны ні душой, ні целам. Ты хочаш i ўмееш кахаць. Такія рэчы, любы, адчувае сэрца, плоць. У нас пip кахання, праўда?

Яна шаптала па-рознаму: то зусім ціхенька, то ўскрыкваючы, то стогнучы, мабыць, як i ён, сыходзячы любоўю, неапісальнай насалодаю, спапяляльнай страсцю, у якой, выходзіць, столькі шмат новага натхнення i адчування, што, урэшце, асляпляе маланкавым бляскам, за якім неўзабаве пачынаюць адчувацца прыемныя аслабленне, стома i асалодны спакой, напоўненая ва ўсім целе, у душы радасць за жыццё, за спазнанае з жанчынаю...


Апошні пражскі тыдзень, лічы, прамільгнуў. Калі Сяргей ад'язджаў, Эльза праводзіла яго i на вакзале, узяўшы за рукі, закахана i сумотна пазірала ў вочы, а з яе вачэй ціха плылі журботныя слёзы.

— Сяргей, — гаварыла яна, — нават калі нам не ўдасца больш сустрэцца, я ўсё роўна буду шчаслівая. Мы зналіся, здаецца, толькі адзін міг, але гэты міг цудоўны! Кажуць, у адну i тую ваду двойчы не ўвойдзеш, але мы павінны зноў сустрэцца. Ці ў Празе, ці ў нас, ці ў вас. Чуеш, Сяргей?

Ён душой адчуваў, што яна гаворыць, хітаў галавой, пазіраючы на яе скрозь слёзы i любуючыся ёю, зграбнай, прыгожай i добрай.

Перейти на страницу:

Похожие книги