Назаўтра, пасьля продажу чацьвёртага чэку, я пайшоў у бібліятэку. Я хацеў там схаваць частку грошай. Калі ўвайшоў усярэдзіну, зь зьдзіўленьнем убачыў на стале лісток. Карэспандэнцыя з Аленаю адбывалася звычайна ў суботу. Сёньня была пятніца. «Нешта сталася!» Я хуценька ўзяў лісток і прачытаў: «Татуля вярнуўся ў аўторак зранку. Ён паўсюль вас шукаў. Дзе вы цёгаецеся, як бадзяжны кот?» Захоплены новай авантурай і вірам забаваў, я зусім забыўся пра Рэванскага. А ён вярнуўся і шукаў мяне. Зь якою мэтаю? Ці пашчасьціла яму знайсьці добрых пакупнікоў па нашы здымкі? Можа, ён хоча вырабіць наступную сэрыю? Я адразу вырашыў, што болей пазаваць ня буду. Навошта на мае фатаздымкі будуць глядзець нейкія эратаманы? Пачаў меркаваць, дзе схаваць грошы? Я прынёс іх у валізцы, складзеныя ў пачкі па пяцьдзясят і па сто тысяч. Я нідзе ня мог знайсьці добрай схованкі. Нарэшце адчыніў адну з шафаў, у якой на ніжніх паліцах ляжалі стосы газэт і часопісаў. Было відаць, што іх ніхто не чапаў шмат гадоў. Я асьцярожна павымаў тоўстыя стосы і зрабіў вольнае месца ззаду, на ніжняй паліцы. Усунуў туды тоўсты скрутак грошай, у якім было васямсот тысяч марак. Пасьля спераду наклаў часопісы і газэты, каб выглядалі так, быццам бы іх здаўна адсюль не вымалі. Зачыніў шафу, вымыў рукі й выйшаў з пакою. Я падаўся да Рэванскага — як заўсёды, зьвілістым, паўцёмным калідорчыкам. Пазваніў у яго кватэру. Стары адчыніў мне дзьверы.
— Ну, нарэшце! — выгукнуў ён. — Дзе вы падзеліся? Я шукаў вас паўсюль. Штодня грукаўся некалькі разоў у вашы дзьверы. Зьбіраўся нават спытаць гаспадыню: ці вы ня зьехалі?
— Я выпадкова сустрэў сябра зь Менску. Часамі начую ў яго і не вяртаюся дахаты.
— Калі ласка, уваходзьце!
Я адчуваў сябе крыху няёмка. Я не хацеў казаць пра тое, што я даведаўся пра прыезд зь пісулькі Алены. Я памятаў, што дзяўчына не хацела, каб бацька ведаў пра яе вандроўкі ў бібліятэку. Рэванскі правёў мяне ў маленькую залю, у якой каля акна стаяў вялікі пісьмовы стол. Відаць, ён ці яго дачка працавалі за ім. Мне нават падалося, што на стале ляжаць кніжкі, узятыя зь бібліятэкі Жубжынскай. Яны былі ў масіўных вокладках цёмнага колеру.
— Вы паабедалі? — спытаў мяне Рэванскі.
— Так.
— Але вып’еце кавы?
— Калі вы будзеце рабіць сабе…
— Я якраз хачу выпіць. Зараз запару. А тут ёсьць альбом японскіх фатаздымкаў, Прагледзьце іх.
Ён выйшаў з залі. Я разгарнуў альбом і пачаў праглядаць вялікія, прыгожыя фотаздымкі, пераважна краявідаў гор і марскіх узьбярэжжаў.
Я раптоўна адчуў, што ў пакоі нехта ёсьць. Агледзеўся і заўважыў у дзьвярах, што вялі да іншага пакою, Алену. Яна прыклала палец да вуснаў на знак маўчаньня. Я ўзьняўся з фатэля. Дзяўчына наблізілася да мяне і амаль кранаючыся вуснамі майго вуха, так, што адчуваў цяпло яе подыху, пачала шаптаць:
— Не кажаце бацьку пра мяне і пра лісток… Мы незнаёмыя наогул…
Зусім несьвядома, аўтаматычна я абняў яе праз плечы леваю рукою.
У тое ж імгненьне я адчуў удар кулака ў грудзі і Алена адскочыла назад. Зірнула на мяне прыжмуранымі вачыма. Выглядала так, быццам бы хацела кінуцца на мяне і ўкусіць. Я ж пазіраў на яе зь зьдзіўленьнем. Але, магчыма, яна зразумела, што мой жэст быў выпадковы, бо твар яе зьмяніўся зь дзікага на сур’ёзны. Яна пашыбавала да дзьвярэй. Там павярнулася да мяне і пагразіла кулаком. Тады і я паказаў ёй кулак. Яна адказала высалупваннем языка і крыўляньнем твару, потым зьнікла за дзьвярыма. Я вылаяўся. Сеў у фатэль і пачаў праглядаць фатаздымкі. Праз пэўны час заўважыў, што не адрозьніваю здымкі. Думкі мае былі ў іншым месцы. Вярнуўся Рэванскі. Прынёс распачатую пляшку каньяку і два кілішкі. Паставіў усё на малым століку пасярод пакою.
— Выдатна выглядаеце, — сказаў ён мне.
— Харчуюся добра. Мне цяпер болей шчасьціць.
— І адзеяцеся прыгожа. А дзе гарнітур, які я вам даў?
— Аддаў яго аднаму бедаку, які апынуўся ў трагічнай сытуацыі.
Чакаў, што Рэванскі пачне размову пра нашы здымкі, але ён, відавочна, адкладаў яе на пасьля. Я зрабіў выснову, што яна для яго важная.
— Ці маеце сёньня шмат вольнага часу? — спытаў мяне.
— Зараз нікуды не сьпяшаюся. Заўсёды з прыемнасьцю размаўляю з вамі.
Дзьверы, што вялі да залі, адчыніліся, і ўвайшла Алена. Яна несла на нікелевым падносе кававарку і дзьве філіжанка
— Мая дачка, — сказаў Рэванскі.
Я ўзьняўся. Дзяўчына паставіла паднос на століку.
— А гэта, Алёнка, наш Міхал. Мой добры знаёмы, пра якога я ўжо гаварыў.
Дзяўчына надала мне далонь і пазірала спакойна, быццам бы сапраўды першы раз мяне ўбачыла. Я назваўся і дадаў:
— Мне вельмі прыемна.
— Мне таксама, — адказала яна амаль іранічна.
— Калі ласка, сядайце, — мовіў Рэванскі мне. Потым зьвярнуўся да дачкі: — Можа, і ты, даражэнькая, вып’еш кавы?
— Ведаеш жа, што кавы не люблю. Пасьля вып’ю гарбаты.
— Будзеш дзівіцца, Алёнка, бо пан Міхал, калі быў у мяне першы раз, адразу зьвярнуў сваю ўвагу на твой партрэт.
— Гэта вялікі для мне гонар! — сказала яна з наўмысным сарказмам.
— Кажу сур’ёзна. Ён сказаў, што ты прыгожая.
— Надзвычай прыгожая!
Дзяўчына зірнула на мяне прыжмуранымі вачыма. Потым яна сказала: