У выніку захадаў Сьледчай службы былі затрыманыя: Генік, Сабада і яго брат. А разам зь Якубам арыштавалі яго гаспадыню, бо меркавалі, што і яна брала ўдзел у гэтай справе. Таму я не засьпеў нікога ў яго кватэры, калі зьявіўся тамака. Цырульніка ды гаспадыню Якуба вызвалілі назаўтра. Генік быў вызвалены праз два дні. Затое пачалі шукаць мяне. Цырульнік пасьведчыў, што бачыў мяне ўвечары. Расказаў дэталёва пра нашу размову. Яны зрабілі выснову з таго, што я здагадаўся пра затрыманьне Якуба і Сабады. Але цырульнік сказаў таксама, што я не збіраўся зьяжджаць зь Вільні. На мае пошукі ўзьнялі ня толькі паліцыю і «ціхароў», але і ўсіх сваіх інфарматараў у рэстаранах, гатэлях і прытонах. Якраз адзін зь іх — у цукерні «Зялёны Штрал» — паведаміў па тэлефоне, што я ў більярднай.
Мая размова з супольнікамі трывала да позьняе ночы. З таго, што ад іх даведаўся, ды з размовы зь сьледчым, я зрабіў выснову, што грошы, якія я пакінуў у бібліятэцы, яны не знайшлі. Прозьвішча Колькі таксама ніхто ня вымавіў. Таму быў у бясьпецы і мог выкарыстаць грошы, якія я даў яму на лячэньне. Пра Рэванскага і Алену таксама не ўспаміналі. Зрэшты, з Аленаю я размаўляў акурат тады, калі ў маім пакоі мяне чакалі агенты. Яна ня ведала пра гэта. Гэта мяне суцешыла, бо я заарыентаваўся, што ніхто з-за мяне ня будзе мець непрыемнасьцяў. Грошы ж, якія я схаваў у бібліятэцы, будуць хіба ляжаць там датуль, пакуль зусім ня страцяць вартасьці ў выніку дэвальвацыі. Я не спадзяваўся, што пакарыстаюся імі, бо лічыў, што правяду ў турме шмат гадоў. Але не зьбіраўся тлумачыць, дзе яны. Я не шкадаваў зусім пацярпелых, якія іх страцілі. Яны вярнулі сабе тыя, што адабралі ў Якуба і Сабады, ды чатырыста тысяч, якія былі пры мне. Я не шкадаваў сваім супольнікам горкіх слоў. Яны пачуваліся вінаватымі перада мной і прысаромленымі. Асабліва Якуб, які не павінен быў даваць мне на продаж скампрамэтаванага чэку. Акрамя гэтага, нельга было прадаваць яго недалёка ад мястэчка, дзе яго няўдала спрабавалі пусьціць у абарот.
— Колькі можам атрымаць за такую работу? — пытаўся я ў супольнікаў.
— Дакладна ня ведаю, — сказаў Якуб. — Я, відаць, найвышэй, бо я фальшаваў чэкі і дакумэнты.
— Але колькі магчыма?
— Альбо ад году да шасьці, альбо ад чатырох да васьмі.
— Чаму «альбо»?
— Калі няма небясьпекі вялікага распаўсюду фальшывак, даюць ад году да шасьці.
— А ці ёсьць у нашым выпадку?
— Думаю, што не… бо ж мы не фальшавалі ні нацыянальныя грошы, ані замежныя, але прадалі некалькі ўручную пераробленых чэкаў.
Я дзіўлюся зь Якуба, што ён ведае пра гэта, але кажу зласьліва:
— Таму атрымаеш шэсьць гадоў, а я год. Але табе варта даць і восем гадоў, бо ты дурны. Такую работу спаскудзілі! А пасьля прызналіся, як дзеці.
Назаўтра пачалася першая вочная стаўка. У Сьледчую службу прывялі толькі мяне. Паколькі я прызнаў сваю віну, вочныя стаўкі былі спрошчаныя. Мяне не паказвалі пацярпелым для апазнаньня зь іншымі асобамі, але толькі аднаго. Ва ўсіх выпадках пацярпелыя не маглі мяне пазнаць, затое я сам прыгадваў ім пэўныя факты і палягчаў апазнаньне. Камічнай была вочная стаўка зь перакупнікамі зь Ліды. Яны зусім не пазналі ўва мне селяніна, у якога набылі фальшывы чэк. Сьцьвярджалі нават, што купілі яго ў зусім іншага мужчыны. Магчыма, яны меркавалі, што агенты Сьледчай службы наўмысна іх дураць. Толькі перакупнік з Маладзечна пазнаў мяне адразу. Але ён зусім не засмучаўся купляю фальшывага чэку. Магчыма, зрэшты, ён ведаў, што верне большую частку сваіх грошай. А мне ён сказаў:
— Ну, у вас нахабства! Першы раз у жыцьці мяне абдурылі! Чэк быў добра падроблены. Але вы гулялі сваю ролю яшчэ лепей. Гэта якраз мяне і зблытала.
Я пажартаваў:
— Паспрабую яшчэ раз. Пачакайце некалькі год, пакуль не адпачну за дзяржаўны кошт.
— Не атрымаецца. Цяпер і сапраўдныя чэкі я буду спраўджваць.
У той дзень увечары выклікалі на допыт Сабаду. Калі ён вярнуўся праз гадзіну, ён сказаў, што даў дадатковае прызнаньне ў справе свайго брата, у якога забралі два мільёны марак. Мне падалося гэта крыху дзіўным. Пасьля Сабада пачаў размаўляць са мною пра тое, як я правёў час пасьля выезду зь Вільні. Асабліва яго цікавіла, як і дзе я выдаткоўваў грошы. Я адразу зразумеў, што сьледчы не паверыў мне, што я прамантачыў гэтулькі грошай. Ён меркаваў, відаць, што я іх недзе схаваў. Выклікаў таму Сабаду і, абяцаючы яму зьмякчэньне кары, загадаў распытаць мяне. Я вырашыў гэта выкарыстаць і пачаў расказваць супольнікам пра свае забавы зь дзяўчатамі, пра няўдалую гульню ў карты ў Варшаве і ў Лодзі, пра дарагія гулянкі. Але не называў ані прозьвішчаў, ані адрасоў. Адно што для ўзмацненьня праўдападобнасьці гэтых гісторый я шмат расказваў пра пражыцьцё ў гатэлі «Палёнія» і пра адпачынак у розных забаўляльных установах. Сказаў, што ў рэстарацыі «Тэатральная» плаціў за вячэру па пятнаццаць і больш тысяч марак.