На працягу тыдня ўсе тры сэрыі былі гатовыя. Два дні мы працавалі ранкам і ўвечары. Грачанка, на просьбу Рэванскага, не выклікала ў гэты час Еву ў сталоўку. Дзяўчына таму цэлыя дні была вольная. Калі я папрасіў яе, каб яна прыйшла да мяне на ноч, яна пагадзілася на гэта толькі па заканчэньні ўсіх здымкаў. Але прасіла захаваць таямніцу пра гэта для Рэванскага і Грачанкі. Зразумела, я ахвотна ёй гэта паабяцаў. Грошы ад мяне не ўзяла, хаця я ёй іх прапаноўваў. Паставілася да гэтага як да свайго раману. Тады купіў для яе ў прэзэнт шэсьць пар добрых панчох.
А ў найбліжэйшую суботу, увечары, я знайшоў у бібліятэцы запіску Алены на маім лістку: «Дзякую! Вітаньні — ад мяне і Клеапатры».
13
З Сабадам і Якубам мы правялі нараду. У нас быў чэк ангельскага банку, перароблены зь пяці фунтаў стэрлінгаў на трыста. Мы пастанавілі прадаць яго цяпер, а пасьля падрыхтаваць некалькі чэкаў і рэалізаваць у вялікіх гарадах Польшчы. Новы чэк быў на прозьвішча М. Левін. Я зьдзівіўся: чаму выбралі такое прозьвішча? Да таго ж я не падобны да жыда. Высьветлілася, што чэк той быў даўно перароблены. Яго зьбіраўся прадаць знаёмы Якуба — жыд Генік. Але спужаўся і адмовіўся. Так мяне паінфармавалі. Аднак у мяне было адчуваньне, што супольнікі не сказалі мне ўсяго. Каб не перарабляць чэк, бо і цяпер ён не выглядаў сьвежа, вырашылі ня «мыць» яго нанова, але да прозьвішча Левін дадаць тры літары: «скі». Тады прозьвішча будзе Лявінскі. А літара М. можа быць як першай літарай жыдоўскага імя, напрыклад Мойша, так і хрысьціянскага, напрыклад Мар’ян ці Мікалай. Аднак для спрашчэньня вырашылі пакінуць маё імя: Міхал. Абгаварылі тэкст даведкі пра мяне. Дзеля гэтага мы вывучылі вайсковыя мапы віленскага ваяводзтва. Месцам майго сталага пражываньня выбралі Новае Сяло[17]
— воласьць Граўжышкі Ашмянскага павету. Гэтая вёска знаходзілася за сорак кілямэтраў ад Ліды і дванаццаць ад Ашмянаў. Рэшта маіх асабістых дадзеных: селянін — халасты — каталік.Сабада сабраў рэчы, патрэбныя для пераробкі мяне ў вяскоўца: чорную суконную куртку тыпу расейскай «гімнасьцёркі» — блюзу з кішэнямі, самаробныя порткі, боты з тоўстай скуры, аблезлую фуражку-мацеюўку, торбу і пугу. У той самы дзень я пайшоў да фатографа і зрабіў здымкі на пасьведчаньне асобы. Аддаў іх Якубу. Ён мусіў падрыхтаваць для мяне дакумэнты і канвэрт зь Лёндану ад майго «брата» Юзіка. Я ж і Сабада склалі на беларускай мове ліст ад брата да мяне. Сабада перапісаў яго на добра падабранай «ангельскай» паперы. Зь ліста можна было даведацца, што мой брат, Юзік Лявінскі, які жыве ў Лёндане, дзе валодае прадуктовай крамай і жанаты з ангелькай, дасылае мне чэк на трыста фунтаў, каб я дакупіў зямлі, адрамантаваў будынкі й набыў добрага каня. У лісьце былі павучаньні: што такое чэк, як яго прадаваць і згадка асьцерагацца ашуканцаў. Ліст быў вытрыманы ў сялянскім стылі. З мноствам вітаньняў і «паклонаў» для пералічаных у ім сваякоў і знаёмых. Усё было гатова. Мы чакалі толькі пашпарт і канвэрт, які Якуб абяцаў зрабіць на працягу двух дзён. Мяне цікавіла, як пойдзе продаж гэтага чэку. Ад гэтага посьпеху залежыць шчасьце нашай далейшай кампаніі, якую мы вырашылі праводзіць вельмі хутка. Непакоіла мяне трохі такая акалічнасьць, што чэк выстаўлены на вялікую суму. Трыста фунтаў стэрлінгаў цяпер немалы капітал, бо фунт паводле біржавага курсу варты дзесяці тысяч шасьцісот васьмі маркам.
Увечары я спаткаўся з Колькам. Той сьпяшаўся.
— Хадзем, — сказаў мне, — убачыш паляваньне на Карася.
— Якога карася?
— Адзін фраер. Прыежджы. Прадаў некалькі дзясяткаў кароў. У яго мех марак. Трэба палегчыць яго кішэні. Набраўся, як сьвіньня. Трэба гэтага жлаба абчысьціць.
Гэта не цікавіла мяне, але я пайшоў. Усё адно дзе было бавіць час. Зайшлі ў жахліва брудны шынок. Падлога была засыпаная пілавіньнем. Паветра смуродлівае. Мы прайшлі за буфэт, у пакой ззаду ўстановы. Хаця на надворку было яшчэ відно, тут паліліся сьвечкі. Адзінае акно было завешана вялікаю, аблезлаю коўдраю чырвонага колеру, зь якой тырчалі брудныя шматкі ваты. У паветры віселі клубы тытунёвага дыму. Мы паселі за сталом, складзеным з чатырох малых столікаў. Я ўбачыў мажнога мужчыну, бляндына гадоў пяцідзесяці, што сядзеў у крэсьле. У яго быў вялікі, чырвоны твар, бычыны карак і дужыя рукі. На яго каленях сядзела кабета гадоў трыццаці. Была толькі ў кашулі, майтках і панчохах.
— Гэта Манька Рудая… «Прашлячка!»[18]
— сказаў ціха Колька. — Спойвае яго. Цьвёрды хам. Жлукціць гарэлку як ваду.Стол быў застаўлены бутэлькамі гарэлкі й піва. На талерках ляжалі кавалкі кепскай каўбасы і тоўстыя лусты хлеба. Пры другім рагу стала сядзеў гарманіст, хударлявы маладзён зь зеленаватым тварам і шклянымі, бясколернымі вачыма. Ён паклаў шчаку на інструмэнт і рэзаў «Шабасоўку»[19]
. Карась мяў жаночыя грудзі, крычаў: «Ух-ха!» У такт музыцы ён біў абцасамі аб падлогу. Манька біла яго па твары і крычала:— Ах ты, халера! Пусьці, ну!
У далёкім куце пакою нейкі панурага выгляду бамбіза сьпяваў прастуджаным голасам куплеты: