На вакзале ў Беняконях я купіў у буфэце тры пачкі папяросаў і тры шакалядкі. Вярнуўся ў тармазную будку і даў жаўнерам па пачку цыгарэт і па плітцы шакаляду. Ноч здавалася мне вельмі доўгай. Асабліва апрыкралі нам доўгія прастоі на станцыях. Час ад часу я вылазіў з тармазной будкі і бегаў па пасьне, каб разагрэцца. Пад ранак мы прыехалі ў Вільню. Цягнік спыніўся здалёк ад вакзалу на адной з бакавых каляін. Мы выйшлі з тармазной будкі і знайшлі пераход на вуліцу. Адтуль пайшлі на вакзал. Я запрасіў жаўнераў на каву. А па сьняданьні, калі мы выйшлі на пляц перад вакзалам, я даў ім па дваццаць тысяч марак «на шчасьце». Яны былі зьдзіўлены маёй шчодрасьцю, але з радасьцю ўзялі грошы. Пасьля я накіраваўся да свайго жытла ў пані Жубжынскай. Паціху адчыніў парадныя дзьверы і пайшоў сходамі ўверх. Я хацеў, каб ніхто ня бачыў мяне ў жаўнерскай форме і з пакункам у руках. У бібліятэцы я зачыніў за сабою дзьверы на ключ і выняў яго з замка. Старанна памыўся і пагаліўся. Зьмяніў бялізну і адзежу. Пакунак грошай, у якім былі два мільёны марак, я схаваў у торбу. Пасьля лёг на ложак і моцна заснуў. Прачнуўся апоўдні. Я адчуваў непакой з нагоды зьнікненьня Сабады. Я дапускаў, што ён быў зь нейкай прычыны арыштаваны, бо інакш, відаць, ня кінуў бы мяне без папярэджаньня. У гэтым выпадку пакой у Жубжынскай быў небясьпечным, бо Сабада ведаў, дзе я жыву. У нас быў плян, што Сабада можа згубіць мяне з вачэй ці пакінуць, калі на яго зьвернуць увагу. У гэткім выпадку павінен быў ехаць у Вільню й напісаць мне ліст з пазначэньнем месца і часу сустрэчы. Ліст такі ён павінен быў адразу па прыезьдзе ўсунуць у шчыліну пад дзьвярыма майго пакою. Але ліста не было. Акрамя таго, мы дамовіліся, што ў выпадку страты кантакту між сабою спаткаемся ў «Зялёнага Штрала», у більярднай залі, між трэцяй і чацьвёртай гадзінамі наступнага дня. Таму я вырашыў пайсьці туды сёньня. Я спакаваў у паперу пакункі з двума мільёнамі марак. Я намагаўся, каб ён выглядаў сьціпла — як звычайны пакунак. Зьверху моцна абвязаў яго шнурком. Свае грошы, усяго мільён у пяцітысячных банкнотах, здолеў зручна расьпіхаць на кішэнях. Я прыбраў пакой, пасьля выйшаў зь бібліятэкі. Пастараўся зрабіць так, каб майго сыходу ніхто таксама не заўважыў. Я падаўся ў новае жытло, а трэцяй гадзіне пайшоў у цукерню. Я чакаў там Сабаду да чацьвёртай, але ён не прыйшоў. Гэта мяне зусім здэзарыентавала. Сабада часта сюды прыходзіў, бо быў аматарам таннай гульні ў більярд. А ў цяперашняй сытуацыі ён абавязаны быў прыйсьці. Я спытаў пра яго ў маркёра, які ведаў нас як сталых гасьцей. Але і ён Сабады ня бачыў.
Я вырашыў пайсьці да Якуба, хаця мы дамовіліся раней, што без папярэджаньня ня будзем адведваць яго. Я баяўся туды ісьці, але лічыў, што цяпер мушу гэта зрабіць — хоць бы таму, каб паведаміць нашаму супольніку пра зьнікненьне Сабады. Акрамя таго, трэба было разьвязаць справу з грашыма. Я не адразу ўвайшоў у двор, але пэўны час назіраў за будынкам, брамаю і галоўным уваходам. Не заўважыў нічога падазронага. Наблізіўся да бакавога ўваходу да камяніцы і ціхенька пайшоў сходамі ўверх. Я не спаткаў па дарозе нікога. Затрымаўся насупраць вузкіх дзьвярэй, дзе жыў Якуб. Нейкі час прыслухоўваўся, але ўсярэдзіне было ціха. Тады пазваніў умоўленым спосабам — так, як званіў заўсёды Сабада: раз доўга, раз каротка і раз доўга. Ніхто не адчыніў дзьверы. Паўтарыў такі званок некалькі разоў — безвынікова. Я паціху падаўся сходамі ўніз, пасьля выйшаў на вуліцу і стаў разважаць: што рабіць? У нейкі момант прыпомніў пра цырульніка — брата Сабады. Вырашыў яго знайсьці. Я меркаваў, што цяпер гэта адзіны бясьпечны шлях, каб даведацца нешта пра сваіх супольнікаў. Я думаў, што калі спытаю ў некалькіх цырульнях пра Сабадавага брата, то даведаюся, дзе ён жыве альбо дзе працуе. Сапраўды, я лёгка даведаўся, што брат Сабады працуе на Зарэччы. Знайшоў месца, пра якое мне паведамілі, і ўвайшоў усярэдзіну. Убачыў там Сабадавага брата і павітаўся зь ім як з даўнім знаёмым. Але я ня мог гаварыць свабодна, бо там быў яшчэ адзін цырульнік. Я сеў у фатэль перад люстрам і папрасіў мяне пастрыгчы. Крыху зьдзіўлены і нават занепакоены, ён узяўся за працу. Відавочна, яму перадаўся мой настрой і ён зразумеў, што я шукаў яго па важнай справе. Я выбраў зручны момант і спытаў:
— Калі апошні раз вы бачылі брата?
— Тры дні таму.
— Вы не жывяце разам?
— Не. А ў чым рэч?
— Ці можаце вы сысьці раней з працы? Справа вельмі важная. Трэба пагутарыць.
Неўзабаве ішлі мы разам ў напрамку вуліцы Нямецкай. З нашай размовы я зрабіў выснову, што цырульнік ня ведае дакладна пра падробкі і продаж намі фальшывых чэкаў. Таму і я не пасьвячаў дэталёва яго ў гэтыя справы. Сказаў толькі, што ўчора падчас адной з нашых «акцый» яго брат зьнік бязь сьледу і я не магу яго знайсьці. Няма таксама нашага супольніка. Я баяўся, што іх арыштавалі.