Ён пайшоў у буфэт у першай залі. Мне падалося, што ён доўга не вяртаецца. Нарэшце ён прынёс мне два куфлі піва.
— Пачыналі новую бочку, — патлумачыў ён сваю затрымку. — Давялося чакаць
Я паставіў куфлі па століку, сьцёр сьцёркаю раней запісаны час пачатку гульні і напісаў новы. Я гуляў у більярд вельмі рэдка і дрэнна. Мне больш падабалася назіраць добрую гульню, чым бяздарна апэраваць кіем. Маклер, відавочна, стараўся спрасьціць мне гульню. Спрытна настаўляў шары пад люзу. Але, зразумела, ён лёгка выйграў. Адразу паставіў новую пірамідку. Даваў мне парады, як гуляць. Калі мы скончылі партыю, у залю ўвайшло тры мужчыны. Аднаго зь іх я наглядна ведаў, і ён мяне ведаў. Быў гэта агент Сьледчай службы. Я адразу зразумеў, што трапіў у пастку, але спакойна гуляў далей і ўдаваў, што не зьвяртаю ўвагі на «ціхароў». Але той, які мяне ведаў, падышоў да більярду.
— Хадземце з намі ў Сьледчую службу, — сказаў ён мне. — Трэба высьветліць шэраг пытаньняў. Вы дасьце паказаньні як сьведка.
Усе агенты трымалі рукі ў кішэнях. Я зразумеў, што яны трымаюць нагатове зброю. Я разважаў, ці закуюць яны мяне ў кайданкі.
— Добра, — сказаў я. — Зараз заплачу за піва і за час гульні.
Я даў маклеру грошы. Ён выдаў мне рэшту. Відавочна, ён хацеў адкінуць мае падозраньні наконт яго, бо спытаў:
— Што трэба сказаць таму бляндыну, калі ён сюды прыйдзе?
— Скажаце яму, што калі вы пайшлі па піва «з новай бочкі», то паведамілі тым вунь мужчынам, што я тут.
Маркёр зьніякавеў і адышоў. Агенты пасьміхнуліся. Адзін абшукаў мяне, каб пераканацца, што ў мяне няма зброі. Другі закуў мяне ў кайданкі. У Сьледчую службу мы паехалі брычкаю. Я ўсунуў далоні ў рукавы пінжака, каб схаваць кайданкі. Ля Дамініканскай вуліцы мы выйшлі да велічэзнага гмаху. Затрымаліся ў вялікім пакоі на другім паверсе. У ім было шмат агентаў у цывільным. Некалькіх зь іх я ведаў наглядна. Заўважыў, што яны лічаць мяне за спрытнюгу, які ўчыніў нялёгкія подзьвігі.
— Ага, гэта той… праныра.
— Але ж апрануты!.. Граф!
— Дзе яго знайшлі?
Пазьней я даведаўся, што за арышт мяне прызначылі ўзнагароду ў сто тысяч марак. У залю прыходзілі іншыя агенты і зь цікаўнасьцю пазіралі на мяне. У іх галасах я адчуваў зачараваньне маёй «работаю». Арышт не настрашыў мяне. Я быў зусім спакойны. Мне нават падавалася, што так найлепей. «Нарэшце мая сытуацыя вырашылася». Мы чакалі прыходу афіцэра паліцыі, які быў заняты іншаю справаю. Толькі за чвэрць гадзіны агенты правялі мяне ў кабінэт. Я ўбачыў мужчыну гадоў пяцідзесяці, лысага і з сухім тварам. Ён кінуў на мяне зацікаўлены позірк.
— Здыміце яму кайданкі!
Калі агенты выканалі загад, афіцэр загадаў мне прысесьці. Двум агентам сказаў чакаць у наступным пакоі. Трэці стаў ля сьцяны.
— Грамадзянін Міхал Дубець? — зьвярнуўся да мяне афіцэр паліцыі.
— Так.
— Прашу пакласьці на стол усе грошы, каштоўнасьці, дакумэнты.
Я выняў усё, што меў у кішэнях. Тады афіцэр загадаў агенту праверыць мяне дакладна, але нічога больш пры мне не знайшоў. Адразу пералічылі грошы. Было больш за чатырыста тысяч марак.
— Дзе яшчэ ў вас грошы? — спытаў афіцэр.
— Больш няма. Гэта ўсё.
— Можа, дзе схаваныя?
— Я нідзе нічога не хаваў. Грошы былі заўсёды пры мне.
— Добра, — сказаў афіцэр. — Мы высьветлім і гэта.
Пасьля разгарнуў тэчку і выняў зь яе аркуш паперы. Прагледзеў яго і сказаў:
— У горадзе Ліда… — вымавіў дату, — вы прадалі чатыром купцам чэк на трыста фунтаў стэрлінгаў, выпісаны на імя Міхала Лявінскага. Вы атрымалі за чэк тры мільёны марак. Гэты чэк выявіўся фальшывым… Пра іншыя справы пагутарым пасьля. Цяпер гаворка пра гэты чэк. Вы прызнаяце, што яго прадалі?
Я запытальна пазіраў у вочы афіцэру.
— Ліда… Чэк? — сказаў, удаючы зьдзіўленьне. — Не разумею вас. Ніколі ў Лідзе ня быў, а пра чэкі ня маю ніякага паняцьця.
— Вы былі пераапрануты ў селяніна. Карысталіся фальшывым пасьведчаньнем асобы.
«Усё ведаюць!» — падумаў я. Але выразіў яшчэ большае зьдзіўленьне
— Не разумею, пра што такое вы гаворыце?
— Ня буду бавіцца з вамі ў кошкі-мышкі, — сказаў афіцэр. — Ня маю на гэта ані ахвоты, ані часу.
Ён загадаў паклікаць агентаў, якія чакалі ў наступным пакоі. Пасьля напісаў нешта па паперцы і даў аднаму зь іх.
— Прашу выканаць гэта неадкладна!
Я зразумеў, што рыхтуецца нейкая неспадзяванка. Пастанавіў, аднак, ні ў чым не прызнавацца, пакуль гэта ня страціць сэнсу. Тым часам афіцэр запісаў мае анкетныя дадзеныя. Пасьля пытаў, дзе я жыў на пра цягу апошніх трох тыдняў. Я зразумеў, што яны лічаць, што я хаваўся ў Вільні. Сказаў, што жыў там, дзе прапісаны.
— Гэта няпраўда, — сказаў афіцэр. — Вы там не жылі.
Я падумаў, што ў маім пакоі быў ператрус і, відавочна, там мяне чакалі. Тады я сказаў:
— Паехаў у Лодзь і там правёў амаль тры тыдні.
— Ажно ў Лодзі! — зьдзівіўся афіцэр. — Зь якою мэтаю?
— Хацеў паглядзець горад.
Я пераканаўся, што афіцэр не дапытвае мяне цяпер, а праводзіць са мною прыватную размову. Я зрабіў выснову з гэтага, што ён нечага чакае. Сапраўды, за дваццаць хвілін у кабінэт пагрукалі. Пасьля ўвайшоў агент і паведаміў, што загад выкананы.
— Прашу ўвесьці яго! — выдаў загад афіцэр.