Колька пляскаў у далоні і мовіў мне на вуха:
— Трэба яго спаіць, хоць цяжка, але час ёсьць. Ён наш.
Манька сарвалася з каленяў Карася і завіхалася перад ім, трасучы сьцёгнамі і круцячыся вакол. Ён час ад часу ляпаў яе далоньню па азадку і голасна рагатаў. Яна ў адказ біла яго ў твар і кідала позірк на Кольку.
— Хто гэта? — зьвярнуўся я да Колькі, паказваючы вачыма на бамбізу панурага выгляду, які сьпяваў куплеты:
— Яе каханак, Фэлікс-«стырачнік»[20]
.— Як яна так… каля каханка?
Колька засьмяяўся.
— І што з таго? Яны на рабоце. Зрэшты, яна яму ня дасьць. Гэта «хіпішніца»[21]
.Гарманіст перапыніў ігру і зьвесіў галаву на стол. Манька ізноў села на калені Карася. Наліла яму палову шклянкі гарэлкі і дадала піва. Сабе наліла толькі піва. Выпіла і пачала паіць Карася.
— Пі, золатка! Пі, каралевіч, каб цябе халера! Як бавіцца, дык бавіцца! Раз жывем, раз памрэм! Пі!
Карась, сьціскаючы Маньку, жлукціў са шклянкі гарэлку. Кабета паставіла на стале сваю шклянку і пачала яго карміць.
— Разяў дзюбку, даражэнькі!
Яна ўпіхвала яму пальцамі ў шырока разяўлены рот вялікія кавалкі кілбасы, хлеба і абцякаючы воцатам кавалак селядца.
— Абліжы мне, даражэнькі, пальчыкі. Салодкія, як цукерачкі.
Карась па чарзе аблізваў яе пальцы.
Мяне страсянула ад агіды.
— Дзе вы яго знайшлі? — спытаў Кольку.
— Яго высачыў Давідка-«шырмач»[22]
. «Скаповаў»[23], што «цёплы»[24], бо узяў багата «капусты» за прададзены статак кароваў. Можна было «купіць[25] яму скуры[26]», але буйныя грошы схаваў у рэмень і апрануў пад адзежу, «прашляцкі жлоб». На яго напусьцілі Маньку. Яна ўзяла яго ў абарот. Пайшлі ў рэстарацыю, а пасьля яна сюды яго прывалакла. Ну і поім… як у студню льём. Хацелі мы яго на «стыркі»[27] ўзяць, але ён кажа, што не гуляе ў карты.У пакоі акрамя мяне, Колькі, Манькі, Карася, гарманіста і Фэлюся быў яшчэ Давідка, хударлявы, чорны жыд, вясёлы, рухавы. Ён распачаў гэтую работу.
Манька крыкнула гарманісту:
— Сашка! Грай, сьцерва! Кліент бавіцца, кліент плаціць!
— Я плачу… Грай! — роў Карась. — Гра-ай, бо мая мадама хоча мець прыемнасьць!
Гарманіст зайграў старога расейскага вальса «На сопках Манчжурыі». У пакой з гучным сьмехам убегла ня першай сьвежасьці дзяўчына, худзенькая, малая. На ёй была чырвоная сукенка. На яе белым твары блішчэлі вялікія, чорныя вочы.
— Маё шанаваньне добрай кампаніі! Ах, як тут весела! Та-ра-ра-ра! — пачала кружляць па пакоі ў такт вальса.
— Гэтая абярэ яго як ліпку! — мовіў Колька. — Гэта нашая Залатая Ручка — Андзя Авадзень.
Дзяўчына ў чырвонай сукенцы кружляла побач Карася. Пачала ляпаць яго далоньню па карку.
— Ах, як я люблю бляндынаў! — лашчылася яна. — А можа, вы патанчыце?
Карась паспрабаваў танчыць, але адразу ж паваліўся на крэсла, так што яно затрашчэла.
— Ужо ў чуб укінуў, — сказаў Колька.
Давідка абцёр брудным ручніком стол. Расчысьціў ад бутэлек трохі месца і пачаў перакідваць на стале карты, заахвочваючы ахвяру да гульні. Карась адмаўляўся:
— Што там картамі ляскаць. Я хачу бавіцца зь дзяўчынкамі.
Манька з павагаю ляпала яго па твары.
— Гэта я разумею, кавалер!
Андзя Авадзень віскнула ў захапленьні:
— Такі палкі мужчына!
Карась сядзеў разваліўшыся у крэсьле, у атачэньні дзьвюх кабет, якія настойліва намагаліся яго спаіць. Выходзіла ў іх слаба, бо мужчына піў шмат, але не губляў прытомнасьці. У расьцярушаным, мігатлівым сьвеце сьвечкі, у імгле тытунёвага дыму яны выглядалі фантастычна. Яны ўтваралі тры яскравыя плямы: белую, чырвоную і чорную. Іх абрысы ўвесь час перапляталіся. Чорная пляма была масіўная і нерухомая — як калода старога дубу. Чырвоная пляма пагладжвала яго па баках — як агонь. Белая — як сьнег прысыпала яго і, здавалася, гасіла чырвонае полымя.
А гармонь сутаргава ікала. Выкідала ў пакой акорды гаманлівай полькі. Фэлюсь хрыпла рычэў:
Пакой, здавалася, віраваў у паветры. Яго поўнілі крыкі, тупаценьне ног, віск кабет, рогат Карася. Кабеты паілі ахвяру. Удавалі, што таксама п’юць, але спрытна вылівалі гарэлку на падлогу. Твар мужчыны прымаў дзікі выраз. Вочы затуманьваліся…. Тузануў на Маньцы кашулю, разьдзёр яе. Кабета ўваліла яму моцна кулаком у нос. На твары Карася зьявілася кроў. Ён камячыў надалей Маньку за плечы, пакрываючы яе голы торс плямамі крыві, што струменіла яму з носа. Андзя Авадзень зьдзірала зь яго плячэй пінжак.
— Праца ідзе! — мовіў Колька. — Мыюць яго!
Карась таргануўся. Зьдзёр з Манькі трусы й зваліўся разам зь ёю на падлогу. Кабета роспачна вырывалася, але ён моцна прыціскаў яе ўсім целам. Разьюшана соп, пускаў пену з роту і намагаўся зь ёю спарыцца. Андзя Авадзень, седзячы на ім верхам, біла яго кулакамі на галаве.