Асобна варта адцеміць заслугу беларускага фэнікса ў нашай Нацыянальнай Рэвалюцыі 1918 г. (паводле выразу Антона Луцкевіча). Калі Беларусь рэзалі лініяй фронту, калі ейны лёс, як і лёс усёй Сярэдняй Эўропы, здаваўся вельмі няпэўным, найлепшыя сыны нашае Бацькаўшчыны гучна абвесьцілі сьвету пра незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі. Было гэта, як ведама, 25 сакавіка 1918 г. Вырашальную ролю ў прыняцьці Вялікага Сакавіковага Акту — Трэцяй Устаўной Граматы БНР — адыгралі віленскія дзеячы, якія 23 сакавіка далучыліся да працы Рады БНР. А маглі б і не далучыцца, бо падарожжа па віленска-менскім адцінку Лібава-Роменскай чыгункі ледзьве ня скончылася трагедыяй. Недалёка ад вёскі Турэц-Баяры банда маладэчанскіх разбойнікаў на чале з Антонам Шадрыным (мянушкі—Ангел, Белы, Сьняжок) рыхтавалі напад на цягнік. Атаман меркаваў, нібыта ў адным з вагонаў тайна перавозіцца каштоўны груз: золата і дыямэнты. Разбойнікі зазвычай нікога з пасажыраў жывым не пакідалі. Нездарма ж на сваім чорным сьцягу з выяваю белага чэрапа і костак атаман зьмясьціў покліч: «Без царя во главе». Віленчукоў чакала немінучая расправа. Аднак у бандыцкія пляны ўмяшаўся злы рок. Калі бандыты ўжо сядлалі коняў, над лесам, дзе яны таіліся, праляцеў незвычайна вялізны фэнікс. I хоць цемра агарнула хеўру на зусім кароткі адцінак часу, яна (гэтая цемра) падалася бясконцаю. Атаман Шадрын, які ўперад быў настаўнікам расейскае славеснасьці, адразу прыгадаў «Слова пра паход Ігараў» і сьпехам адмяніў выправу38
.Не зусім ясна, ці ведалі самі беларускія дзеячы, якая злая доля іх абмінула. Мабыць, што так. Ускосна пра гэта цьвердзіць агентурнае паведамленьне з Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926 г.). Агент ГПУ «Катя» перадаў у цэнтар наступнае: