Неўзабаве пасьля прыезду ў Лодзь я пазнаёміўся з Уладзіславам. Я самотна вячэраў у вялікай рэстарацыі гатэлю. Ён падышоў да майго століка, спытаў, ці можа да мяне падсесьці. Я падумаў, што ён прыежджы і нудзіцца адзін. Але неўзабаве зразумеў, што ведае Лодзь дасканала — ад сутарэньняў да гарышчаў. У гэтым напамінае мне Кольку, які ведае добра Вільню. Але іх характары зусім не падобныя. Колька амбітны, цьвёрды, сьмелы. Сваё жыцьцё гульца трактуе як прыкрую неабходнасьць і як змаганьне зь іншымі акуламі. Затое пакліканьне Уладзіслава — быць грамадзкім паразытам. Наогул ня мае амбіцый і ўсю сваю энэргію скіроўвае на тое, каб нічога не рабіць. Я прапанаваў яму разам павячэраць. Ён ахвотна прыняў запрашэньне і пачаў мяне бавіць размоваю. Але я адчуў, што старанна дасьледуе: з кім маю дачыненьне, што мяне цікавіць, чаго я хачу? Я таксама намагаўся яго расшыфраваць, але было гэта залішне, бо ён сам хутка сябе праявіў. Трохі раздражняў мяне яго выгляд: выпеставаныя мяккія далоні, хвалістыя валасы, прыгожы твар і вочы. Ён рабіў уражаньне кабеты, пераапранутай у мужчыну.
У той вечар Уладзіслаў пазнаёміў мяне зь Янкаю, вучаніцай балетнай школы. У дзяўчыны быў непрыгожы твар, але была добрая фігура, яна была дасьціпная, вясёлая. Калі яна размаўляла з Уладзіславам, я меў уражаньне, што размаўляюць дзьве сяброўкі. У пэўны момант ён зірнуў на гадзіньнік і схапіўся за галаву. Сказаў, што мае бегчы па важных справах. Адразу ж разьвітаўся і выйшаў. Я меркаваў, што ня мае ніякай важнай справы, але хоча пакінуць мяне сам-насам зь Янкаю. Таму я пачаў падступацца да дзяўчыны. Але яна рашуча спыніла мае памкненьні. Не загневалася, аднак, і неўзабаве мы размаўлялі сардэчна і прыязна. Дзяўчына ў дзяцінстве пазнала шмат злыбедаў. Цяпер яна была разумная, практычная і імкнулася стварыць сабе добрую будучыню.
З таго часу я часта сустракаўся з Уладзіславам. Ён займаўся пасярэдніцтвам у розных справах. Адшукваў заможных прыежджых і дапамагаў ім ва ўсім. Зь яго дапамогаю можна было купіць валюту, наркотыкі, пазнаёміцца з шыкоўнымі жанчынамі лёгкіх паводзінаў, выйсьці на прытоны з азартнымі гульнямі. Ад мяне ён ня меў прыбытку, бо я нічога не купляў і ніякай дапамогі не хацеў. Але ахвотна яго частаваў і бавіўся яго аповедамі. Толькі раз Уладзіслаў зьвярнуўся да мяне з просьбаю аб пазыцы. Але дадаў шчыра, што ён ня ведае, калі здолее аддаць грошы. Даў яму пяць тысяч і сказаў, што ён не павінен іх вяртаць.
Зь Янкай я сустракаўся і надалей. Аднаго вечара мы пайшлі ў кіно, а пасьля ў рэстарацыю на вячэру. Яна была вясёлаю і прыемнаю спадарожніцай. Я даведаўся, што яна зарабляе на жыцьцё працаю мадэлькі ў фэшэнэбэльнай краме і статысткаю ў тэатры. Адначасова навучаецца ў балетнай школе.
Адное ночы, на другі тыдзень побыту ў Лодзі, я доўга ня мог заснуць. Узьняўся з ложка і адчыніў акно. Раптам я пачуў дзіўныя гукі. Нехта граў на скрыпцы. Граў, відавочна, урок, бо ўвесь час вяртаўся да тых самых матываў. Але нават з таго я зрабіў выснову, што грае ён выдатна. Калі ранкам я ўзьняўся і падрыхтаваўся да выхаду, пазваніў пакаёўцы. Я спытаў, хто грае ўночы на скрыпках.
— Гэта, выбачайце, афіцыянт. Ён абслугоўвае гатэль. Прыносіць з рэстарацыі ежу для тых гасьцей, якія хочуць есьці ў пакоях. Гэта ён грае. Калі вы хочаце яго пабачыць, пазваніце тры разы.
Пасьля сыходу пакаёўкі я пазваніў па афіцыянта. Неўзабаве ў пакой увайшоў хударлявы мужчына сярэдняга веку. У яго быў бледны твар і цені пад вачыма. Яму было каля сарака гадоў.
— Чым магу служыць? — спытаў ён.
— Я б хацеў пасьнедаць.
— Што замаўляеце?
— Усё адно. Што-небудзь добрае.
Ён быў, відавочна, зьдзіўлены, але адразу выйшаў і хутка прынёс на падносе імбрык кавы, малака, булку, масла, сыр і два яйцы ўсьмятку. Паставіў усё на маім століку. Пасьля хацеў выйсьці. Я затрымаў яго.
— Хвіліначку. Гэта вы граеце ўночы на скрыпцы?
У вачах афіцыянта адбіўся непакой.
— Я, — сказаў ён. — Вам гэта перашкаджае?
— Перашкаджае? Не. Я слухаў з прыемнасьцю мінулай ночы. Але мяне зьдзівіла, хто мае ахвоту граць так позна.
— Удзень я ня маю часу. А ўночы граю з глушніком.
Мы пачалі размаўляць. Я даведаўся ад яго такую гісторыю. Зь дзяцінства ён меў схільнасьць да ігры на скрыпцы. Але акалічнасьці так дрэнна для яго складаліся, што ня мог узяцца за навучаньне. Толькі цяпер ён споўніў сваю мару. Чатыры гады тут працуе афіцыянтам. Мае пакойчык паверхам вышэй напрыканцы калідору, па дыяганалі над маім пакоем, і ўвесь вольны час прысьвячае ігры на скрыпцы. Зарабляе мала, ашчаджае кожную марку, каб аплаціць дарагія ўрокі ў прафэсара кансэрваторыі, да якога ходзіць тры разы на тыдзень. Бярэ паўгадзінныя ўрокі, і хутка зрабіў вялікі рух наперад.
— І што вы зьбіраецеся рабіць далей? — спытаў я яго.
— Авалодаць гэтым майстэрствам цалкам, але трэба шмат працаваць.
— Ці ня можаце вы знайсьці іншую работу? Напрыклад, граць у аркестры?
— Магу вельмі лёгка, але так нельга. Справа ў тым, што я павінен граць толькі практыкаваньні. Нельга пераходзіць на лёгкія рэчы.