Я ўбачыў, што волат, якога старая назвала Мёртвым Адонам, узьняў уверх вялізны стол, на якім насела некалькі чалавек, і паволі ішоў з гэтым цяжарам у маім кірунку. Ён шпурнуў сталом у мяне. Я адскочыў убок і стаў на ложак. Я адбіваў удары, але сілы мае згасалі. У нейкі момант я абапёрся плячыма аб партрэт мужа Жубжынскай. Раптам адчуў, што на шыі ззаду сьціскаюцца халодныя, касьцістыя пальцы. Да маіх вушэй даляцеў распачлівы крык старой:
— Гэта ён вас душыць! Нябожчык!
Я тнуў шабляю ўзад, праз галаву, але ціск пальцаў на маім горле не аслабеў. У маіх вачах пацямнела, не ставала паветра.
Я прачнуўся, аберуч скідаючы ручнік, які закрываў мне твар. Мабыць, ён зваліўся ўночы з партрэту. Залю залівала сьвятло электрычнай лямпачкі. За акном віднела. Паўсюль панавала ціша. Я зірнуў уверх. Мне падалося, што галава мужа Жубжынскай высунулася з партрэту і назірае за мной злымі вачыма.
Я выйшаў на балькон. Горад ляжаў ціхі, сонны. Удалечыні гойдалася над дахамі сівая імгла. Акалелы вярнуўся ў пакой і лёг у ложак. Калі зусім разьвіднела, узьняўся, апрануўся і пачаў аглядаць увесь пакой. Не знайшоў ніводнага схаванага ўваходу. Шафы былі зашклёныя, і я бачыў у іх мноства кніжак. Зрабіў выснову, што нехта мае ключ да майго пакою і ўчора ўвечары ўвайшоў у яго. Можа, хацеў пабачыць, як я жыву, можа, забраў нешта там схаванае? Я думаў і пра гаспадыню, якая, безумоўна, мае запасны ключ ад майго пакою. Але я ведаў, што яна нават удзень не пачувалася тут спакойнаю. Таму, напэўна, яна не прыйшла б у гэтую залю ў цемры. У мяне не было, аднак, сумневаў, што нехта мае ключ і ўчора ўваходзіў сюды. Дзіўна было, аднак, што ён пасьпеў хутка выйсьці — калі я ўздымаўся ўверх — і што мы не спаткаліся ні на сходах, ні на калідоры. Таму прыйшло мне да галавы, што быў тут нехта з жыхароў двух асобных пакояў, зь якіх выходзілі дзьверы на наш супольны калідорык. У іх вокнах я бачыў учора сьвятло. Я вырашыў запытаць гаспадыню, хто жыве каля мяне. Але не зьбіраўся казаць ні пра жудасны сон, а ні пра таямнічы візыт у мой пакой.
Таго ж самага дня, увечары, калі выходзячы ў горад я замыкаў дзьверы, я наклаў у шчыліну між імі запалку. Калі б у час маёй адсутнасьці хто-небудзь увайшоў у пакой, запалка выпала б на падлогу. Калі ўночы я вярнуўся дадому, я знайшоў запалку ў шчыліне дзьвярэй і выняў яе. Я прыйшоў да высновы, што ніхто сёньня ў мой пакой не ўваходзіў. На ноч я прыставіў да дзьвярэй вялікае, цяжкое крэсла і прывязаў сьпінку да клямкі.
Мы скончылі другую сэрыю здымкаў. Яна была вельмі цяжкая, і дарма што мы пазавалі з Сабінаю добра, работа заняла нам два вечары.
Агулам Рэванскі зрабіў дваццаць здымкаў і выбраў зь іх шэсьць найлепшых. Ён паказаў іх мне і спытаў:
— Якія ўражаньні выклікае другая сэрыя? Калі ласка, скажаце шчыра. Забудзьцеся аб тым, што вы пазавалі для яе. Ацаніце яе, параўнайце зь першай сэрыяй і з усімі здымкамі гэткага роду, якія вы бачылі.
Я ўважліва прагледзеў фатаздымкі. Ні сябе, ані Сабіны на іх я не пазнаў, бо нашы твары былі схаваныя. Я бачыў толькі выгнутыя ў юрлівых позах два голыя целы і іх адбіткі ў люстрах.
— Гэтая сэрыя падаецца мне значна горшаю, гэта значыць, менш эстэтычнаю. Яна празьмерна дражніць, і бачна, што штучныя позы маюць мэтаю ўзбудзіць гледачоў. Папросту лічу гэтыя фатаздымкі парнаграфіяй.
— Дзякую за шчырае меркаваньне. Але, калі ласка, скажаце, ці гэтыя здымкі цікавыя? Ці цікавяць яны як эратычная дзея?
Я адказаў пытаньнем:
— А ці цікавяць яны вас?
Рэванскі засьмяяўся.
— Даражэнькі, — сказаў ён, — для мяне, у маім веку і з маім досьведам, гэта зусім нецікава. Я перажыў вельмі шмат сардэчных прыгод. А вашы адчуваньні яшчэ сьвежыя, нэрвы моцныя. Вы рэагуеце на гэтыя справы па-здароваму, натуральна. Таму мне і цікавыя вашы адчуваньні.
— Мяне яны непакояць і саромяць. Я з прыемнасьцю гляджу на жанчыну, бо яна прыгожая. Але калі яна штучна пазуе разам з мужчынам, то яна быццам бы тушуецца. Падаецца мне нават грубай. Так сама і мужчына. Выстаўляе тое, што ёсьць вельмі інтымным. Гэткім чынам зьневажае і сябе, і каханьне.
Рэванскі пачаў казаць ціха, павольна:
— Вы мяне зьдзівілі. Выявілася, што вы рамантык. Не забілі гэтага ў вас жыцьцёвы досьвед, галеча, зьнявага. Вы мне нагадваеце мяне самога ў маладосьці, бо я таксама быў рамантыкам, выхаваным на ўзорах мастацкай літаратуры. Сапраўды мастацкай, дзе каханьне — узьнёслае, словы — праўдзівыя, жанчына — аздоба жыцьця і яго кветка, аб якой гаворыцца і думаецца чыста, з найвялікшай пашанай. Але ж вы былі ў войску і ведаеце, якое стаўленьне да кабеты сярод жаўнераў… нават інтэлігентных. Вы ведаеце?
— Звычайнае.
— Звычайнае? Гэта значыць утылітарнае, а шмат у каго «спартовае», у тым сэнсе, што здабыча жанчыны лічыцца перамогай і ўчынкам, якім выхваляюцца. Такім чынам жанчына скідаецца ў сьцёкавую канаву як прылада дасягненьня асалоды.
— Сапраўды, размовы аб жанчынах былі вульгарныя.
— А то ж, — падхапіў Рэванскі, — вульгарныя. А калі б вы, напрыклад, запратэставалі супраць вульгарнасьці, як бы на вас паглядзелі калегі?
— Відаць, засьмяялі б.