Афіцыянт быў узрушаны маім сардэчным зацікаўленьнем яго асобаю і лёсам. Ён спытаў, ці хачу я паслухаць яго ігру. Я ахвотна пагадзіўся. Увечары ён пагрукаў да мяне а восьмай гадзіне і правёў у свой пакой. Дзьверы ён засланіў тоўстай і цяжкаю парцьераю, а вокны — падвойнымі фіранкамі і аканіцамі. Так ён мог граць нават без глушніка. Ён баяўся, каб ігра не перашкаджала гасьцям гатэлю. Я сеў у крэсьле побач зь дзьвярыма. Афіцыянт стаў пасярод пакою пры пюпітры, над якім вісела матавая электрычная лямпа. Ён заграў мне некалькі вельмі цяжкіх практыкаваньняў, якія выканаў, як мне падалося, без аніякіх высілкаў. Скончыўшы, ён сказаў:
— Я граю гэта ўжо сто разоў. Добра, але трэба лепей. Лёгкіх «п'есак» я ня граю, але для вас выканаю рэч, больш прыемную для слуханьня: канцэрт. Бо мае практыкаваньні знудзяць вас. На жаль, акустыка тут благая.
Я не разьбіраюся ў музыцы, але мне падалося, што афіцыянт грае прыгожа. Я пазіраў на яго, як на чарадзея, што здабывае з малой, мёртвай скрынкі цудоўныя тоны і мэлёдыі. Падчас яго ігры я баяўся нават паварушыцца. А ён бадай забыўся пра маю прысутнасьць. Калі скончыў граць, я сказаў шчыра, што зачараваны яго майстэрствам. Ён сумна пасьміхнуўся.
— А мне падаецца, — сказаў ён, — што я толькі пачынаю… Мяне яшчэ шмат чакае працы… Але гэта маё шчасьце.
Я падзякаваў яму і пайшоў у горад. На вуліцы Пятркоўскай было ясна, як удзень. Шыльды і рэклямы асьвятлялі ўсё навокал. Яны былі нахабныя, дакучлівыя, замазвалі абрысы дамоў, перашкаджалі думкам.
Я збочыў на вуліцу Кілінскага і толькі тады ўсьвядоміў сабе, што іду да Янкі. Я засьпеў яе дома. Яна сядзела за сталом і рабіла эскіз.
— Што гэта? — спытаў я.
— Узор сукенкі.
— Для сябе?
— Не. Я навучаюся. Зараз пакажу табе больш.
Яна пачала вымаць з тэчак і раскладаць на стале каляровыя і чорныя эскізы сукенак, паліто, блюзаў.
— Я наведваю мастацкую школу. Гэта камэрцыйнае мастацтва. Можа, мне прыдасца.
— А балетная школа?
— Гэта нешта іншае. Я не марную час і пасьпяваю і там, і тут. У будучыні будзе яшчэ лепей. Зараз я пакажу табе фатакарткі з нашай балетнай школы.
Яна выняла з шуфляды ў століку вялікі альбом і паказала мне некалькі дзясяткаў здымкаў. Гэта былі пераважна групавыя фатаздымкі навучэнак балетнай школы. Я зь цяжкасьцю пазнаваў на іх Янку. Я запрасіў дзяўчыну на вячэру, але яна адмовіла. Сказала, што заўтра ў яе цяжкі дзень і яна хоча добра выспацца. Паколькі было ўжо позна, я не хацеў перашкаджаць, і разьвітаўся зь ёю.
Недалёка да майго гатэлю была, як паінфармаваў мяне Уладзіслаў, найлепшая ў горадзе рэстарацыя «Тэатральная». Я зайшоў туды і адразу зразумеў, што ня буду гут пачувацца добра. Але я не падаўся назад. Тое, што ўстанова дарагая, не бянтэжыла мяне, бо яшчэ ў мяне было шмат грошай. Заняў столік у кутку. Абслугоўваў мяне афіцыянт у фраку. Цяпер мне прыдаўся досьвед, набыты ў Вільні, дзе разам з Колькам я адведаў усе найлепшыя (і найдаражэйшыя) гастранамічныя ўстановы. Я арыентаваўся ў францускіх назвах страў і мог выбраць адпаведнае віно. Гасьцей у залі было мала. Можа, яшчэ зарана. Недалёка ад мяне за столікам сядзелі два мужчыны. Зь іх выгляду я зрабіў выснову, што яны багатыя. Адзін зь іх крыху падобны да Таўстуна зь Вільні. Шугаюць блакітныя полыскі дыямэнту на яго далоні. Абодва выглядаюць як капіталісты з бальшавіцкай карыкатуры: абавязкова брухатыя, з азызлым каркам і падбародзьдзем, з тоўстымі губамі. Я неахвотна зіркаю на іх і думаю пра афіцыянта, які ашчаджае маркі, каб вучыцца ігры на скрыпцы. У залю ўваходзяць дзьве прыгожыя, маладыя жанчыны. Іх суправаджаюць два мужчыны ў вечаровых строях. Таксама карыкатуры капіталістаў, але ў іншым стылі. Адзін сухі, высокі, пануры. Другі круглы як месяц у поўні. Побач з прыгожымі дзяўчатамі яны выглядалі як рапухі каля ружаў. Мае суседзі ажывіліся. Кідаюць на дзяўчат позіркі, якія патыхаюць пажадаю і пагардаю для чалавека. Чую ўрыўкі іх размовы:
— Бляндынку завуць Эльза… Так сабе, але ногі ў яе фэнамэнальныя.
— Мо ўставіць ёй «палку»?
— Трымайся Вандзі.
— Яна зга́дзілася мне ўжо.
— Кожная знудзіць. Усе маюць такія самыя прылады да каханьня.