— Нічога… Зараз прыйдзем на цёплыя ножкі… разагрэемся, — засьмяяўся ён і пацёр далоні.
«Заўсёды тое самае. І гэта жыцьцё!.. Напэўна, яму цяпер халодна ляжаць там на сьметніку. Можа прастудзіцца. Бедны, бедны Карась!»
Ідзём вуліцамі… Гойдаюцца ліхтары… Енчыць вецер…
14
Цягнік імчыць на поўдзень. Сяджу з Сабадам на падножцы вагону. У нас есьць білеты, і маглі б ехаць усярэдзіне, але нас спакусіла прыгожая ноч, неба, усеянае роямі зорак, і магчымасьць пагутарыць аб усім бязь сьведкаў. На мне старая вайсковая форма. На галаве — спартовая кепка, Сабада трымае на каленях торбу зь сялянскай вопраткай, якую я апрану толькі ў Лідзе. Часам лякаматыў залівае ваколіцы пераможным сьвістам і засыпае неба завірухаю залатых іскраў, якія імкліва разлятаюцца і выглядаюць як вясёлая, агністая жамяра. Калі цягнік затрымліваецца па станцыях, мы пакідаем сваё месца і ходзім па пэроне, пазіраючы на людзей, якія сядаюць у вагоны й выходзяць зь іх. Пасьля ізноў улазім на плятформу вагону. А калі цягнік мінае станцыю, сыходзім на падножку вагону, зачыняем за сабою дзьверы і пазіраем у ноч.
У Ліду мы прыехалі пад ранак. Разам з мноствам іншых пасажыраў скіраваліся на станцыю. На досьвітку выпілі гарбаты ў буфэце. Сабада пайшоў да цырульніка, каб пагаліцца і памыцца. Я не галіўся і ня мыўся, каб выглядаць здарожаным. Падаўся да ўваходу на пэрон і там выняў з кішэні сфальшаванае пасьведчаньне. Я пачаў церці яго аб запыленую сьцяну, бо папера была надта ж новая, а фарба на пячатках сьвежаю. Паднішчыў яго трохі, сагнуў і заламаў краі ды месцы, у якіх была складзена. Тое самае я зрабіў з «ангельскім» канвэртам і лістом ад «брата» Юзіка.
Мы пайшлі на могілкі. Сабада ведаў горад і правёў мяне туды. На зацішнай алеі мой таварыш выняў з торбы рэчы, што былі тамака. Я ўзяў доўгія самаробныя порткі, сьвітку і чорную куртку. Начапіў на галаву фуражку-мацяюўку. Зьнятую зь сябе адзежу паклаў у торбу. Сабада выняў з кішэні папяровую сумачку са старою саломаю і абсыпаў ёю маю адзежу. Даў мне ў рукі кароткую пугу. Потым адышоў на пару крокаў і ўхвалена пляснуў у ладкі.
— Сам чорт не пазнае, што ты не селянін!
Я зачасаў валасы крыху на лоб і на правы бок. Потым узяў з магілы жменю зямелькі й размазаў яе ў далонях, каб запэцкаць рукі і пазногці. Мы выйшлі з могілак да шашы. Дзень быў базарны. Дарогаю ў мястэчка цягнуліся вазы. Сяляне ехалі на кірмаш — ня раз зь вельмі адлеглых мясцовасьцяў. Мы пайшлі ў бок цэнтру. Па дарозе зайшлі на сьняданьне ў нейкую кепскую гарбатню. На кірмаш пайшлі толькі а гадзіне дзясятай. Там мы падзяліліся. Сабада меўся як і раней назіраць за мною. Я ж павінен быў дзейнічаць цяпер на ўласны розум. Хутка заўважыў шыльду абмену грошай. Увайшоў усярэдзіну. Інтэр’ер быў бедны. За стойкаю стаяў сівы жыд з доўгаю барадою. На яго галаве была ярмолка. Ён абвёў мяне незычлівым позіркам.
— Ну, што ты хочаш? — азваўся ён па-беларуску.
— Можа, купіш чэк? — таксама па-беларуску спытаў я.
— Які чэк?
— Ангельскі. На фунты.
— Пакажы.
Робячы ўсё паволі, апатычна, паставіў пры прылаўку пугу, паклаў на падлогу торбу, а пасьля выняў з бакавой кішэні курткі вялікую, чырвоную, жаночую хустку. Нясьпешна разьвязаў яе і выняў канвэрт. З канвэрта я дастаў чэк і падаў жыду. Апроч ліста і чэку ў мяне было закручанае ў хустку пасьведчаньне асобы і некалькі тысяч марак. Жыд агледзеў чэк. Пасьля ўзьняў блянк на сьвятло і ўважліва яго агледзеў. Пацмокаў губамі і вярнуў мне чэк, кажучы:
— Гэты чок я не куплю.
— Чаму? — спытаў я вяла, хаваючы трывогу.
— Бо не куплю, — паўтарыў жыд.
— Не, дык не… — сказаў я нібы абыякава.
Паволі ўклаў усё назад у хустку, схаваў яе ў бакавую кішэню, узяў торбу з пугай і выйшаў з канторы. «Што гэта можа быць? Што ён там угледзеў падазронага?» Нейкі час я назіраў за дзьвярыма канторы, ці ніхто не пойдзе па паліцыю, ці ня будуць за мною сачыць? Пасьля падаўся на рынак. Сабада ішоў здаля. За пэўны час ён наблізіўся да мяне.
— Як з чэкам?
— Жыд агледзеў яго і сказаў, што ня купіць.
— Чаму?
— Ня ведаю.
— Што будзеш цяпер рабіць?
— Паспрабую з пасярэднікамі.
Доўга хадзіў па рынку, аглядаючы натоўп. Шукаў адпаведных людзей — пасярэднікаў, якія звычайна на кірмашы шукаюць прадаўцоў і купцоў па розныя тавары, пераважна збожжа. Я меркаваў, што магу завабіць іх лёгкім заробкам. Заўважыў каля вялікай бакалейнай крамы купку жыдоў, якія жвава дыскутавалі. Зь іх выгляду і паводзін зрабіў выснову, што гэта тыя людзі, якія патрэбны. Падышоў да іх і сказаў па-беларуску:
— Скажыце, дзе можна прадаць загранічныя грошы?
— Якія грошы? — зацікавіліся адразу ўсе.
— Фунты.
— Пакажы.
— Што я маю паказваць, калі вы ня купіце. У вас няма гэтулькі грошай.
— Вось дурны Юрка, як мы ня купім, дык хто?
— Сам ты дурны. Зараз пакажу.
Я з удаванай неахвотай затрымаўся і паўтарыў паволі ўсю працэдуру з хусткаю, канвэртам і чэкам. Паказаў ім блянк, не выпускаючы яго з рук. Жыды былі зацікаўленыя і ўзбуджаныя. Яны ажыўлена шваргаталі. Адзін зь іх, з малою, рудою бародкаю, зьвярнуўся да мяне:
— Мы маем купца па гэты чэк. Ён яму патрэбны. Больш ніхто яго ня купіць. Хадзем з намі, тут блізка.