— Гэта якраз і было б неразважна. Я люблю ехаць з камфортам. Выспацца. Дыхаць чыстым паветрам.
— Ці ты ведаеш, — сказаў дзядзька ўзбуджана, — колькі работнік мусіць працаваць, каб зарабіць гэтулькі, колькі ты плаціш за білет першай клясы з Баранавічаў да Берасьця?!
— Гэта мяне ня тычыцца, — сказаў я. — Хто шмат працуе, той мала мае.
— Мог бы тыя грошы зьбіраць, адкладаць.
— А навошта? Каб я пасьля здох, а грошы засталіся для якой-небудзь дрэні. Хачу сам іх спажываць.
Дзядзька быў абураны. Соп. Круціў галавою. У наступнай размове ўспамінаў, што мой бацька быў вінен яму дзесяць рублёў, якія некалі даўно пазычыў у яго. Наракаў на кароткую памяць і нядбальства майго бацькі. Тады я сказаў, што якраз бацька прасіў мяне, у адным зь лістоў, каб я аддаў яму доўг. Я дадаў, што гэта галоўная прычына маіх адвезін, бо я хацеў даўно гэтую справу рашыць, але не было магчымасьці. Дзядзька вельмі ўсьцешыўся.
— Та-ак? Выдатна! Гэта мне вельмі падабаецца. Кожны паважаны чалавек мусіць найперш сплачваць даўгі.
Пералічылі, што за тыя дзесяць рублёў трэба выплаціць дзядзьку пятнаццаць тысяч марак. Я наўмысна выцягнуў з бакавой кішэні пінжака тоўсты стос пяцітысячных банкнотаў і паволі выняў зь яго пятнаццаць тысяч. Дзядзька хацеў узяць грошы, але я прытрымаў яго.
— Хвіліначку. Пакажыце мне сваё пасьведчаньне асобы.
— Што?
— Звычайная рэч, — казаў я. — Гэта грашовая справа. Трэба быць асьцярожным. Цяпер людзі ненадзейныя. Ашуканцаў паўсюль шмат.
— Але ж…
— Што але ж? Адкуль я магу быць упэўнены, што вы сапраўды Ян Лубень?
— Ну, ведаю… Гэта ўжо… — дзядзька матляў пальцамі ў паветры, шукаючы адпаведныя выразы, каб акрэсьліць мой учынак.
— Нахабства! — падказаў я.
— Сапраўды.
— Не, дзядзьку, толькі асьцярожнасьць.
— Ты кажаш гэта сур’ёзна?
— Зусім сур’ёзна.
Дзядзька гучна адсунуў крэсла і выйшаў у наступны пакой. Ізноў вярнуўся і падаў мне пашпарт. Я агледзеў яго ўважліва. Праверыў рэгістрацыю.
— Фатаздымак мала падобны, — сказаў я, параўноўваючы здымак з выглядам дзядзькі. — Але нічога. Зарызыкую. Прашу напісаць расьпіску.
— Якую? Навошта?
— Ну, за атрыманыя грошы. Каб пасьля дзядзька не прыпомніў другі раз пра доўг.
— Ну, ведаеш…
— Ведаю, дзядзька, ведаю. Люблю езьдзіць першай клясай, але люблю таксама парадак у справах. Асьцярожнасьць ніколі не зашкодзіць. Бо дарагога дзядзьку, напрыклад, можа памяць падмануць, забудзе дзядзька, што яму зьвярнулі доўг. А так ёсьць сьведчаньне.
Пасьля атрыманьня расьпіскі даў дзядзьку грошы. Увечары разьвітаўся зь ім, каб падацца на станцыю. Калі апранаўся, дзядзька зьвярнуўся да мяне:
— Гэтулькі часу размаўлялі, а ня ведаю дасюль, чым ты займаешся?
Я па некалькі імгненьняў задумаўся, а пасьля сказаў:
— Гандлюю грашыма.
— Та-ак… Валютаю?
— Не… польскімі грашыма.
— Маркамі?
— Так, маркамі.
— Не разумею.
— Гэта маё вынаходніцтва. Але вам скажу.
Вочы дзядзькі заблішчэлі.
— Слухаю, слухаю.
— Папросту купляю панішчаныя, надарваныя, падзёртыя, склееныя банкноты і на гэтым зарабляю.
— Што ты кажаш! І ёсьць такія дурні?
— Есьць. Зрэшты, кожны рады пазбыцца, за дробнае ўзнагароджаньне, сапсаваных банкнотаў, якіх цяпер вельмі шмат, ды якія цяжка даваць, бо людзі ня хочуць іх браць. Асабліва ў клюбах, казыно… Ісьці зь імі ў банк ня кожны мае час і ахвоту.
— Та-ак… Колькі на гэтым зарабляеш?
— Па-рознаму… Ад ста да пяцісот тысяч штомесяц.
— Супакойся!
— Што, мала?
— Шма-ат! Шалёна шмат!
— Я так ня думаю… Люблю добра жыць і маю шмат выдаткаў.
Калі я разьвітваўся зь дзядзькам, ён пазіраў на мяне ня так, як раней — холадна, непрыязна і амаль варожа, але зь зьдзіўленьнем: «Мой пасьпяховы сваяк».
Дзядзька няправільна паінфармаваў мяне пра час адыходу цягніка да Верасьня. Калі я прыйшоў на станцыю, даведаўся, што цягнік даўно адышоў. А наступны будзе пад ранак. Адзін чыгуначнік, якому я апавёў пра свой клопат, параіў мне ехаць хуткім цягніком, які адыдзе за гадзіну, а прыбудзе ў Берасьце амаль адначасова з тым, што зьехаў раней. Але хуткі цягнік не затрымліваўся на станцыі Лінава, аднак зь нейкага поваду зьмяншаў хуткасьць, праходзячы пад мостам недалёка ад станцыі. Чыгуначнік працаваў недалёка ад таго месца і пагадзіўся паказаць мне яго. Мы рушылі па рэйках. За дзесяць хвілін мой праваднік затрымаўся.
— Пачакай тут, — сказаў. — Зараз падыдзе.
Неўзабаве пачуў здаля сьвіст лакаматыва. Пасьля вынырнулі зь цемры яго ліхтары. Набліжаючыся да нас, цягнік сапраўды зьменшыў хуткасьць. Нарэшце каля мяне прасунулася чорнае цела лякаматыву. Чыгуначнік крыкнуў нешта мне. Я не зразумеў, бо словы заглушыў ляскат колаў і сыканьне пары. Я чакаў апошняга вагону. Пачаў бегчы каля яго. Калі парэнчы параўняліся са мною, схапіўся іх і пабег яшчэ хутчэй. Пасьля падскочыў. Здолеў і другою рукою ўхапіцца за парэнчы. Ногі мае абаперліся аб сходы. У цягніку адшукаў кандуктара і вырашыў справу з квітком. Пасьля пайшоў да названага мне купэ першай клясы. Усярэдзіне ўбачыў мужчыну, які спаў на ніжняй канапе, накрыты пледам. У яго быў шырокі твар, высокі лысеючы лоб і сівыя валасы. Ён расплюшчыў вочы. Я сказаў:
— Выбачаюся, што перашкодзіў.