Мяне дапытвалі ад чацьвёртай гадзіны дня да дзясятай вечара. Сьледчы хацеў скончыць пратакол перад адпраўкай мяне ў камэру на вуліцы Сьвятога Ігнація, каля Сьледчай службы. Справа ў тым, што мяне зьбіраліся пасадзіць у адной камэры зь Якубам і Сабадам. Яны лічылі, што гутаркі зь імі могуць паўплываць на маё прызнаньне. Акрамя таго, гэтая справа — паколькі мяне доўга шукалі — цягнулася чацьвёрты тыдзень.
19
Сьледчая турма знаходзілася на першым паверсе. Мяне пасадзілі ў камэру з закратаваным акном, на якім быў умацаваны бляшаны «кош», празь які вязьні не маглі нічога ўгледзець на вуліцы. Мае супольнікі сядзелі тут чацьвёрты тыдзень. Яны меркавалі, што я даведаўся пра іх арышт і схаваўся. Маё затрыманьне было для іх неспадзяванкаю. Калі я ўвайшоў у камэру, абодва яны вельмі зьбянтэжыліся. Прысаромленыя, яны наблізіліся да мяне.
— Што вы нарабілі? — зьвярнуўся да іх.
Сабада маўчаў, а Якуб сказаў:
— Страшэннае няшчасьце!
— Але ж была ўмова, што калі я пападуся, то я ня выдам вас. Чаму вы здалі мяне?
Я бачыў, што абодва яны ў роспачы. Таму кінуў дакараць іх і спытаў аб прычыне правалу. З расказаў Сабады і Якуба — доўгіх і блытаных выявілася наступная карціна.
У Лідзе Сабада няўстанна сачыў за мною, калі я пераходзіў разам з пакупнікамі з памяшканьня ў памяшканьне. Нарэшце ён убачыў, што вядуць мяне ў будынак, дзе месьціцца Сьледчая служба і камэндатура Павятовай паліцыі. Ён падумаў, што мяне затрымалі. Яму не прыйшло да галавы, што ў гэтым самым будынку месьціцца канцылярыя натарыюса, куды мяне правялі. Пэўны час ён чакаў на вуліцы, пасьля хутка пайшоў на вакзал, каб пасьпець на цягнік. Пасьля прыезду ў Вільню адразу падаўся да Якуба і сказаў яму, што мяне затрымалі і завялі ў Сьледчую службу. Сабада і Якуб былі пэўныя, што я іх ня выдам. Аднак хацелі забясьпечыцца. Яны меркавалі, што ў іх досыць часу. Да таго ж ужо вечарэла. Сабада не пайшоў дадому, але застаўся на ноч у Якуба. Хацеў назаўтра забраць у яго ўсе кампрамэтуючыя рэчы і паперы, каб схаваць іх у сябе дома. Але рана з раніцы да Якуба прыйшлі агенты Сьледчай службы. Яны правялі дэталёвы ператрус, знайшлі грошы ды некалькі непадробленых яшчэ чэкаў.
— Чаму да вас прыйшлі агенты? — спытаў я. — Мяне ж не затрымалі, і я ня мог вас выдаць.
— Гэта іншая гісторыя, — з жалем паведаміў Якуб.
Ён вярнуўся ў расказе на тры месяцы назад, калі ён мяне яшчэ ня ведаў. Чэк на трыста фунтаў стэрлінгаў быў даўно сфальшаваны. Яго зьбіраўся прадаць знаёмы Якуба, Генік, які паехаў з гэтай мэтаю ў мястэчка Іўе, за трыццаць пяць кілямэтраў ад Ліды. Але ён баяўся прадаць чэк сам, таму зьвярнуўся да знаёмага «фактара»[34]
, які добра ведаў мястэчка. Генік прапанаваў яму купіць, разам зь некалькімі супольнікамі, фальшывы чэк. Сказаў, што верне «фактару» яго грошы і дасьць трэцюю частку з прыбытку. Але «фактар» адгаварыў яго ад такой справы. Ён меркаваў, што яму будзе небясьпечна: калі выявіцца, што чэк фальшывы, супольнікі могуць абвінаваціць яго ў ашуканстве. Таму ён вярнуўся ў Вільню і аддаў чэк Якубу. Пасьля, калі не было іншых чэкаў, Сабада і Якуб далі яго мне на продаж.У той дзень, калі я прадаў чэк, у Ліду з Іўя прыехаў «фактар», якому Генік прапаноўваў прадаць фальшывы чэк. Паколькі ён таксама гандляваў валютаю, таму ведаў у Лідзе ўсіх, якія гэтым займаліся. І гэтак здарылася, што яму прапанавалі купіць чэк на трыста фунтаў, які ён добра памятаў. «Фактар» пасьля агляду чэку сказаў, што ён фальшывы. Перакупнікі адразу пабеглі ў Сьледчую службу. У тую ноч «фактар» зь Іўя, два перакупнікі зь Ліды і агенты Сьледчай службы выехалі ў Вільню. Генік, калі яго арыштавалі, засьведчыў, што ён не збіраўся прадаваць чэк і што яму даў яго Якуб. Калі агенты Сьледчай службы зь Ліды разам зь віленскімі агентамі прыйшлі да Якуба, засьпелі там і Сабаду. Абодва яны страшэнна перапалохаліся. Мае супольнікі падумалі, што я папаўся і расказаў усё, што пра іх ведаў. Таму не адмаўляліся ні ў чым і адразу прызналіся — нават пра раней прададзеныя чэкі. Ператрус у Якуба працягваўся доўга. Пасьля яго разам з Сабадам завялі ў Сьледчую службу. Таго ж дня ўвечары агенты прыйшлі ў мой пакой, але не засьпелі мяне дома. Гаспадыня дала ім запасны ключ ад майго пакою і ў прысутнасьці двух панятых там быў праведзены ператрус. Пасьля агенты чакалі мяне ў бібліятэцы доўгі час. Ператрус быў безвыніковы. Мяне таксама не схапілі, бо я быў у іншым месцы, а назаўтра выехаў зь Вільні.
У кватэры Сабады зрабілі ператрус позна ўвечары — неўзабаве пасьля візыту яго брата, якога я чакаў на вуліцы. Назаўтра затрымалі таксама і цырульніка, які аддаў агентам пакунак з двума мільёнамі марак. Ён сказаў, што атрымаў іх ад мяне мінулага дня ўвечары.