— Во-во. Гэта быў пасаг пані Стэфаніі. Яна дачка чыгуначніка. Прыгожая дзяўчына. І ён нішто сабе.
— Даўно яны пажаніліся?
— Два гады як. Вы іх ведаеце?
— Не. Чуў ад сябра, які разам зь ім служыў у войску.
— Ах, так. Прыстойныя людзі, і ён, і яна. Вельмі прыстойныя. Як ім бацька пані Стафаніі вясельле спраўляў, дык за сто гасьцей было. Ну, а цяпер жывуць, дабро нажываюць. У іх вялікі сад. Таксама пасаг. Бо яна адна ў сям’і.
Незадоўга да адыходу цягніка я купіў квіток першай клясы да Берасьця. Заўсёды езьдзіў трэцяй клясай, а цяпер першай. Чаму я мушу сябе шкадаваць? Раскідваю грошы, таму магу заплаціць за камфорт для сабе.
17
Я абудзіўся па кароткім сьне. Цягнік набліжаўся да станцыі Лінава[33]
. Учора, падчас доўгай размовы з чыгуначнікам, я даведаўся, што Лінава — станцыя, на якой выходзяць пасажыры, якія едуць у мястэчка Пружаны. Я выпытваў яго аб тым у зьвязку са словамі майго бацькі, які казаў, што яго брат Ян жыве ў Пружанах. Гэты ўспамін абудзіў у мяне ахвоту адведаць дзядзьку. Я ня быў упэўнены, ці жыве ён цяпер там і ці застану яго дома, але часу было шмат. Я хацеў пабачыць сваяка, якога ледзьве памятаваў, бо бачыў яго адзін раз, калі мне было некалькі гадоў.Я выйшаў зь цягніка ў Лінаве. На вакзале я чакаў да раніцы. Пасьля пачаў распытваць пра дзядзьку чыгуначнікаў, што знаходзіліся на станцыі. Усе яго ведалі. Паінфармавалі мяне, што ён жыве недалёка ў малым паселішчы. Я падаўся ў паказаным напрамку. Хутка знайшоў аднапавярховы драўляны дом і пагрукаў у акно. Калі мне адчынілі дзьверы і я ўвайшоў у хату, я ўбачыў сьсівелага мужчыну сярэдняга ўзросту, хударлявага, з маршчыністым тварам і надзвычай сьветлымі, быццам бляклымі вачыма. У яго былі кароткія вусы і калматыя бровы.
— Дзень добры! — прывітаў яго.
Дзядзька не адказаў на вітаньне і спытаў амаль агрэсіўна, недаверліва сьвідруючы мяне вачыма:
— Па якой справе?
— Па ніякай. Я проста прыехаў у госьці.
— Я-як?
— Так, як бачыце.
— Але хто вы такі?
— Я Міхал Лубень.
— І што з таго?
— Дуля з макам. Я адказаў на пытаньне. Няўжо вы не разумееце, што я сын вашага брата, Марка.
— Хм… хм… «Сын брата Марка». А дакумэнты ёсьць?
— Навошта гэта? Ці вы служыце ў паліцыі, ці маеце прыватнае рэгістрацыйнае бюро?
— А адкуль я магу быць пэўным, што тое, пра што кажаш, праўда?
Я выняў з партманэту асабістае пасьведчаньне і падаў яму. Дзядзька ўважліва агледзеў дакумэнт і нават засумняваўся ў падабенстве фатаздымку.
— Такім чынам, ты сьцьвярджаеш, быццам бы ты сын Марка Лубеня?
— Не «сьцьвярджаю» і не «быццам бы», але я Міхал, сын Марка Лубеня.
— Дапусьцім, што ты мой сваяк. Тады навошта сюды прыехаў?
— Адведаць дарагога дзядзьку.
— Хм… хм… «адведаць дарагога дзядзьку».
— Так, адведаць, спытаць пра здароўе і даведацца, калі адыходзіць першы цягнік на Берасьце.
— Ты збіраешся ехаць у Берасьце?
— Так. Хачу пасьпець хаця б на абед, бо яшчэ ня сьнедаў.
— Хм, ня сьнедаў… — мармытаў дзядзька. Пасьля пакорна махнуў рукою і сказаў: — Пасьнедаць можаш у мяне, бо цягнік адыходзіць толькі ўвечары.
Дзядзька загатаваў вады і запарыў гарбаты. Паставіў на стале талерку з тонка пакроенай чэрствай булкаю, трохі масла на сподачку і цукар у слоіку.
— Ну, і чаму не распранаешся? Здымай паліто! — зьвярнуўся да мяне.
— Я хачу пайсьці купіць гарэлкі й нечага на закуску. Бо гэта, — паказаў на стол, — на мой апэтыт заслаба.
Дзядзька засоп і некалькі разоў паўтарыў: «Заслаба! Бачыш, яму заслаба!»
— Ведаеце, дзядзька, што? — сказаў я, вымаючы з кішэні партманэт з грашыма. — Пашліце каго ці самі схадзіце і купіце на тысячу марак вяндліны альбо чаго іншага. А тут чатырыста марак на гарэлку.
— Гарэлка каштуе чатырыста пяцьдзясят за бутэльку, — сказаў дзядзька.
Я дадаў пяцьдзясят марак. Дзядзька ўзяў футра. На галаву ўсклаў каракулевую шапку і сказаў мне:
— Ну, хадзем!
— Я пачакаю ў хаце.
— Я хачу для пэўнасьці, каб ты пачакаў на падворку. Там ёсьць лавачка.
Мы выйшлі з хаты. Дзядзька старанна зачыніў дзьверы на ключ, а пасьля навесіў на прабой вялізную калодку. Навесіўшы, ён паторгаў за яе, ці моцная, матлянуў мне галавою і сышоў. Я сеў на лавачцы і закурыў цыгарэту.
Дзядзька Ян быў некалі вельмі заможным чалавекам. Я чуў гэта ад бацькі. У яго быў маёнтак на Украіне. Пасьля ён страціў яго. Потым з рэшткамі капіталу асеў у Пружанах. Займаўся крыху ліхвярствам, быў вельмі практычным і скупым. Бацька мой выказваўся пра яго адмоўна. Называў яго скнарам.
Неўзабаве дзядзька вярнуўся. Мы ўвайшлі ў хату і селі за стэл. Дзядзька ахвотна еў, а яшчэ больш ахвотна спаражняў чаркі з гарэлкаю. Але так, як і Павел у Баранавічах, страшна наракаў на галечу, на цяжкія часы, на дарагоўлю. Падчас нашай размовы я сказаў яму, што еду з Баранавіч і нават купіў квіток да Берасьця, але перарваў падарожжа, каб яго адведаць.
— Пакажы квіток! — сказаў дзядзька.
Я падаў яму квіток. Ён агледзеў яго недаверліва і спытаў:
— Адкуль ён у цябе?
— Як гэта, адкуль? Купіў у білетнай касе.
— Дык ты едзеш першай клясай?!
— Толькі першай, — сказаў я нядбайна.
— Цьфу, якая неразважлівасьць! — раззлаваўся дзядзька.
— Чаму?
— Можна ж выдатна даехаць і трэцяй клясай!