Потым ён гаварыў з кожным вучнем, даваў яму чытаць ці рашыць вусна невялічкую задачку. Перш чым запісаць вучня ў свой журнал, хацелася хоць збольшага ведаць яго падрыхтоўку. Хлопцы бянтэжыліся, чыталі кепска, задачкі рашалі яшчэ горш...
Мінуў тыдзень, другі, і Кастусь як мае быць уцягнуўся ў работу школы. 3 вялікай радасцю і нават захапленнем аддаваўся працы. Ён толькі цяпер зразумеў, што без школы і дзяцей яму было б сумна і цяжка зімаваць тут, у глухім кутку Наднямоння. Сябры даўно раз’ехаліся, хто ў школу, хто падаўся на іншыя заработкі.
Што ён цяпер рабіў бы адзін, каб не школа? А так, братачка мой, і душы задаваленне і сякую-такую капейчыну прынясе ў хату. Зіма пройдзе ў клопатах пра школу, а там, глядзіш, следства пра з’езд закончыцца, і, можа, нікога ў суд не пацягнуць. 3 усіх толькі ўзята падпіска аб нявыездзе. Кастусь таксама падпісаўся, што нікуды не паедзе са Смалярні. А куды паедзеш, куды? Праўда, за кожным настаўнікам — удзельнікам з’езда ўстаноўлены яшчэ тайны нагляд. Пра гэта яму ніхто не казаў, але гэта было і так добра відаць: не праходзіла ніводнага тыдня, каб ураднік ці які стражнік не заглянуў у леснічоўку.
Настаўнік на гэтыя «візіты» не звяртаў асаблівай увагі. Усё крамольнае — нелегальная літаратура, лістоўкі, якія друкаваў на гектографе Бязмен у Карэлічах, пісьмы сяброў — было прыхавана надзейна ў лесе пад вываратнем.
Трывожыла іншае. Не так даўно Міцкевіч атрымаў пісьмо ад Белазерчыка. Цяперашні настаўнік Верхменскага народнага вучылішча прасіў, каб Кастусь адмовіўся ад байкоту свайго месца, а не, дык ён, Белазерчык, будзе скардзіцца самому мінскаму губернатару.
Заняты школьнымі справамі, Кастусь некалькі тыдняў не быў у Стоўбцах. Дарога пасля дажджоў раскісла так, што ні праехаць было, ні прайсці... А калі настаўнік нарэшце зайшоў на пошту, Цвілы неяк загадкава падміргнуў яму і сказаў:
— Пачытай, пане педагог! Вунь на апошняй старонцы.
Кастусь узяў газету «Голос провинции» ад 28 кастрычніка. Белазерчык пісаў у рэдакцыю, што яго прымушалі пакінуць месца, але ён не думае гэтага рабіць. Прозвішча Міцкевіча ўпаміналася толькі адзін раз. Тон даволі стрыманы. Але ў дырэкцыі народных вучылішчаў і, вядома, у губернскім праўленні ўзялі яшчэ раз на заметку Міцкевіча. Добра, што не сваёй рукой ён запаўняў тую адносіну Часовага бюро, адрасаваную Белазерчыку...
Асенні дзень кароткі, не аглянешся — ужо вечарэе. Увесь час, ад відна і да змяркання, Кастусь аддаваў вучням, а вечарамі пісаў. Пісаў многа. 3 Вільні прасілі прысылаць вершы, апавяданні, гумарэскі.
Кастуся радавала яго школа, бо за якія два месяцы яму многае ўдалося зрабіць. Цяпер у школе дзесяць платных вучняў. Гэта ў асноўным дзеці чыгуначнікаў, але некалькі чалавек ходзіць з Яблонаўкі і Задвор’я. Трое сваіх: сястра Алена, браты Юзік і Міхась. Усяго набралася трынаццаць — якраз як сесці на адной і другой лаве.
Ужо цяпер настаўніку было ясна: двух-трох хлопцаў можна смела рыхтаваць да экзаменаў за народнае вучылішча. Быў прыемна задаволены ён і сваімі «першакамі». Многія з іх усіх літар не ведалі, а цяпер чыталі, як рэпу грызлі. Асабліва Гэля Качановіч. Вось што значыць трымаць пад сваёй увагай кожнага вучня кожны дзень. Дый на дзяцей нельга крыўдаваць: той добры працавіты настрой, якім жыў настаўнік, перадаваўся ім.
Яшчэ лепш ішлі літаратурныя справы. Цяпер у Вільні выдавалася беларуская газета «Наша ніва». На яе старонках ахвотна друкавалі Якуба Коласа, Дзядзьку Каруся, Тамаша Булаву, К. Альбуцкага. 3 рэдакцыі чамусьці патрабавалі, каб Міцкевіч вершы падпісваў адным псеўданімам, прозу — другім, а артыкулы і допісы — трэцім. Толькі пазней даведаўся Кастусь, чым дыктавалася гэтая невялічкая рэдакцыйная хітрасць: няхай чытач думае, што ў газету пішуць не адзін, а некалькі аўтараў.
3 вялікай ахвотай, з нейкім унутраным гарэннем, як некалі ў Пінкавічах і Верхмені, праседжваў ён вечары, а часам і ночы. Пісалася лёгка, пісалася многа. Вершы свае ён даўно вынасіў, над імі не трэба было доўга сядзець, яны ліліся ракою з яго сэрца. Бывалі такія нумары газеты, дзе змяшчаліся па два, а то нават і па тры яго матэрыялы. Гэта бадзёрыла маладога паэта і надавала яшчэ больш жадання пісаць. Праўда, некаторыя найбольш смелыя і вострыя вершы траплялі не ў газету, а ў рэдакцыйны кош. Ды нічога! Гэта не бянтэжыла Кастуся, ён перапісваў іх у асобны сшытак. А можа, калі спатрэбяцца і гэтыя творы.
Дзядзька Антось часам увечары даставаў з-пад бэлькі газеты, садзіўся бліжэй да газоўкі і чытаў:
На камінку корч пылае;
Каля печы дзед сядзіць,
Бацька лапці папраўляе,
Маці ніткі села віць...
Дзядзьку абступалі дзеці, падсоўвалася з кудзеляю маці. Чыталі не толькі Кастусёвы вершы, але ўсё цікавае, што было ў газеце...
ЗНОЎ ПЯРЭБАРЫ
Панове з Нясвіжскай княжацкай ардынацыі і падпанкі, што аціраліся каля начальства ў Акінчыцкім лясніцтве, коса і падазрона паглядалі на Кастуся і яго школу ў Смалярні.