— Я хацеў нават жыць у яе. Гэта было б нашмат таньней, чым здымаць пакой у чужых людзей. А пакой у мяне такі, што нікога не магу запрасіць. Але, ведаеш, нельга жыць у яе, каб не псаваць яе рэпутацыі.
Я пазнаёміўся з нарачонай Паўла. Была гэта надзвычай мілая гараджаначка, бляндынка, з тварыкам лялькі, зь ямкамі на шчочках. Увесь час яна была зьбянтэжаная і ня брала ўдзелу ў размове. Але стварала сымпатычнае ўражаньне. Абед быў вельмі добры і шчодры. Я дзівіўся нават, што нарачоная Паўла ўмела так смачна ўсё прыгатаваць і ладна падаць. Калі я падпіў і трохі расчуліўся ўспамінамі сябра пра нашае дзяцінства, зьвярнуўся да яго:
— Памятаеш нашу размову пра тваю задуму жаніцца?
— Так.
— Колькі табе патрэбна грошай?
— На ўсё?
— Так… Толькі сьціпла.
Нарачоная Паўла, якую ён называў Стэфка, выйшла на кухню. Павел, хмурачы бровы, лічыў нешта ў думках. Нарэшце ён сказаў:
— Калі б меў сто тысяч марак, гэта хапіла б. Але што пра гэта казаць. Гэта для мяне капітал!
— Я дам табе гэтыя грошы, — сказаў я.
— Але зь якой рацыі?
— Каб табе дапамагчы. Бачу, што маеш нявесту, сапраўды вельмі мілую. Варта, каб зь ёю ўзяў шлюб. А грошы будуць як пазыка. Калі некалі пабагацееш — аддасі мне.
— Калі так, я вазьму ахвотна. Дзякую сардэчна!
Ён пачаў паціскаць мне далонь. У пакой увайшла Стэфка. Павел зьвярнуўся да яе:
— Падзякуй, любая, пану Міхалу. Ён збавіў нас ад клопату.
Яна зачырванелася і сказала:
— Шчыра дзякую.
Я даў сябру грошы. Абед зацягнуўся дапазна. Павел піў мала. Яго нявеста наогул не піла. Затое я спаражняў кілішак даволі часта. Заліваў алькаголем горыч, якую багата меў у душы. Але ў пэўны момант адбылася рэч, якая мяне папросту ўразіла. Я ледзьве мог стрымаць хваляваньне. Я заўважыў на шыі Паўлавай нявесты пукаты шрам, які ішоў наўскось. І прыгадаў, што ўчора, калі ў цемры песьціў дзеўку, да якой мяне прывёў Павел, намацаў пальцамі на яе шыі шрам. Ня ведаю, чаму мяне гэта зацікавіла. Мне карцела запытаць: адкуль у яе той шрам. Але я памятаў, што нельга размаўляць. Сёньняшняя заўвага прыгадала мне ўчарашнюю ноч. «Гэта яна… І ложак у глыбі пакою… Той самы пакой!».
У мяне не было сумненьняў, што ўчора ўвечары я быў тут. Але як Павел мог нешта падобнае зрабіць? Гэта жахліва! Намовіў прастытутку ці дзяўчыну лёгкіх паводзінаў, каб удавала яго нявесту, і гэткім чынам выцягнуў у мяне грошы на шлюб. Мяне не цікавілі грошы, якіх у мяне было шмат і якія я сам ахвотна даваў, калі меркаваў, што могуць нейкаму добраму чалавеку палегчыць жыцьцё. Але засмуціла мяне подласьць даўняга сябра.
Я пачаў уважліва прыглядацца да дзяўчыны. Яна заўважыла гэта і расчырванелася. Калі пазьней я выходзіў з хаты, я ўбачыў у сенях сталярскую пілу, што вісела на сьцяне, аб якую я ўчора падрапаў сабе далонь.
Разьвітваючыся, я сказаў дзяўчыне, асабліва акцэнтуючы словы:
— Вялікі вам дзякуй за прыемна праведзены тут час.
Амаль з жахам яна пазірала мне ў вочы. Можа, адчула, што я нешта падазраю. Але Павел гэтага не заўважыў.
Вечарэла. Ішоў з Паўлам вуліцамі, гэтаксама цёмнымі, як учора. Мне не карцела размаўляць. Я не прапанаваў яму, каб ён зайшоў да мяне.
— Ты не казаў мне, як доўга тут будзеш, — мовіў Павел перад адыходам.
— Бо сам ня ведаю.
— Шчасьлівы чалавек! Маеш уладу над сваім часам. А я прывязаны да працы, як конь да бегавой дарожкі.
Я адказаў яму:
— Я ведаю шмат людзей у Вільні, зарэгістраваных на Біржы працы, якія моляць «прывязаць» іх да якой-небудзь дарожкі. Але не для ўсіх ёсьць месца.
Мы разьвіталіся да заўтра. Павел сказаў, што прыйдзе да мяне толькі пасьля працы. Я пайшоў у гатэль і доўга сядзеў у цемры. Мне не хацелася запальваць сьвятло. А горад абрыд мне яшчэ больш. На яго падаў цень дрэннага і подлага ўчынку даўнейшага прыяцеля. Я заплаціў за пражываньне ў гатэлі і пешкі падаўся на вакзал. Цягнуўся па гразі вуліцамі, пасьля сьцежкаю каля шашы. Цяжка было выгнаць з думак Паўла і яго «нявесту».
На вакзале, часова арганізаваным у драўляных бараках, я даведаўся што цягнік да Берасьця адыходзіць толькі а першай ночы. Мне давялося чакаць некалькі гадзін. Пайшоў у буфэт і ўзяў вялікі куфаль піва. Пасьля сеў за столікам і сонна назіраў за людзьмі, што знаходзіліся ў залі. Каля майго століка сядзеў чыгуначнік, які піў гарбату і еў хлеб з маслам, загорнуты ў паперу. Пасьля ён пачаў праглядаць нейкія блянкі. У нейкі момант ён скруціў цыгарку і хацеў запаліць, але ня меў агню. Ён падышоў да мяне і папрасіў запалак:
— Забыўся дома. Хацеў купіць у буфэце, але няма.
Даў яму агню. Ён падзякаваў і спытаў, ці можа прысесьці да майго століка. Я ня меў нічога супраць гэтага. Неўзабаве мы пачалі размаўляць. Выявілася, што чыгуначнік паедзе тым самым цягніком, які чакаю і я. Падчас размовы я спытаў яго:
— Можа, ведаеце манцёра… — вымавіў прозьвішча Паўла.
— А як жа. Я ведаю тут усіх. А ў яго нават некалькі разоў быў.
— Ня ведаеце, колькі ён плаціць за кватэру?
— Нічога ён ня плаціць. Жыве ва ўласным доме. Нават сам здае дзьве кватэры і некалькі пакояў. Бярэ добрыя грошы. Бо ў нас, ведаеце, жытла не стае. Горад расьце, людзей прыбывае, а будуецца мала. Дом мае ў пасаг.
— Та-ак?